Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Ці могуць людзі з інваліднасцю выбіраць і выбірацца?

21/01/2016

Гэтае пытанне ўсё часцей уздымаюць у еўрапейскіх краінах, спрабуючы штогод пашыраць даступнасць выбарчага працэсу сярод патэнцыйна дыскрымінаваных суполак, у тым ліку і сярод людзей з інваліднасцю. Пакуль і на Захадзе ў гэтай сферы праблем хапае, але ўжо даўно з’явілася разуменне: удзел у палітычным жыцці людзей, незалежна ад іх асаблівасцей, – гэта важны паказчык даступнасці і дэмакратычнасці грамадства і ўвогуле краіны.

Не так даўно прадстаўніца Офіса па правах людзей з інваліднасцю – дырэктарка Эніра Браніцкая – удзельнічала ў працэсе маніторынгу даступнасці выбараў у Іспаніі.

– Мая роля заключалася ў тым, каб прааналізаваць, ці могуць галасаваць іспанцы з інваліднасцю, а таксама даведацца, як яны могуць выбірацца і цалкам удзельнічаць у выбарах, – удакладняе яна.

Нагадаем, што Іспанія была адной з першых краін свету, якая падпісала Канвенцыю па правах інвалідаў. Гэта значыць, краіна не павінна дапускаць аніякай дыскрымінацыі адносна людзей з інваліднасцю.

У Іспаніі галасаваць могуць дзеяздольныя грамадзяне, якім споўнілася 18 год. Але асаблівасць у тым, што, паводле закона, права выбіраць не можа быть адабрана “аўтаматычна” ў недзеяздольных. Перашкодзіць прыйсці на выбары можа толькі дадатковае рашэнне суда, якім адбіраюцца выбарчыя правы.

– Але на практыцы, на жаль, усё аказалася не так. Каля 99 адсоткаў недзеяздольных атрымоўваюць забарону аўтаматычна. Можна самастойна ініцыяваць вяртанне выбарчага права (і такія выпадкі ў Іспаніі мелі месца), але гэта працэдура можа працягвацца цэлы год! – распавядае Эніра Браніцкая. – Каб даказаць, што ты можаш галасаваць, трэба адказаць на некалькі пытанняў, якія тычацца палітычных працэсаў. Мне здаецца, што нават не кожны “звычайны” чалавек з нашага асяроддзя, які спецыяльна не цікавіцца тэмай, на іх адкажа…

Між іншым, артыкул 29 “Удзел у палітычным і грамадскім жыцці” міжнароднай канвенцыі гарантуе для людзей з інваліднасцю палітычныя правы і магчымасці нароўні з астатнімі грамадзянамі.

Іншы аспект – гэта магчымасць на практыцы рэалізаваць выбарчае права. Напрыклад, у Іспаніі пакуль цяжка гаварыць пра тое, што ўсе выбарчыя ўчасткі не маюць фізічных бар’ераў і туды можна бесперашкодна трапіць. Але, па падліках спецыялістаў, гэтая загана паступова ліквідуецца – ўсё часцей з’яўляюцца памяшканні, прыстасаваныя для ўваходу ўсіх без выключэння.

Паклапаціліся ў Іспаніі пра тых, хто цалкам не бачыць ці мае дрэнны зрок. Загадзя можна замаўляць выбарчыя бюлетэні з трафарэтамі ці шрыфтам Брайля.

– Папярэдняя замова дазваляе эканоміць: не рыхтуецца больш матэрыялаў, чым патрэбна. Апошнім разам з такой просьбай звярнуліся каля тысячы актыўных іспанцаў з парушэннем зроку – спецыяльныя бюлетэні перадалі на іх участкі для галасавання. Дарэчы, Беларусь можа ўзяць і для сябе такую ж практыку – навошта друкаваць больш? – прыводзіць прыклад спецыялістка Офіса па правах людзей з інваліднасцю.

