Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Гісторыя аднаго пандуса

06/09/2012

У сям’і вайскоўцаў Каспіровіч з горада Бяроза выхоўваецца дачка Карына, інвалід 4 ступені страты здароўя. У доме, дзе пражывае дзяўчына, не былі выкананы нормы безбар’ернага асяроддзя - адсутнічаў пандус або пад’ёмнік. У сувязі з гэтым у Карыны былі вялікія праблемы: яна не магла бываць на свежым паветры, мець зносіны з аднагодкамі і проста выязджаць за межы сваёй кватэры.

Кіраўніцтва вайсковай часткі, у якой служыць бацька дзяўчынкі-інваліда, звярнулася да мясцовых уладаў з пытаннем аб усталяванні пандуса для гэтай сям’і. На гэты зварот быў атрыманы ліст, у якім наўпроставай адмовы ад устаноўкі пандуса не было. Аднак было ўказана, што абсталяванне пандуса альбо пад’ёмніка з боку ўваходу ў пад’езд спалучана з вялікімі матэрыяльнымі выдаткамі і праблемамі. Таксама ў гэтым адказе ваеннаслужачым часткі было прапанавана прыняць долевы ўдзел ва ўсталёўцы пандуса ці пад’ёмніка. Сям’я звярнулася ў Офіс па правах людзей з інваліднасцю. Пасля праведзенай супрацоўнікамі Офіса працы сям’і было абяцана мясцовымі ўладамі, што неабходныя для абсталявання пандуса сродкі будуць прадугледжаны ў апошніх кварталах 2011 года пры ўдакладненні раённага бюджэту, а пры немагчымасці фінансавання ўсталявання пандуса ў 2011 годзе, сродкі будуць запланаваны ў 2012 годзе. У пачатку лета 2012 мясцовыя ўлады выдзелілі сродкі на будаўніцтва пандуса. На працягу 2-х месяцаў збудаванне было пабудавана. «Менавіта збудаванне, нязручнае, без павароту і закруглення. Цалкам не прыдатнае для перамяшчэння аслабленага чалавека», - каментуе сітуацыю Любоў Каспіровіч, мама Карыны.

 «Ніколі не падумала б, што атрымаць тое, што нам гарантавана нашымі правамі - гэта такая праблема, - працягвае Любоў Міхайлаўна. - Абсурдная сітуацыя, якая ніколі б не скончылася, калі б наша сям’я не падняла «на ногі» грамадскасць і прэсу. Толькі тады, пасля правядзення свята Дажынкі, на будаўніцтва пандуса было выдзелена каля 40 мільёнаў. Але пабудавалі яго так, як быццам ім будуць карыстацца трэніраваныя атлеты. Чалавек з інваліднасцю, больш за тое -саслабленая дзяўчынка, ніяк не зможа самастойна падняцца па гэтым пандусе. Але ўсё роўна, яго з’яўленне - гэта велізарны плюс. Цяпер я магу гуляць з Карынай - маёй сілы хапае на тое, каб спусціць або падняць каляску з дачкой. Раней нам патрэбная была дапамога, па меншай меры, двух мужчын».

Сітуацыю каментуе удзельнік кааліцыі «Даступнасць» Яўген Шаўко, старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў калясачнікаў: «Практычна 100% пандусаў, якія робяцца па просьбе (без праекта), робяцца так, што па іх нельга ехаць на калясцы. У пераважнай большасці выпадкаў пандусы, зробленыя па праекце, робяцца з парушэннямі. Парушэнні дапускаюць непасрэдна будаўнікі. Такія пандусы прыдатныя для абмежаванай колькасці калясачнікаў. Прынцып такі: вагон здароўя - значыць заедзеш на пандус, здароўя паменш - прасі мінакоў».

Сённяшняя мара сям’і Каспіровіч - інвалідная каляска з электрапрывадам. Дарагое задавальненне - падумае нехта. Жорсткая неабходнасць - лічаць бацькі Карыны. Бо жыццё маладой дзяўчыны толькі пачынаецца. І яно не павінна прайсці ў чатырох сценах, выхадам з якіх пакуль з’яўляецца нязручны пандус.