У перыяд з 7 па 9 верасня 2011 года ў штаб-кватэры ААН прайшла Чацвёртая сесія Канферэнцыі дзяржаў-удзельніц Канвенцыі аб правах інвалідаў. Дзяржавы-ўдзельніцы Канвенцыі сустрэліся ў гэтым годзе, каб абмеркаваць выкананне Канвенцыі разам з іншымі урадамі, нацыянальнымі ўстановамі па правах чалавека, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, уключаючы арганізацыі людзей з інваліднасцю. Больш за 600 чалавек удзельнічалі ў гэтай сесіі, тэма якой была: "Зрабіць магчымым развіццё, рэалізацыю Канвенцыі аб правах інвалідаў праз удзел, занятасць і міжнароднае супрацоўніцтва".
Не гледзячы на тое, што Рэспубліка Беларусь не ратыфікавала Канвенцыю, пытанні правоў людзей з інваліднасцю з’яўляюцца важнымі і актуальнымі для нашага грамадства. Офіс па правах людзей з інваліднасцю ўважліва сачыў за правядзеннем Чацвёртай сесіі Канферэнцыі дзяржаў-удзельніц Канвенцыі аб правах інвалідаў і цяпер інфармуе грамадскасць аб яе выніках.
Канферэнцыю адкрыў Томас Штэльцэр, памочнік Генеральнага сакратара ў Дэпартаменце па эканамічных і сацыяльных пытаннях, ад імя Генеральнага сакратара. На адкрыцці намеснік Генеральнага сакратара Аша-Роўз Мігіра сказала: "Вы, і я, і мільёны іншых ведаюць, што, калі мы паважаем прыроджаную годнасць людзей з інваліднасцю, мы ўзбагачаем сваю чалавечую сям’ю". Гэта была агульная тэма, якая гучала на працягу ўсёй Канферэнцыі: прадастаўленне магчымасцяў і ўключэнне інвалідаў у грамадства і развіццё прыносіць карысць усяму чалавецтву.
Канферэнцыя ўключала ў сябе сегмент высокага ўзроўню і агульныя дэбаты, два круглых стала пад назвай "Рэалізацыя Канвенцыі аб правах інвалідаў праз міжнароднае супрацоўніцтва" і "Забеспячэнне эфектыўнага і поўнага ўдзелу ў палітычным і грамадскім жыцці", неафіцыйную сустрэчу, азагалоўленую "Рэалізацыя права на працу", а таксама інтэрактыўны дыялог аб выкананні Канвенцыі. Падчас правядзення сегмента высокага ўзроўню Канферэнцыі ў спіс выступоўцаў было ўнесена больш за 60 дзяржаў, у тым ліку 10 удзельнікаў міністэрскага ўзроўню.
На закрыцці Мартэн Грундыц, пасол Швецыі ў ААН і старшыня Канферэнцыі, падкрэсліў, што Канферэнцыя выразна дала зразумець, што ўсеагульная ратыфікацыя Канвенцыі і Факультатыўнага Пратакола знаходзіцца ў межах дасяжнасці і сапраўды з’яўляецца запатрабаваннем, улічваючы, што больш за мільярд чалавек у свеце жывуць з інваліднасцю. Не можа быць ніякага прагрэсу ў дасягненні інтэрнацыянальна ўзгодненых мэтаў развіцця без уключэння пункту гледжання інвалідаў ва ўсе намаганні па развіцці. Міжнароднае супрацоўніцтва можа і павінна быць каталітычнай сілай, каб зрабіць гэтыя намаганні інклюзіўнымі. Канферэнцыя таксама паказала, што ўдзел людзей з інваліднасцю ў рынку працы і ў грамадскім і палітычным жыцці з’яўляецца істотнай характарыстыкаай інклюзіўнага развіцця. Канвенцыя па-ранейшаму будзе мець вырашальнае значэнне ў імкненні забяспечыць развіццё, якое прадстаўляе магчымасці, і выкарыстанне правоў чалавека ўсімі.
Больш поўная інфармацыя аб Канферэнцыі, уключаючы асноўныя заўвагі і іншыя падрабязнасці, даступная на вэб-сайце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па адрасе: http://www.un.org/disabilities/default.asp? id = 1571. Таксама неўзабаве там будзе размешчаная афіцыйная справаздача аб Канферэнцыі.
Нагадваем, што Канвенцыя была прынята Генеральнай Асамблеяй ў 2006 годзе і ўступіла ў сілу ў 2008 г. У цяперашні час Канвенцыю ратыфікавалі 105 краін і падпісалі 153.
КАНТАКТНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ
Сакратарыят па Канвенцыі аб правах інвалідаў
Аддзел сацыяльнай палітыкі і развіцця
Дэпартамент па эканамічных і сацыяльных пытаннях Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ДЭСП)
2 UN Plaza, DC2-1306, New York, NY 10017, USA.
Вэбсайт: http://www.un.org/disabilities
E-mail: enable@un.org.
Facebook: http://www.facebook.com/pages/United-Nations-Enable/196545623691523
Twitter: http://twitter.com/UN_Enable