Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Міжнародная канферэнцыя “Актуальныя пытанні рэалізацыі ў праве прынцыпу забеспячэння роўнасці. Еўрапейскі досвед: ад тэорыі да практыкі”18 красавіка ў Мінску прайшла Міжнародная канферэнцыя “Актуальныя пытанні рэалізацыі ў праве прынцыпу забеспячэння роўн

25/04/2013

18 красавіка ў Мінску прайшла Міжнародная канферэнцыя “Актуальныя пытанні рэалізацыі ў праве прынцыпу забеспячэння роўнасці. Еўрапейскі досвед: ад тэорыі да практыкі”. Арганізатар мерапрыемства – асветніцкая праваабарончая ўстанова “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” ў супрацоўніцтве з Фондам Розы Люксембург. На канферэнцыі сабраліся прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацыяў, міжнародныя эксперты і спецыялісты ў галіне антыдыскрымінацыі, грамадскія дзеячы, журналісты.

Важнасць і актуальнасць падзеі падкрэсліў у сваім прывітальным слове каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі: “Задумваючыся над правядзеннем гэтай Канферэнцыі мы зыходзілі з шматкроць даказанага факту: дыскрымінацыя – адно з найбольш грубых і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека ў сучаснай Еўропе. Мы сутыкаемся з фактамі ў даследаваннях і бачым выказванні ў прэсе, што тая ці іншая з’ява – дыскрымінацыйная, той ці іншы чалавек стаў ахвярай дыскрымінацыі. І мы цалкам справядліва чакаем абароны ад пагрозаў з боку дыскрымінацыі, бо роўнае абыходжанне для ўсіх – не проста пытанне здаровага сэнсу або звычайнай ветлівасці – гэта права кожнага. Галоўнай прычынай, чаму арганізатарам Канферэнцыі выступіў менавіта Офіс па правах людзей з інваліднасцю, з’яўляецца тое, што Беларусь у чарговы раз праявіла заканадаўчую ініцыятыву аб далучэнні да Канвенцыі аб правах інвалідаў. У гэтым дакуменце выразна прапісана паняцце дыскрымінацыі і абарона ад яе. Прыняцце гэтай Канвенцыі для беларускага заканадаўства стане пэўным этапам. Спатрэбіцца забеспячэнне як прававых механізмаў, так і тых, якія забяспечаць рэалізацыю іх у грамадстве. Пры гэтым мы мяркуем, што нельга вырашыць праблему з дыскрымінацыяй па прыкмеце інваліднасці, не вырашаючы праблему дыскрымінацыі ў цэлым”.

Гаворачы аб галоўнай тэме канферэнцыі, С. Драздоўскі падкрэсліў важнасць вырашэння праблемы на дзяржаўным узроўні: “Для беларускага права абарона ад дыскрымінацыі – гэта ў прынцыпе нонсэнс, таму што акрамя агульнай дэкларацыі ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб роўнасці і недыскрымінацыі, некаторых галіновых і спецыяльных законах, нарматыўныя прававыя акты не раскрываюць дэфініцыі, што такое дыскрымінацыя, не вызначаюць механізмаў папярэджання, абароны і рэабілітацыі ахвяраў. У той жа час права і правапрымяненне многіх еўрапейскіх краін і Еўропы ў цэлым значна прасунулася ў пытаннях забеспячэння роўнасці і абароны ад дыскрымінацыі. Выстройваюцца выразныя прававыя сувязі, якія забяспечваюць дзяржаўную палітыку такім чынам, каб кожны грамадзянін у любы момант мог разлічваць на тое, што ў адносінах да яго не будзе прымяняцца дыскрымінацыя. А таксама ў выпадку дыскрымінацыі грамадзянін зможа разлічваць на паўнавартасную прававую абарону”.

На думку Ціны Фарным, кіраўніка філіяла Фонду Розы Люксембург у Расіі, грамадства ў нашых краінах пакуль спазняецца ў вырашэнні пытанняў забеспячэння роўнасці, абароны ад дыскрымінацыі. Патрабуюцца рашучыя і практычныя дзеянні для рэалізацыі прынцыпаў роўнасці.

Важнасць гэтай тэмы на канферэнцыі падкрэсліў др. Ілья Зайферт, сябра Нямецкага Бундэстагу, Старшыня АБіД (Усеагульны саюз інвалідаў Германіі). У сваім звароце да ўдзельнікаў др. Ілья Зайферт асабліва адзначыў распаўсюджанасць і ўсёпранікальнасць дыскрымінацыі. Дыскрымінацыя, пачынаючыся з забабонаў, часам знаходзіць замацаванне ў заканадаўстве, чым значна пагаршае становішча цэлых катэгорыяў грамадзянаў. Менавіта таму важна разумець роўнасць паводле вынікаў, зыходзячы з каштоўнасці чалавечай разнастайнасці, павагі і прыняцця ўсіх асаблівасцяў кожнага чалавека. У гэтым – сіла грамадства.

У першай частцы канферэнцыі перад удзельнікамі выступілі міжнародныя эксперты ў галіне антыдыскрымінацыйнай палітыкі. Вольга Вербіловіч (Расія), магістр сацыялогіі, прадставіла аналіз прычын з’яўлення і распаўсюджвання дыскрымінацыі, яе месца ў сацыяльных адносінах грамадства і метадах зніжэння яе негатыўнага ўздзеяння. Эксперт пераканаўча і наглядна прадставіла абгрунтаванне агульнай распаўсюджанасці дыскрымінацыі і няроўнасці, як сацыяльнай з’явы. Пры гэтым даклад паказаў, што ў арсенале сацыялогіі ёсць дастаткова сродкаў для распазнання дыскрымінацыйных з’яваў і фармавання адэкватных мераў папярэджання і рэагавання. Так, вылучэнне групаў індывідаў у сацыяльныя групы характарызуецца праявамі стыгматызацыі, прыводзячы да выключэння з жыцця грамадства як асобных людзей, так і цэлых групаў. Пры гэтым пераадоленне выключанага стану, як правіла, практычна немагчымае толькі высілкамі саміх уразлівых групаў.

