Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Замест інтэрнатаў – права выбіраць і “дазаваная” падтрымка

12/12/2013

Незалежнае пражыванне людзей з інваліднасцю – гэта трэнд сацыяльна-развітых краін, да якога ў нашай краіны ёсць усе шанцы падцягнуцца, лічаць спецыялісты. Галоўнае – правільна арганізаваць сацыяльную падтрымку, выбудаваўшы ў мясцовай супольнасці такі комплекс паслуг, які дазволіць “асаблівым” людзям рэалізаваць свае правы на працу, на выбар, на годны ўзровень жыцця і дасць магчымасць самастойна арганізаваць сваё жыццё.

Як адзначае каардынатар праектаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, гістарычна кожная краіна мае свае механізмы сацыяльнай апекі, якія фармаваліся ў залежнасці ад асаблівасцяў развіцця гэтай краіны.

– Так, напрыклад, у нас у пэўны момант выгнанне з соцыума чалавека з інваліднасцю ператварылася ў яго адсяленне: чалавека змяшчалі ў клінікі на нявызначаны тэрмін, у прытулкі, якія ператварыліся ў сацыяльныя ўстановы, сёння – дзяржаўныя. У звыклым гучанні – дамы-інтэрнаты, – адзначае ён. – Між тым, адной з ключавых праблемаў людзей з інваліднасцю ёсць менавіта іх выключанасць з грамадства, адной з крайніх формаў такога з’яўляецца накіраванне іх у такія закрытыя ўстановы. Бо зразумела, што інваліднасць – гэта не асабістая праблема чалавека, заснаваная на асаблівасцях яго здароўя, а праблема акружэння – грамадства і інфраструктуры, якія не гатовыя да таго, каб забяспечыць такому чалавеку годны ўзровень жыцця, нароўні з суграмадзянамі.

Аднак альтэрнатывы інтэрнатам, гэта значыць установам, якія сегрэгуюць (выключаюць), ёсць. Напрыклад, у Даніі ад іх адмовіліся гадоў пятнаццаць таму на карысць рэабілітацыі на ўзроўні мясцовых супольнасцяў. Такая сістэма дае магчымасць самастойна выбіраць лепшы для кожнага канкрэтнага чалавека варыянт – пражываць у звычайных умовах або пажыць ва ўмовах падвышанай сацыяльнай апекі ў спецыялізаванай сацыяльнай установе.

У Беларусі таксама вядомыя практыкі сацыяльнай падтрымкі людзей з інваліднасцю, выкарыстанне якіх у комплексе паслуг дапамогі можа забяспечыць альтэрнатыву інтэрнатнага пражывання. Многія з іх “падгледжаныя” за мяжой і адаптаваныя для нас. Прэзентуем некаторыя з іх.

Суправаджальнае пражыванне:

больш, чым трэба, ня трэба

Сёння галоўным крытэрыем трапляння чалавека з інваліднасцю ў інтэрнат з’яўляецца яго няздольнасць весці самастойны лад жыцця.

– Менавіта ў гэты момант навакольныя ведаюць, “што лепш” чалавеку, які мае інваліднасць. Але ніхто не ўдакладняе, у якім аб’ёме патрэбная падтрымка, – распавядае спецыяліст па сацыяльнай рабоце грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” Алена Бойка. – Напрыклад, мы лічым, што чалавек з разумовымі абмежаваннямі і з парушэннямі рухальнай актыўнасці не ў стане запарыць гарбату. Аднак паспрабуйце ўявіць алгарытм дзеяння і вы зразумееце, што чалавек з такімі парушэннямі ў стане ўзяць кубак і чайны пакецік, наліць ваду ў імбрык і ўключыць яго, дадаць цукар. Дапамога можа спатрэбіцца толькі ў тым, каб наліць гарачай вады. Мы ж часта думаем, што павінны рабіць усё самі – ад пачатку да канца. І гэта вялікая памылка.

Насамрэч, у працы з людзьмі, якія маюць інваліднасць, можна арганізаваць суправаджальнае пражыванне. Гэта – паслуга сацыяльнай падтрымкі, якая можа быць аказаная ў розным аб’ёме ў залежнасці ад патрэбаў чалавека з інваліднасцю. Маецца на ўвазе, што дапамога можа быць пастаяннай або часовай. Апека ўсталёўваецца індывідуальна ў залежнасці ад узроўню самастойнасці і патрэбы ў дапамозе чалавека з інваліднасцю для ажыццяўлення ім бытавой, сацыяльна-камунікатыўнай дзейнасці ці дзейнасці ў вольны час.

Да прыкладу, не маюць патрэбы ў суправаджэнні пры пражыванні людзі з інваліднасцю з захоўным інтэлектам, якія маюць саматычныя захворванні (дыябет, парок сэрца, захворванні шчытападобнай залозы і гэтак далей). У той жа час у кругласутачнай інтэнсіўнай сацыяльнай падтрымцы і доглядзе маюць патрэбу асобы з інваліднасцю з цяжкімі інтэлектуальнымі парушэннямі і станамі (аўтызм, цяжкая форма эпілепсіі), бо такія кліенты не ў стане выконваць асноўныя дзеянні дзеля самаабслугоўвання.

