Сёмага лютага ў Мінску ў "Арт Сядзібе" прайшла штогадовая цырымонія ўзнагароджання выдатных прадстаўнікоў і грамадскіх арганізацый Беларусі "Чэмпіены грамадзянскай Супольнасьці 2011 года". У гэтым годзе ўручаліся прэміі ў намінацыях "Кампанія года", "Грамадскі лідэр года", "Рэгіянальная Падзея/Акцыя года", "Крэатыў года", "Рэгістрацыя года", "Адмова года", "Месца года", "Новая ініцыятыва".
За паспяховы юрыдычны старт "Офіс па правах людзей з інваліднасцю" атрымаў узнагароду ў намінацыі "Рэгістрацыя года". Гэтая ўзнагарода з’яўляецца паказнікам таго, што офіс па правах людзей з інваліднасцю ўвайшоў у сектар грамадскіх арганізацыяў і заняў сваю нішу за невялікі перыяд часу. З моманту свайго адкрыцця Офіс эфектыўна працуе ў сферы правоў людзей з інваліднасцю і прасоўвае тэмы даступнасці і Канвенцыі аб правах інвалідаў (ААН). Высокая адзнака Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый дала зразумець, што дзейнасць Офіса па правах людзей з інваліднасцю значная і паспяховая на сённяшні дзень для беларускага грамадства.
Абмяркоўваючы праблемы і бар’еры, з якімі сутыкнуліся праваабаронцы Беларусі ў 2011 годзе, удзельнікі цырымоніі ўзнагароджання прыйшлі да высновы, што дзейнасць была б значна больш эфектыўнай, калі б ім на сустрэчу ішла дзяржава.