8 і 9 верасня на базе Гомельскага абласнога грамадскага аб’яднання «Інваліды-спінальнікі» прайшлі Рэспубліканскі семінар «Рэабілітацыя людзей з траўмамі пазваночніка» і абласны семінар «Вяртанне да самастойнасці» (практычны аспект семінара - падрыхтоўка 20 інвалідаў-калясачнікаў для працы інструктарамі па сацыяльнай рэабілітацыі) .
Абодва мерапрыемствы сабралі кіраўнікоў і актывістаў грамадскіх арганізацый інвалідаў-калясачнікаў з многіх рэгіёнаў Беларусі. Галоўнымі спікерамі выступілі Старшыня цэнтральнага праўлення ГА «БелТІ» Уладзімір Патапенка, Старшыня Гомельскага абласнога грамадскага аб’яднання «Інваліды-спінальнікі» Генадзь Залатароў і каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.
Асноўнымі пытаннямі, якія абмяркоўваліся на сустрэчы, былі пытанні даступнасці і рэабілітацыі інвалідаў-калясачнікаў, вяртанне іх да актыўнага сацыяльнага жыцця. У ходзе дыскусіі ўдзельнікі адобрылі і падтрымалі вылучаную Офісам па правах людзей з інваліднасцю прапанову - стварэнне кааліцыі арганізацый, якія прасоўваюць прынцыпы даступнасці.
Каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі каментуе сітуацыю: «Праца па развіцці даступнасці з’яўляецца найважнейшым прыярытэтам для Офіса па правах людзей з інваліднасцю. У прыватнасці, стварэнне безбар’ернага асяроддзя - гэта неад’емны складнік даступнасці. Для вырашэння гэтых пытанняў мы бачым пэўны патэнцыял сярод грамадскіх арганізацый. Але для правядзення зладжанай працы ёсць важная і неабходная ўмова - стварэнне кааліцыі арганізацый і ўпарадкаванне агульных дзеянняў».