Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Да Незалежнага жыцця праз Даступнасць

01/03/2012

Забеспячэнне даступнасці і ліквідацыя ўсялякіх бар'ераў для людзей з інваліднасцю. Як вырашаюцца гэтыя пытанні ў Беларусі? Што карыснага мы можам пераняць з замежнага вопыту? Абмеркаванне гэтых і іншых пытанняў адбылося 28 лютага на прэс-канферэнцыі, якую правёў Офіс па правах людзей з інваліднасцю. Мерапрыемства прайшло ў рамках інфармацыйнай кампаніі «Даступнасць». Спікерамі прэс-канферэнцыі выступілі каардынатар Офіса Сяргей Драздоўскі і выканаўчы дырэктар «Еўрапейскай сеткі незалежнага жыцця» Джэмі Болінг.

На прэс-канферэнцыі былі агучаны праблемы дзеяздольнасці, мабільнасці, працаўладкавання - гэта малая частка, з чым прыходзіцца сутыкацца кожны дзень чалавеку «асабліваму». Нават з пытаннем страхавання ў людзей з інваліднасцю ўзнікаюць праблемы. А ёсць яшчэ заніжаная самаацэнка, жыццё са стэрэатыпамі, навязанымі грамадствам.

Каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі ў сваім выступе распавёў аб працы Офіса і аб інфармацыйнай кампаніі «Даступнасць»: «Офіс імкнецца выбудоўваць сваю работу так, каб дапамагчы чалавеку з інваліднасцю стаць паўнавартасным членам грамадства. Для гэтага праводзіцца маштабная інфармацыйная кампанія «Даступнасць», ідзе праца з валанцёрамі і прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, створана юрыдычная прыёмная і даступны сайт, наладжваюцца адносіны з прадстаўнікамі органаў улады. Асноўная задача Офіса - гэта садзейнічанне ў ліквідацыі ўсялякіх бар'ераў для людзей з інваліднасцю на шляху да незалежнага жыцця».

Выканаўчы дырэктар «Еўрапейскай сеткі незалежнага жыцця» Джэмі Болінг падзялілася з прысутнымі досведам развязання пытанняў даступнасці ў Швецыі. У прыватнасці, яна распавяла аб інстытуце персанальнага асістэнта: «Муніцыпалітэт і дзяржава даюць магчымасць чалавеку з інваліднасцю мець пры сабе памочніка, які дапамагае гэтаму чалавеку жыць нармальным жыццём - ад прыняцця душа і прыгатавання ежы да падарожжаў, наведвання тэатра, вучобы, працы... Гэта аплачваная дзяржавай і муніцыпалітэтам праца. Зараз у Швецыі робяць усё магчымае, каб такая праца мела высокі статус. Інстытут персанальнага асістэнта - найважнейшы крок да вырашэння праблемы ліквідацыі бар'ераў для чалавека з інваліднасцю», - падкрэсліла пані Болінг.

Калі ў размове з Джэмі паўстала пытанне пра жыццё людзей з інваліднасцю ў беларускай глыбінцы, то напэўна для многіх у зале, якія звыкліся лічыць Швецыю эталонам сацыяльных гарантый, было здзіўленнем, калі яна адказала: «Ва ўсіх краінах існуе велізарная розніца паміж гарадскім грамадствам і глыбокай правінцыяй. Нават у Швецыі. Але ў нас ёсць такое паняцце, як карпаратыўная адказнасць. Шматлікія кампаніі прымаюць на працу людзей з інваліднасцю. І лічаць гэта нават не дабрачыннасцю, а крокам да разумення і вырашэння праблемы ліквідацыі бар'ераў. Таксама многія грамадскія арганізацыі садзейнічаюць працаўладкаванню нашых інвалідаў».

«Нашы веды і досвед працы паказалі, што праблемы ў людзей з інваліднасцю аднолькавыя ва ўсіх краінах свету. Адрозненне толькі ў тым, як грамадства ўспрымае гэтыя праблемы, - уступіў у гутарку Сяргей Драздоўскі. - Не дарма слоган інфармацыйнай кампаніі «Даступнасць» - Кожнае грамадства моцнае настолькі, наколькі моцныя ўсе яго члены».

Нагадваем, што Офіс па правах людзей з інваліднасцю праводзіць інфармацыйную кампанію «Даступнасць». Галоўная задача кампаніі - садзейнічанне ліквідацыі ўсялякіх бар'ераў для людзей з інваліднасцю - ментальных, архітэктурных, эканамічных, прававых.