27 студзеня Офіс па правах людзей з інваліднасцю прыняў удзел ва ўстаноўчым круглым стале "Партнёрства без абмежаванняў", які арганізавала прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду.
Асноўная мэта мерапрыемства - павышэнне патэнцыялу і выніковасці арганізацыяў, якія працуюць для людзей з інваліднасцю, праз прыцягненне зацікаўленых бакоў і развіццё партнёрства.
Мерапрыемства задумана як месца для сустрэчы выпускнікоў праграмаў МДФ для абмену досведам і дасягненнямі, для абмеркавання агульных праблемаў і інтарэсаў, для запрашэння да сумесных дзеянняў і планавання агульных праектаў.
Спікерам Офіса па правах людзей з інваліднасцю выступіў каардынатар Офіса Сяргей Драздоўскі. У сваім выступе спадар Драздоўскі падкрэсліў важнасць падобных ініцыятываў: "Надзвычай важна праводзіць падобныя мерапрыемствы, каб людзі, якія працуюць у сферы вырашэння праблемаў інваліднасці, мелі магчымасць сустрэцца, абмеркаваць надзённыя пытанні і падзяліцца досведам працы". С.Драздоўскі падкрэсліў, што нельга абмяжоўвацца толькі ідэямі кааліцыі ўнутры сектара інваліднасці, але важна шырока выкарыстоўваць адкрытыя магчымасці для кааліцыяў не толькі сярод арганізацыяў людзей з інваліднасцю. Напрыклад, адчыненая для ўступлення Нацыянальная платформа АГС Усходняга партнёрства.
Падчас круглага стала кожны змог выказаць свой пункт гледжання, распавесці аб досведзе партнёрства. Таксама былі прааналізаваныя патрэбнасці ў навучанні і рэсурсах. Напрыканцы круглага стала былі сфармуляваны агульныя мэты і намечаны план сумеснай дзейнасці ў будучыні.