Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Адбудзецца сустрэча высокага ўзроўню Генеральнай Асамблеі ААН па пытаннях інваліднасці і развіцця

11/09/2012

23 верасня 2013 года адбудзецца сустрэча высокага ўзроўню Генеральнай Асамблеі ААН па пытаннях інваліднасці і развіцця пад назвай "Шлях наперад: парадак дня ў развіцці, які ўключае інваліднасць, да 2015 года і далей".

Філіпіны і Іспанія, фасілітатары сустрэчы высокага ўзроўню па пытаннях інваліднасці і развіцця 2013 года, склікаюць 2 папярэднія нефармальныя сустрэчы 10-га і 14-га верасня гэтага года. Гэтыя сустрэчы забяспечаць магчымасць для адкрытага абмену думкамі ўсіх удзельнікаў у дачыненні да сустрэчы і яе вынікаў, яны адкрыты для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, акрэдытаваных пры ААН.

У той час як Мэты развіцця тысячагоддзя (МРТ) уяўляюць сабой сумесны высілак, накіраваны на вырашэнне праблемы глабальнай беднасці, існуе дзіўны прабел у гэтых мэтах і ва ўключэнні ў іх людзей з інваліднасцю. Каля 1 мільярда чалавек ва ўсім свеце, якія жывуць з парушэннямі, па-ранейшаму пазбаўленыя раўнапраўнага доступу да такіх рэсурсаў як адукацыя, праца, ахова здароўя, сацыяльная і прававая сістэмы падтрымкі. У выніку сярод людзей з інваліднасцю непрапарцыйна высокія паказчыкі беднасці.

З прыняццем Канвенцыі аб правах інвалідаў у 2006 годзе быў дасягнуты некаторы прагрэс у паляпшэнні становішча людзей з інваліднасцю. Аднак, нягледзячы на ​​такія поспехі, інваліднасць застаецца ў значнай ступені нябачнай у большасці асноўных працэсаў развіцця, уключаючы МРТ. Неабходныя вялікія намаганні для таго, каб працэсы развіцця ўключалі інвалідаў, каб дапамагчы рэалізаваць галоўную мэту поўнага і роўнага ўдзелу людзей з інваліднасцю ў грамадстве.

У 2010 годзе Генеральная Асамблея ААН у сваёй рэзалюцыі 65/186 прапанавала склікаць сустрэчу высокага ўзроўню па праблемах інваліднасці і запытала дадатковую інфармацыю ў дачыненні да гэтага ў Генеральнага сакратара. Генеральны сакратар прадставіў сваю справаздачу (A/66/128) аб нарошчванні намаганняў па забеспячэнні даступнасці і ўключэння інвалідаў ва ўсе аспекты мераў па развіцці і даследаваў варыянты прыярытэтаў і магчымых вынікаў прапанаванай сустрэчы высокага ўзроўню.

Пасля, у 2011 годзе, Асамблея прыняла рэзалюцыю 66/124 і вырашыла склікаць аднадзённую сустрэчу высокага ўзроўню па пытаннях інваліднасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў у панядзелак, 23-га верасня 2013 г., перад пачаткам агульных дэбатаў Шэсцьдзесят восьмы сесіі Генеральнай Асамблеі. Праходзячы пад агульнай тэмай "Шлях наперад: парадак дня ў развіцці, які ўключае інваліднасць, да 2015 года і далей", сустрэча высокага ўзроўню будзе складацца з пленарнага пасяджэння і двух неафіцыйных інтэрактыўных круглых сталоў, якія будуць ісці адзін за адным. Удзельнічаць у кожным круглым стале будуць дзяржавы-члены, назіральнікі і прадстаўнікі ўстановаў сістэмы ААН, а таксама прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, арганізацый інвалідаў і прыватнага сектара.

Сустрэча высокага ўзроўню будзе мець вынікам кароткі, арыентаваны на дзеянне выніковы дакумент у падтрымку мэтаў Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў і рэалізацыі Мэтаў развіцця тысячагоддзя і іншых ўзгодненых на міжнародным узроўні мэтаў развіцця ў дачыненні да людзей з інваліднасцю. Да склікання сустрэчы высокага ўзроўню ў верасні 2013 г. старшыня Генеральнай Асамблеі складзе тэкст праекта выніковага дакумента, кансультуючыся з дзяржавамі-сябрамі і выкарыстоўваючы зыходную інфармацыю ад арганізацыяў інвалідаў, атрыманую ў ходзе неафіцыйных кансультацыяў.

Рэзалюцыя 66/124 заклікае старшыню Генеральнай Асамблеі скласці спіс прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў, якія маюць кансультатыўны статус у Эканамічнай і сацыяльнай радзе, якія будуць удзельнічаць у сустрэчы, а таксама спіс прадстаўнікоў іншых няўрадавых арганізацыяў, арганізацыяў інвалідаў, адпаведных арганізацыяў грамадзянскай супольнасці і прыватнага сектара, якія могуць удзельнічаць у сустрэчы высокага ўзроўню.