Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Пытанне: 

У грамадскую прыёмную Офіса па правах людзей з інваліднасцю звярнулася грамадзянка Л. з Гомеля. Двое членаў яе сям’і маюць інваліднасць з-за анкалагічных захворванняў: непаўнагадовае дзіця з 4-й ступенню страты здароўя і муж з 2-й групай інваліднасці. Жывуць яны ўтрох у адной кватэры. Л. цікавіцца, якія нормы квадратнай плошчы ўстаноўленыя на кожнага члена сям’і пры ўмове, што двое з трох членаў сям’і маюць інваліднасць; якія льготы існуюць для паляпшэння існых жыллёвых умоваў.

Адказ: 

У адпаведнасці з пунктам 1.1.2 артыкула 35 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 2012 г. № 428-3 (далей – ЖК), прызнаецца, што грамадзяне маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, калі яны забяспечаныя агульнай плошчай жылога памяшкання менш за пятнаццаць квадратных метраў (у Мінску – менш за дзесяць квадратных метраў) на аднаго чалавека.

Згодна з пунктам 1.1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2012 г. № 13 “Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў” (далей – Указ № 13), права на атрыманне льготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў прадастаўляецца малазабяспечаным грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, з ліку грамадзян, у складзе сем’яў якіх ёсць дзеці-інваліды, а таксама інваліды з дзяцінства I і II групы.

Для аднясення грамадзяніна да катэгорыі малазабяспечаных iм прадстаўляюцца звесткі аб сукупным даходзе i маёмасным становішчы сям’і ў орган, які прымае рашэнне аб прадастаўленні грамадзяніну адпаведнай дзяржаўнай падтрымкі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў.

Да малазабяспечаных грамадзянаў адносяцца грамадзяне, у якіх сярэднямесячны сукупны даход на кожнага члена сям’і не перавышае трохразовага сярэднямесячнага сярэднедушавога мінімальнага спажывецкага бюджэту сям’і з 4 чалавек, вылічанага за 12 месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу падачы дакументаў для ўключэння ў спісы на атрыманне льготнага крэдыту (з 1 лістапада 2013 года па 31 студзеня 2014 года гэтая сума складае 4.978.200 беларускіх рублёў) і якія маюць заяўленую маёмасць, агульны кошт якой не перавышае:

- для атрымання льготнага крэдыту – двухразовага гранiчнага памеру льготнага крэдыту для гэтай сям’і;

- для атрымання субсідыі – кошту жылога памяшкання зыходзячы з прыманай у разлік для вызначэння памеру аднаразовай субсідыі кошту 1 кв. метра агульнай плошчы жылога памяшкання і максімальнай нормы прадастаўлення агульнай плошчы жылога памяшкання сацыяльнага карыстання для гэтай сям’і.

У адпаведнасці з пунктам 1.5 Указа № 13, нарматывы агульнай плошчы жылога памяшкання, якое будуецца, для вызначэння велічыні льготнага крэдыту ўсталёўваюцца ў памеры 20 квадратных метраў на члена сям’і (пры будаўніцтве аднапакаёвай кватэры – 30 квадратных метраў).

Згодна з артыкулам 106 ЖК, грамадзянам, якія пакутуюць захворваннямі, якія даюць ім права на дадатковую плошчу, іншым грамадзянам у адпаведнасці з заканадаўствам звыш мінімальнай нормы прадастаўлення агульнай плошчы жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду прадастаўляецца дадатковая плошча жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду ў выглядзе жылога пакоя або ў памеры пятнаццаці квадратных метраў агульнай плошчы жылога памяшкання.

Пералік захворванняў, якія даюць асобам, якія пакутуюць імі, права на атрыманне дадатковай плошчы жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду, вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Для атрымання даведкі аб тым, што вам належыцца дадатковая плошча, звяртайцеся ў паліклініку па месцы жыхарства (калі належыцца дадатковая плошча, гэтую даведку неабходна прыкласці да дакументаў пры пастаноўцы на ўлік).

Грамадзяне, у складзе сем’яў якіх ёсць дзеці-інваліды, а таксама інваліды з дзяцінства 1 і 2-й групаў, маюць пазачарговае права на атрыманне льготных крэдытаў.

Грамадзянам, якія маюць права на пазачарговае атрыманне льготных крэдытаў, прадастаўляюцца па-за чаргой аднаразовыя субсідыі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў.

Акрамя таго, грамадзяне, у складзе сем’яў якіх ёсць дзеці-інваліды, а таксама інваліды з дзяцінства 1 і 2-й групаў, маюць права на сумеснае выкарыстанне льготнага крэдыту і аднаразовай субсідыі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў.

Для пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў звяртайцеся ў выканкам (адміністрацыю раёна) па месцы жыхарства.