У Іспаніі ёсць такая практыка: кожны грамадзянін можа ўвайсці ў склад выбарчай камісіі. Гэта вырашае ўсеагульная латарэя. Некаторыя афіцыйна могуць адмовіцца ад удзелу: напрыклад, сталыя людзі ва ўзросце пасля 65, пасля 75 сталыя маюць аўтаматычнае вызваленне. Па факту, ад удзелу адказваюцца і людзі з пэўнымі парушэннямі здароўя. Стаць паўнавартасным членам камісіі не атрымоўваецца з-за адсутнасці ўмоў, бо чалавека з інваліднасцю павінны забяспечыць па неабходнасці персанальным асістэнтам, сурдаперакладчыкам і г.д.

– У выпадку з сурдаперакладчыкамі пытанне вырашана на заканадаўчым узроўні, і сурдаперакладчык павінен быць прадстаўлены бясплатна сябру камісіі, які карыстаецца мовай жэстаў. Апошні раз дзяржава наймала спецыялістаў для таго, каб забяспечыць магчымасць удзелу ў камісіях 20-ці чалавекам з парушэннем слыху. Іншая сітуацыя з тымі, хто дрэнна бачыць. Па іх просьбе так і не зрабілі дакументы з больш выразным шрыфтам, – абапіраючыся на рэчаіснасць, дае прыклады Эніра Браніцкая. – І яшчэ ўзнікаюць юрыдычныя праблемы з персанальным асістэнтам – ці варта яго лічыць членам камісіі, ці трэба яму ведаць “больш за астатніх” і гэтак далей.

Права выбірацца ў Іспаніі не абмежаванае, але ў дачыненні да людзей з інваліднасцю ў дзяржавы няма ніякіх абавязкаў (для параўнання: у краіне існуюць квоты для прадстаўленасці кандыдатак-жанчын на выбарах).

– Гэтае пытанне спачатку лабіравалі, а потым перасталі, у тым ліку з-за таго, што грамадства пакуль не гатова руйнаваць існуючыя стэрэатыпы. Усяго некалькі чалавек з інваліднасцю балатуюцца для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, – рассказвае Эніра Браніцкая. – У Англіі існуе дадатковая фінансавая падтрымка для кандыдатаў з інваліднасцю, якая ідзе на арганізацыю палітычнай кампаніі, у Іспаніі – не. Таму працэс удзелу людзей з інваліднасцю ў выбарах не такі дынамічны.

У Беларусі

Па меркаванні экспертаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю, у нашай краіне з палітычнай даступнасцю сітуацыя яшчэ больш складаная.

– Адзіны крок, які быў зроблены, – гэта забеспячэнне выбарчых участаў бюлетэнямі для людзей з парушэннем зроку. Раней такія людзі галасавалі з дапамогай трэцяга чалавека, што не вельмі правільна з прававога пункту погляду, – гаворыць экспертка Офіса па правах людзей з інваліднасцю.

Дасюль толькі прыкладна дзясятая частка выбарчых участкаў была даступнай для людзей з фізічнымі асаблівасцямі. У першую чаргу таму, што мясцовыя адміністрацыі, якія забяспечваюць участкамі для галасавання, рэдка думаюць пра даступнасць. Сітуацыю паступова можна змяніць: дастаткова пачаць выбіраць для ўчасткаў не тыя вырыянты, да якіх мы прызвычаіліся (напрыклад, мясцовыя школы), а тыя, што не маюць бар’ераў, – хай сабе не такія трывіяльныя месцы.

І яшчэ адна праблема – сустрэчы кандыдатаў таксама праводзяцца ў недаступных месцах.

Увогуле ў Беларусі толькі-толькі пачынаюць з’яўляцца першыя перамены, існуе верагоднасць таго, што сітуацыю зменяць падпісанне і ратыфікацыя міжнароднай Канвенцыі па правах інвалідаў.