Як займацца любімай справай і пры гэтым працаваць у зручны час? Чаго гэта будзе каштаваць і куды звярнуцца? Аказваецца, пачаць сваю справу можна ўсяго за дзень-два.
Пад рамесніцкай дзейнасцю разумеецца непрадпрымальніцкая дзейнасць фізічных асобаў па вырабу і рэалізацыі тавараў, выкананні работаў, аказанні паслуг з прымяненнем ручной працы і інструмента, якая ажыццяўляецца самастойна, без прыцягнення іншых фізічных асобаў паводле працоўных грамадзянска-прававых дагавораў і скіраваная на задавальненне бытавых патрэбаў грамадзянаў.
Стаць рамеснікам можна ўсяго за дзень-два, пры гэтым, як растлумачылі ў сталічнай падатковай інспекцыі, працэдура рэгістрацыі аднолькавая даступная для ўсіх. Людзям з інваліднасцю няма неабходнасці прадастаўляць якія-небудзь дадатковыя дакументы. Адзінае выключэнне: калі асоба з інваліднасцю не можа самастойна звярнуцца ў падатковы орган з заявай, напрыклад, з-за фізічных абмежаванняў, гэта можа зрабіць хто-небудзь замест яго па аформленай даверанасці.
Як стаць рамеснікам?
У першую чаргу неабходна вызначыцца, чым бы хацелася займацца. Пералік відаў дзейнасці даволі шырокі: ад вырабу і рамонту рыбалоўнага начыння, куфараў і вёдраў да бісерапляцення, вышыўкі, разьбы і макрамэ. Пры гэтым нядаўна гэты спіс дапоўніўся зусім новымі відамі рукадзелля: цяпер у яго ўваходзяць дэкупаж (дэкараванне тканіны, посуду, мэблі з дапамогай скрупулёзна выразанай паперы), тэра (тэхніка калажаў з выкарыстаннем натуральных складнікаў – ад ракавінак і пяску да галінак, пладоў і т. д.), скрапбукінг (ручны выраб паштовак і альбомаў для фатаграфіяў), квілінг (скручванне паперы), выцінанка і многія іншыя.
Невялікая парада: лепш загадзя, перад прыходам у падатковую інспекцыю, выбраць з пераліку віды дзейнасці, якімі вы хочаце займацца. Пры гэтым колькасць можа быць любой, ад яе не залежыць сума падатковага збору.
Далей варта звярнуцца ў падатковую інспекцыю па месцы жыхарства і там напісаць заяву. Пасля чаго аплачваеце падатковы збор у памеры адной базавай велічыні (сёння гэта 100 тысяч рублёў). Дарэчы, адна базавая велічыня – гэта збор за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці, які плаціцца адзін раз у год; рамеснікам ня трэба выплачваць падаходны падатак і адзіны падатак з ІП і іншых фізічных асобаў.
У падатковай на квітанцыю ставяць штамп і прысвойваюць УНП, якія становяцца афіцыйным дазволам на занятак “платным” рукадзеллем. З гэтага моманту вы маеце права прадаваць свае вырабы.
Пры афармленні дакументаў важна не забыцца, што ў кожнага рамесніка павінна быць Кніга ўліку праверак, набыць якую можна ў кніжных і канцылярскіх крамах. Яе трэба прашыць, выключаючы вокладку – тытульную і апошнюю старонкі, перанумараваць і здаць на друк у падатковы орган.
Дзе прадаваць легальна?
Варыянт першы – інтэрнэт. Гэты варыянт самы просты, ён не патрабуе нават выхаду з дому. Указ № 225 ад 16 мая 2005 года “Аб некаторых пытаннях ажыццяўлення фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці” не змяшчае нормаў, якія абмяжоўваюць месца самастойнай рэалізацыі вырабленай рамеснікам прадукцыі, а, значыць, майстар без хваляванняў можа заняцца самастойнай, без прыцягнення іншых асобаў, рэалізацыяй сваёй прадукцыі праз інтэрнэт – у сацыяльных сетках і з дапамогай віртуальных “вітрынаў”, паведамілі ў Міністэрстве па падатках і зборах. Пры гэтым спецыялісты ўдакладняюць: інтэрнэт-вітрына – гэта старонка ў сетцы, якая змяшчае апісанне тавараў і ўказанне месцаў, дзе іх можна набыць. У выпадку, калі на сайце будуць размешчаны тэлефон, кошт ці іншая інфармацыя, якая дазваляе зрабіць заказ або купіць вырабы, інтэрнэт-вітрыны з’яўляюцца інтэрнэт-крамамі. Для продажу рамесных тавараў у інтэрнэт-краме неабходныя дадатковыя працэдуры рэгістрацыі: інтэрнэт-крамы – у Гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь, а рамесніка – як індывідуальнага прадпрымальніка.
