Офіс па правах людзей з інваліднасцю запрашае на дыскусійную пляцоўку «Бізнэс-магчымасці для людзей з інваліднасцю ў Гродне». Мерапрыемства адбудзецца 29 лютага ў Гродне (урочышча Пышкі (лесапарк "Пышкі"), Кронан Парк Гатэль). Пачатак а 12.00, пачатак рэгістрацыі - 11.30.
На дыскусійнай пляцоўцы будуць падведзены вынікі праекта «Малы бізнес - вялікія магчымасці», удзельнікі праекта прэзентуюць свае бізнэс-ідэі. Таксама гасцей сустрэчы чакаюць выступленні экспертаў з сферы бізнесу, дзяржаўных установаў і грамадскіх арганізацыяў па працы з людзьмі з інваліднасцю.
Аб праекце «Малы бізнес - вялікія магчымасці» распавядае каардынатар праекта Галіна Крот: «Праект «Малы бізнес - вялікія магчымасці» праводзіцца ў рамках інфармацыйнай кампаніі«Даступнасць». Адысці ад бар’ераў і стэрэатыпаў у сферы працаўладкавання людзей з інваліднасцю - вось задача праекта. Сацыяльная палітыка беларускай дзяржавы ў адносінах да інвалідаў скіраваная на інтэграцыю інвалідаў у грамадства праз рэабілітацыйны працэс, забеспячэнне занятасці, рэалізацыю права на працу. Аднак некаторым групам насельніцтва рэалізаваць права на працу значна цяжэй, чым астатнім грамадзянам. Да такой групы адносяцца людзі з інваліднасцю. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» кажа аб тым, што ў мэтах рэалізацыі творчых і вытворчых здольнасцяў інвалідаў і з улікам індывідуальных праграмаў рэабілітацыі інвалідаў ім забяспечваецца права працаваць у наймальнікаў са звычайнымі ўмовамі працы, у спецыялізаваных арганізацыях, цэхах і на участках, якія прымяняюць працу інвалідаў, а таксама займацца прадпрымальніцкай і іншай дзейнасцю, не забароненай заканадаўствам. Аднак наймальнікі нават пры наяўнасці ільгот і прэферэнцый не спяшаюцца прымаць на працу людзей з інваліднасцю як з-за псіхалагічнага дыскамфорту (няёмка з інваліда патрабаваць), а таксама з прычыны высокіх патрабаванняў індывідуальнай праграмы рэабілітацыі (часта інваліду неабходна спецыялізаванае працоўнае месца або прадастаўленне дадатковых ільгот і прэферэнцый). Праект «Малы бізнес - вялікія магчымасці» даў магчымасць актыўным людзям, якія хочуць адкрыць сваю справу, атрымаць навыкі і парады ў гэтым пытанні, паспрабаваць свае сілы ў складанні бізнес-плана».
Нагадваем, што праект для людзей з інваліднасцю «Малы бізнес - вялікія магчымасці» стартаваў у канцы студзеня ў Гродна і Гродзенскай вобласці. Праект скіраваны на развіццё ідэй па стварэнні ўласнага малога бізнесу для працаўладкавання і рэалізацыі права на працу сярод людзей з інваліднасцю ў рэгіёне. У рамках праекта ўдзельнікі атрымалі практычныя інструменты, неабходныя для паспяховага старту ў бізнесе.
Атрымаць дадатковую інфармацыю аб праекце, а таксама акрэдытавацца на на дыскусійную пляцоўку «Бізнэс-магчымасці для людзей з інваліднасцю ў Гродна» можна праз тэлефон +375 29699 50 87 (Галіна Крот).
Для прэсы тэлефон для акрэдытацыі +375 25 909 06 02 (спецыяліст па камунікацыях Офіса па правах людзей з інваліднасцю Таісія Пастухова). E-mail: pr@disright.org