– У рамках аднаго з нашых праектаў мы стварылі інтэрнат для людзей з інваліднасцю. Мы нічога не рабілі за жыхароў, а проста дапамагалі і падказвалі. Вучылі ўсяму: як пачысціць бульбу, як даехаць да працы, як распараджацца фінансамі, – распавядае спецыяліст. – Гэты праект меў поспех. Нашы кліенты назапашваюць досвед такога пражывання, яны спрабуюць шукаць ўласныя шляхі вырашэння праблемаў, самастойна ладзіць сваё жыццё...

Клубны дом: самакіраванне і зносіны

Яшчэ адной цікавай формай сацыяльнай падтрымкі людзей з інваліднасцю з’яўляецца рэабілітацыйная мадэль “Клубны дом”. Як распавяла дырэктар мінскага клубнага дома “Расчыненая душа”, прадстаўнік Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў Вольга Рыбчынская, гэтая сацыяльная служба створаная для людзей з псіхічнымі захворваннямі. Клубны дом дазваляе жыць за межамі бальніцы, аднавіць страчаныя навыкі, мець адчуванне ўласнай значнасці, вярнуцца да актыўнай жыцця ў грамадстве.

Клубны дом – гэта месца, куды можна рэгулярна прыходзіць. Такая мадэль забяспечвае ўдзельніку пастаяннае сацыяльнае асяроддзе, а таксама занятасць, канкрэтную працу.

– Людзі прыходзяць сюды па заспакаенне, – адзначае спецыяліст. – А яшчэ – пагутарыць, таму што ў “вялікім свеце” з-за акалічнасцяў, якія склаліся, ім цяжка ўсталёўваць новыя сувязі, а старыя нярэдка страчаныя.

Гэта даволі зручная мадэль сацыяльнай падтрымкі, члены (менавіта члены, а ня пацыенты або кліенты!) якой могуць удзельнічаць ва ўсіх сферах дзейнасці і нясуць адказнасць за ўвесь Клубны дом. Акрамя таго, усе члены могуць удзельнічаць у кіраванні.

Першыя клубныя дамы з’явіліся ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў Злучаных Штатах Амерыкі. Мэтай іх было паляпшэнне якасці жыцця людзей, якія прайшлі курс лячэння ў псіхіятрычных клініках. Плюс такой сацыяльнай праграмы не толькі ў гэтым, такая сістэма даволі бюджэтная ў параўнанні з утрыманнямі ў шпіталях, інтэрнатах: высокі сацыяльны эфект дасягаецца пры мінімальных выдатках.

ТЦCАН: па заяўным прынцыпе

На дзяржаўным узроўні ў Беларусі сацыяльную падтрымку людзям з інваліднасцю аказваюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН).

Як распавяла дырэктар Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Бойка, на базе цэнтра даюцца розныя сацыяльныя паслугі: нестацыянарнае сацыяльнае абслугоўванне (напрыклад, кансультацыйна-інфармацыйныя паслугі, сацыяльна-педагагічныя паслугі, сацыяльны патранат і так далей), сацыяльнае абслугоўванне дома (паслугі нянькі, сядзелкі і іншыя), тэрміновае сацыяльнае абслугоўванне (паслугі часовага прытулку, юрыдычная, матэрыяльная дапамога і так далей), напаўстацыянарнае сацыяльнае абслугоўванне.

Для таго каб атрымаць такую ​​сацыяльную падтрымку, неабходна звярнуцца ў ТЦСАН з заявай – пісьмовай або вуснай. Такая падтрымка аказваецца на бязвыплатнай, часткова платнай і платнай аснове па сацыяльных тарыфах.

Прыведзеныя прыклады сацыяльных тэхналогіяў не могуць самі па сабе стаць панацэяй ад усіх праблемаў. Яны эфектыўныя пры ўмове, што яны ўключаныя ў сістэму паслуг на мясцовым узроўні, даступных чалавеку з інваліднасцю. Увесь спектр неабходных паслуг і відаў дапамогі фармуецца як са спецыяльных (і пакуль зусім нязвыклых для нас), так і звычайных бытавых паслуг. Часта менавіта немагчымасць самастойнага забеспячэння гэтымі паслугамі з’яўляецца галоўнай прычынай патраплення чалавека ў інтэрнат.

Прыведзеныя вышэй, а таксама шматлікія іншыя праграмы сацыяльнай падтрымкі рэалізоўваюцца ў Беларусі, аднак такая праца пакуль фрагментарная: ініцыятывы здзяйсняюцца рознымі арганізацыямі, для розных мэтавых груп і гэтак далей. Для таго каб сістэматызаваць досвед і паспяховыя практыкі ў працы з людзьмі, якія маюць інваліднасць, неабходна стварыць тэматычную нацыянальную праграму сацыяльнай падтрымкі людзей з інваліднасцю.

Прэзентацыя досведу экспертаў была прадстаўлена ў рамках круглага стала “Ад лепшых практык па забеспячэнню незалежнага жыцця людзей з інваліднасцю да нацыянальнай праграмы”, які прайшоў у рамках кампаніі “Уключэнне людзей з інваліднасцю ў мясцовую супольнасць” у Брэсце.