Варыянт другі – галерэі. Рамеснік мае права заключаць дагаворы камісіі на рэалізацыю сваіх вырабаў з юрыдычнымі асобамі, напрыклад, галерэямі, крамамі, кіёскамі, то бок любымі гандлёвымі пляцоўкамі, акрамя інтэрнэт-крамаў.
Варыянт трэці – знаёмыя і сябры. Яны могуць купляць у вас эксклюзіўныя шэдэўры “з першых рук”. Калі вы робіце добрыя і якасныя рэчы, спрацуе “сарафаннае радыё” і пакупнікоў шукаць не давядзецца.
• Меркаванні
Сяргей Драздоўскі, каардынатар праектаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю:
– Са свайго досведу магу сказаць, што для людзей з інваліднасцю заняткі рамеснай дзейнасцю – гэта, хутчэй, вымушаная неабходнасць, а не кліч душы. Гэта – ледзь не апошні шанец для многіх паспрабаваць сябе рэалізаваць і нешта зарабіць. Асноўная праблема, над якой, мабыць, і інваліднасць не пераважае – гэта продаж вырабаў у Беларусі. Напрыклад, у Віцебску жыве дзяўчына – яна перасоўваецца на калясцы – якая робіць выдатных інтэр’ерных лялек. Сабекошт іх вялікі, рынак збыту не вельмі развіты, таму пакуль такую ручную працу ператвараць у адзіную крыніцу даходаў – вельмі рызыкоўна.
Аднак сёння занятак рамяством – самае даступнае працаўладкаванне ў выглядзе самазанятасці, пры гэтым – з самымі малымі камерцыйнымі рызыкамі. Менавіта таму, задумваючыся пра тое, чым зарабляць на жыццё, не варта адкідаць і гэты кірунак. Нягледзячы на слабую развітасць рамёстваў у Беларусі, ёсць арганізацыі, ініцыятывы і людзі, здольныя дапамагчы і падказаць. Варта толькі ўзяцца!
Таццяна Жарнасек, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю беларускага грамадскага аб’яднання “Пазітыўны рух”:
– У Беларусі ўсё часцей людзі пачынаюць задумвацца аб тым, што на “хэнд-мэйд” можна зарабляць грошы. Гэта раней існавала меркаванне, што рэч, зробленая сваімі рукамі, ніколі не акупіцца, і прадаюць іх проста “для душы”. На мой погляд, калі пісьменна прапіярыць сваю дзейнасць, то можна цалкам добра падзарабіць.
Галоўнае, каб была канцэпцыя. Вельмі добра спрацоўваюць такія ідэі як “Купі рукавіцы – выратуй дзіця” або “Набудзь экаторбу – выратуй восем дрэваў”. Так можна рабіць нават розныя сацыяльныя праекты! Хэнд-мэйд таксама можа быць цікавы турыстам, якіх у нашых гарадах становіцца ўсё больш. І няма розніцы, хто менавіта вырабляе гэтыя рэчы – людзі з інваліднасцю або без. Можна наогул не афішаваць гэта, асабліва калі мы хочам дамагчыся таго, каб людзі з інваліднасцю паверылі ў сябе. Наогул розніца, вядома, у мэтах: чаго мы хочам дамагчыся – зарабіць грошай або сацыялізаваць нейкую пэўную групу ў грамадстве.
Анастасія Кузьміч, каардынатар міжнародных маладзёжных праграм міжнароднага грамадскага аб'яднання “Адукацыя без межаў”:
– Па працы даводзіцца бываць у іншых краінах. Таму ў мяне шмат удалых прыкладаў таго, як людзі з інваліднасцю маюць актыўную жыццёвую пазіцыю ды і ў цэлым даволі моцна ўцягнутыя ў жыццё сваіх гарадоў і вёсачак.
Вось, да прыкладу, аднойчы ва Уроцлаве мне пашчасціла пабываць на вулічным кірмашы хэнд-мэйд, які рабілі якраз людзі з інваліднасцю. Такой прыгажосці я яшчэ не бачыла – адтуль прывезла свае любімыя завушніцы! Там, проста на месцы, была магчымасць пазнаёміцца і пагутарыць з аўтарамі гэтых шэдэўраў!
Чаму б такія кірмашы не ладзіць у нашай краіне?
Вольга Астаповіч