14 жніўня г. г. адбылося папярэдняе слуханне ў пазове Сяргея Мацкевіча да Бабруйскагаўнітарнага камунальнага даччынага дарожна-эксплуатацыйнага прадпрыемства. Адказчык пазову не прызнаў і папрасіў суд адмовіць у іскавых патрабаваннях. У якасці пярэчанняў да пазову юрысконсульт прадпрыемства адзначыў, што:
1) частка дарогі, якая разглядаецца ў справе, была бязвыплатна перададзеная з камунальнай уласнасці адказчыку (камунальнаму прадпрыемству), адпаведна, праекціроўкі ажыццяўляў Гаррамаўтадар (праўда, дарога была перададзена ў 2005 годзе);
2) існуе план ажыццяўлення работ, якія зацвярджаюцца на год наперад. Зыходзячы з гэтага – плануецца бюджэт. Работы для паніжэння бартавога каменя вядуцца з 2010 года па заявах грамадзянаў у адпаведнасці з Законам «Аб зваротах грамадзянаў»;
3) недастатковае фінансаванне прадпрыемства. Таму прывесці ў адпаведнасць з СТБ бардзюрны камень не ўяўляецца магчымым ні фінансава, ні тэхнічна.
Далей адказчык перайшоў да ацэнкі дзеянняў істца і заявіў, што пазоўнік проста павінен быў звярнуцца да старонняй дапамогі. І тое, што пазоўнік гэта не зрабіў – ёсць грубая неасцярожнасць. Таксама пазоўнік наўмысна парушыў ПДР, пераходзячы дарогу па-за зонай пешаходнага пераходу, г.зн. не выконваў элементарныя правілы бяспекі.
У сваю чаргу Сяргей Мацкевіч заявіў, што было парушана яго права на безбар’ернае навакольнае асяроддзе. І менавіта бяздзейнасць адказчыка (не прынятыя меры дзеля прывядзення ў адпаведнасці са стандартам) прывяло да таго, што адбылося.
16 жніўні адбылося выязное пасяджэнне суда. Суддзя на месцы асабіста вымярала вышыню бардзюра і аглядала мясцовасць.
Працяг суда прызначана на 23 жніўня з. г.
Офіс па правах людзей з інваліднасцю будзе інфармаваць грамадскасць аб далейшым развіцці падзей.