Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Асаблівая школа для асаблівых дзяцей

28/09/2011

Агульнапрызнаны факт, што будучыня - за інклюзіўнай адукацыяй. З кожным годам расце колькасць інтэграваных класаў і школ. І з’яўленне дзіцяці ў інваліднай калясцы ў аўдыторыі звычайнай сярэднеадукацыйай школы ўжо не выклікае здзіўлення або разгубленасці ў вучняў.

«Аднак гэта выклікае некаторыя асцярогі ў іх бацькоў», - распавядае дырэктар мінскай сярэдняй школы № 25 Марына Ільіна. Школа з’яўляецца паказальным прыкладам навучальнай установы, дзе дзеці з інваліднасцю навучаюцца разам са здаровымі дзецьмі. У школе каля 950 вучняў, 50 з якіх маюць розныя ступені страты здароўя. «Нашай школе 2 гады, - працягвае аповяд Марына Ільіна, - і дзеці з інваліднасцю прыйшлі да нас у першы ж год працы ў пачатковую школу. Вучні ўспрынялі гэта як норму, таму што з першага дня яны бачылі побач з сабой дзетак у інвалідных калясках. А вось з бацькамі былі некаторыя праблемы. Я сама асабіста пабывала на сходах ва ўсіх інтэграваных класах і правяла гутаркі з бацькамі, самай вялікайперасцярогай якіх з’яўлялася тое, што настаўнік не зможа даць здаровым дзецям досыць увагі, калі ў класе вучыцца дзіця-інвалід».

За 2 гады працы школа вырашыла практычна ўсе праблемы. Створана безбар’ернае асяроддзе, працуе ліфт, ёсць пандусы і спецыяльныя прыбіральні. Распрацаваны розныя карэкцыйныя праграмы, напрыклад для развіцця дробнай маторыкі. Дзеці з разумовымі адхіленнямі займаюцца па гэтых праграмах, вяртаючыся ў звычайныя класы на такія прадметы, як маляванне або музыка. Сіламі педагогаў і бацькоў адкрыта «Легатэка» - спецыяльны кабінет, дзе гульня і творчасць сумешчаныя з навучальным працэсам. Школа мае творчы ўхіл, таму ў ёй ёсць розныя гурткі, якія таксама спрыяюць развіццю дзіцяці: выяўленчае мастацтва, кераміка, батык. «Педагагічны склад школы разумее, якая дадатковая нагрузка ляжыць на іх, - працягвае свой аповяд Марына Ільіна. - Гэта вялікая адказнасць - працаваць з дзецьмі, у якіх ёсць праблемы са здароўем. Трэба мець цярпенне і разуменне і велізарнае жаданне рабіць сваю справу з любоўю. Ды ў нас іншых і няма. Іншыя сышлі амаль адразу». 

Аднак ёсць адна праблема, з якой 25 школа не можа справіцца ўласнымі сіламі. Гэта праблема асістэнтаў для дзяцей з інваліднасцю. «У іншых краінах з кожным дзіцем з інваліднасцю працуе асабісты асістэнт або памочнік. У нас жа такі работнік АДЗІН на ўсю школу. І то гэта дадаткова выдзеленая выканкамам штатная адзінка з мінімальнай зарплатай у 400 000 рублёў. Вырашэнне пытання з асабістымі асістэнтамі дало б велізарны штуршок да развіцця інклюзіўнага навучання. Бо ўсе мы разумеем, што асаблівым дзецям патрэбна асаблівая дапамога. І вось часцяком бацькам даводзіцца пакідаць працу і неадлучна знаходзіцца ў школе з дзіцем. У перыяд крызісу гэта вельмі адмоўна ўплывае на даход сям’і. Я ўпэўнена, - падкрэслівае Марына Ільіна, - што гэта задача дзяржавы - вырашыць дадзеную праблему і забяспечыць падобныя школы дадатковым персаналам».   

Дзе ж знайсці рэсурс для стварэння інстытута асабістых асістэнтаў для дзяцей з інваліднасцю? Гэтае пытанне лёгка вырашаецца, калі прыняць да ўвагі колькасць персаналу, які працуе ў закрытых спецыяльных установах адукацыі. Многія бацькі дзяцей-інвалідаў зрабілі б свой выбар на карысць інклюзіўнага навучання ў звычайных школах, калі б тыя былі забяспечаныя персанальнымі памочнікамі. І тады патрэба ў спец. установах адпала б сама сабой, калі гаворка не ідзе аб асабліва цяжкіх захворваннях. У любым выпадку дзяржава павінна прадастаўляць альтэрнатыўныя варыянты дзецям і бацькам, даючы ім паўнавартасную магчымасць зрабіць свой выбар, кіруючыся ўласным жаданнем, а не вымушаным адчаем.

Сканчаючы экскурсію па 25 школе, дырэктар падкрэсліла: "Вучыцца ў інтэграванай школе - гэта важна не толькі для дзяцей з інваліднасцю. Паверце, здаровыя дзеці атрымліваюць тут не менш карысці. Яны вучацца разумець і прымаць розныя аспекты жыцця, яны становяцца больш добрымі, памяркоўнымі і ў той жа час мацнейшымі. Нездарма кажуць, што кожнае грамадства моцнае настолькі, наколькі моцныя ўсе яго звёны. Дзеці - найважнейшая звяно ў нашым жыцці. І мы павінны дапамагаць ім, прымаючы пад увагу ўсе іх асаблівасці».