Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Стартаваў новы праект Офіса па правах людзей з інваліднасцю «Маніторынг безбар’ернага асяроддзя»

23/08/2012

У ліпені 2012 Офіс па правах людзей з інваліднасцю пачаў рэалізацыю новага праекта «Маніторынг безбар’ернага асяроддзя». Праект cкіраваны на стварэнне інструмента маніторынгу безбар’ернага асяроддзя і яго пілотнае прымяненне. У рамках праекта кааліцыя «Даступнасць» і запрошаныя эксперты правядуць аналіз тых інструментаў маніторынгу безбар’ернага асяроддзя, якія цяпер выкарыстоўваюцца, падрыхтуюць «Дапаможнік для правядзення маніторынгу безбар’ернага асяроддзя», на прыкладзе выбраных аб’ектаў інфраструктуры правядуць пілотнае прымяненне інструмента маніторынгу, прэзентуюць вынікі праекта грамадскасці.
Тэрмін «безбар’ернае асяроддзе» вельмі часта фігуруе ў сродках масавай інфармацыі як важны фактар у жыцці людзей з інваліднасцю. Будаўніцтва і ўладкаванне аб’ектаў асяроддзя, даступнага для людзей з інваліднасцю, з’яўляецца задачай і абавязкам дзяржавы і ўпаўнаважаных ім органаў. Зацверджана «Дзяржаўная праграма па стварэнні безбар’ернага асяроддзя жыццядзейнасці фізічна аслабленых асобаў на 2011 - 2015 гады» і шматлікія нарматыўныя акты датычна будаўнічых нормаў і правілаў. Аднак гэтыя дакументы аб’ёмныя для вывучэння і складаныя для разумення не спецыялістам. Рэалізацыя мерапрыемстваў у рамках вышэйназванага праекта будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці захадаў дзеля стварэння безбар’ернага асяроддзя не толькі для людзей з інваліднасцю, але і для маладых бацькоў, раварыстаў, пажылых людзей з парушэннем апорна-рухальнага апарата і іншых катэгорыяў грамадзянаў.
Запрашаем зацікаўленыя арганізацыі да супрацоўніцтва ў рамках праекта «Маніторынг безбар’ернага асяроддзя». Больш падрабязную інфармацыю ў гэтым пытанні можна атрымаць у Офісе па правах людзей з інваліднасцю ў мэнэджара праекту Галіны Крот (тэлефон +375 17 2560829).

Даведка:
У 2011 годзе Офіс выступіў ініцыятарам стварэння сеткі арганізацыяў, прыхільных да ідэі даступнасці – кааліцыі «Даступнасць». Сябрамі кааліцыі з’яўляюцца: Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў, ГА «Інваліды-спінальнікі», ГА «БелТІ».