Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Што такое бар'еры для паўнавартаснага ўдзелу людзей з інваліднасцю ў жыцці грамадства?

10/03/2012

Выходзячы з дому па сваіх справах - азірніцеся: ці шмат вакол вас людзей з інваліднасцю на вуліцы, на працы, у басейне, тэатры, кафэ? Напэўна - не. Але ж кожны 20-ы беларус - інвалід, і яшчэ, мабыць, столькі ж пражываюць у стане інваліднасці. Дзе яны ўсе? Чаму іх няма ў нашым жыцці? Толькі таму, што іх стан здароўя адрозніваецца ад «нормы»?! Няма. Справа ў бар'ерах, якія перашкаджаюць ім апынуцца сярод нас.

З перашкодамі і бар'ерамі ў дасягненні сваіх мэтаў і іх рэалізацыі сутыкаецца ў жыцці кожны з нас штодня, штогадзіны. З нейкімі з іх мы спраўляемся самі, пераадольваючы іх, прыкладваючы свае сілы і здольнасці. Але што, калі сілы і здольнасці абмежаваныя парушэннямі і станам здароўя? Мы пераадольваем цяжкасці, звяртаючыся да дапамогі сям'і, сяброў, навакольных людзей. А калі кола зносін абмежаванае асаблівасцямі? Мы часам нават не заўважаем, што тыя перашкоды, якія пераадольваем мы, для кагосьці побач - непераадольныя.

Якія ж бар'еры робяць людзей з інваліднасцю і іх праблемы "нябачнымі" для жыцця грамадства? Што абмяжоўвае інвалідаў ад паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці?

■ Абыякавае ці негатыўнае стаўленне. Перадузятасці, забабоны, стэрэатыпы мыслення ў дачыненні да людзей з інваліднасцю спрыяюць з'яўленню бар'ераў на шляху да адукацыі, занятасці, удзелу ў грамадскім і культурным жыцці, сацыяльнай уцягнутасці.

■ Дыскрымінацыя. Наўпроставае выкарыстанне негатыўных стэрэатыпаў як у свядомасці кожнага чалавека, так і ў масавай свядомасці, прыводзіць да фармавання ўстойлівага бар'ера для ўключэння ў грамадства катэгорыі людзей з інваліднасцю - дыскрымінацыі. У звычайным сэнсе дыскрымінацыя азначае адрозненне. Дыскрымінацыя характарызуецца зневажальным стаўленнем да чалавека з прычыны інваліднасці, абмежаваннем у правах, прымусам, і, часам, гвалтам.

■ Адсутнасць даступнасці. Многія будынкі (у тым ліку месцы грамадскага карыстання), аб'екты, вуліцы і дарогі, транспартныя сістэмы, інфармацыйныя сістэмы, не з'яўляюцца даступнымі для ўсіх. Адсутнасць доступу да фізічнага асяроддзя з'яўляецца для людзей з інваліднасцю распаўсюджанай прычынай адмовы ад пошукаў працы або фактарам, які абмяжоўвае даступнасць агульнай адукацыі, аховы здароўя. Адсутнасць даступнасці можа служыць прычынай сацыяльнага выключэння (маргіналізацыі) людзей з інваліднасцю.

■ Неадэкватныя інфармацыя і камунікацыя. Поўнае ўключэнне ў жыццё сучаснага грамадства непарыўна звязана з магчымасцю атрымліваць і выкарыстоўваць інфармацыю. Для людзей з інваліднасцю вельмі мала інфармацыі ў даступных фарматах, яе недастаткова для поўнага ўключэння ў жыццё. Многія патрэбы людзей з інваліднасцю ў галіне камунікацыі не задавальняюцца.

■ Адсутнасць кансультавання і ўключанасці ў грамадскае жыццё. Большасць людзей з інваліднасцю не прымаюць удзелу ў працэсах прыняцця рашэнняў па пытаннях, якія непасрэдна ўплываюць на іх жыццё. Гэтае абмежаванне характэрна для сістэмаў сацыяльнага абслугоўвання і забеспячэння, службаў рэабілітацыі.

■ Адсутнасць звестак і досведу. Недахоп дакладных і супастаўных звестак аб інваліднасці, актуальных даследаванняў, а таксама досведу ажыццяўлення эфектыўных праграмаў можа перашкаджаць разуменню праблемаў і практычных дзеянняў.

■ Неадэкватныя меры палітыкі і стандарты. Пры распрацоўцы палітыкі не заўсёды ўлічваюцца патрэбы людзей з інваліднасцю, ці не прымяняюцца (не рэалізуюцца) на практыцы існуючыя меры палітыкі і стандарты. Выкарыстанне мадэляў «асобнага» пражывання людзей з інваліднасцю наўпрост супярэчыць мэтам паўнавартаснага ўключэння ў жыццё грамадства.

Офіс па правах людзей з інваліднасцю праводзіць інфармацыйную кампанію па стварэнні даступнага асяроддзя і пераадоленні бар'ераў для паўнацэннага ўдзелу людзей з інваліднасцю ў паўнавартасным жыцці грамадства. Асноўны слоган кампаніі: «Кожнае грамадства моцнае настолькі, наколькі моцныя ўсе яго члены».