Праблемы роўнасці і недыскрымінацыі ў міжнародным праве і практыцы абароны свабоды ад дыскрымінацыі раскрыў Сяргей Дзікман (Францыя), дарадца па праграмах Рады Еўропы. У Еўропе права адносна дыскрымінацыі развітае, і ўяўляе з сябе жывую з’яву, якая эвалюцыянуе. Еўропа вельмі сур’ёзна ставіцца да праблемаў няроўнасці і дыскрымінацыі. Еўропа гатовая і жадае скіраваць намаганні ў бок Беларусі для планавання сумеснай дзейнасці ў пераадоленні фактаў няроўнасці і дыскрымінацыі. Еўропа бачыць у Беларусі патэнцыял і магчымасць пачаць працэсы фармавання антыдыскрымінацыйнага права і правапрымяняльных практык.

Асабліва каштоўным для практычнай скіраванасці канферэнцыі стала выступленне Назарыя Баярскага (Украіна), сустаршыні Кааліцыі па супрацьдзеянні дыскрымінацыі ва Украіне, эксперта Цэнтра грамадзянскіх свабодаў, які прадставіў удзельнікам канферэнцыі гісторыю станаўлення антыдыскрымінацыйнага заканадаўства Украіны і ролі грамадзянскай супольнасці ў яго стварэнні. Храналагічна выбудаваныя этапы фармавання антыдыскрымінацыйнага заканадаўства і іх аналіз, прадстаўленыя ў дакладзе, дазволілі ясна вызначыць пагрозы, рызыкі, і тыя неэфектыўныя дзеянні, якіх магчыма было пазбегнуць. Украінскі досвед паказаў, што фармаванне антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, яго паспяховасць, шмат у чым залежыць ад якасці дыялогу грамадзянскай супольнасці і дзяржавы.

Вера Эгенбэргер (Германія), прадстаўнік Бюро па ажыццяўленні роўнага абыходжання, раскрыла ў сваім дакладзе прынцыповыя пазіцыі нямецкага заканадаўства ў адносінах да дыскрымінацыі. Эксперт прадставіла сталыя формы развязання сітуацыяў з дыскрымінацыяй, а таксама асаблівасці нацыянальнага заканадаўства ў гэтай сферы.

Завяршаючы подыумныя выступленні экспертаў, Алег Гулак (Беларусь), старшыня РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” прадставіў аналіз сітуацыі ў дачыненні да дыскрымінацыі ў Беларусі, у прыватнасці, прэзентаваў даследаванне, якое праводзіцца шэрагам беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Эксперт выказаў некалькі прапановаў, у тым ліку падняў пытанне аб неабходнасці стварэння антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў Беларусі, падкрэсліваючы ў гэтым неад’емную ролю грамадзянскай супольнасці.

Пасля выступаў экспертаў у зале адбылася дыскусія. Удзельнікі абмеркавалі пытанні дыскрымінацыі як з’явы, дыскутавалі аб тым, з чаго пачынаецца пытанне антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, што неабходна пераадолець беларускаму грамадству і дзяржаве, каб стварыць такое заканадаўства і наколькі важныя нацыянальныя асаблівасці ў такой працы.

Удзельнікі подыумнай дыскусіі, эксперты аднадушна адзначылі неабходнай ролю дзяржавы ў стварэнні антыдыскрымінацыйнага права, але вырашальнай ўсё ж вызначылі згуртаванасць і развітасць ўзаемадзеяння паміж усімі інстытутамі ў грамадстве.

Пасля дыскусіі была арганізаваная праца ў групах па вызначэнні ключавых вобласцяў і фактараў, здольных паўплываць на стварэнне антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў Рэспубліцы Беларусь. Працоўных групаў было тры: “Узаемадзеянне міжнароднага права і нацыянальнай практыкі забароны дыскрымінацыі”, “Роўнасьць і свабода ад дыскрымінацыі: ад дэкларацыі да практыкі”, “Дыскрымінацыя як выклік сацыяльнаму і культурнаму развіццю грамадства”.

Высновы групаў былі прадстаўленыя на прэзентацыі падчас падвядзення вынікаў канферэнцыі. Вынікі працы канферэнцыі падвёў Сяргей Драздоўскі: “Мы, якія прадстаўляем тут грамадзянскую супольнасць, павінны пачаць працаваць кожны на сваім месцы. Ёсць праблема. Ёсць рэсурсы для яе вырашэння, якія могуць і павінны працаваць. Сёння ў ходзе канферэнцыі мы прапанавалі сваё бачанне для стварэння і рэалізацыі антыдыскрымінацыйных мераў. Шэраг прапановаў, якія можна ў далейшым выкарыстоўваць у працы. Гэта і ёсць асноўны і важны вынік нашай сённяшняй сустрэчы: нам ёсць з чым прыйсці да дзяржавы”, – падкрэсліў С. Драздоўскі.

Больш падрабязна азнаёміцца ​​з матэрыяламі Міжнароднай канферэнцыі “Актуальныя пытанні рэалізацыі ў праве прынцыпу забеспячэння роўнасці. Еўрапейскі досвед: ад тэорыі да практыкі” можна будзе ў зборніку, які выйдзе ў бліжэйшы час.