Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Падпісаць сэрцам: Мемарандум – крок да змянення людзей

26/09/2014

Мы працягваем размаўляць з прадстаўнікамі арганізацый, якія палічылі важным паставіць подпіс пад Мемарандумам аб далучэнні да Канвенцыі аб правах інвалідаў. Па меркаваннях гэтых арганізацый, падпісанне Канвенцыя дазволіць пазбавіцца ад грамадскіх стэрэатыпаў, вынішчыць “саветчыну” і дасць магчымасці для самастойнага жыцця людзям з інваліднасцю.

Беларуская асацыяцыя журналістаў: “Пакуль беларусы лічаць дыскрымінацыю нармальнай – гэта ненармальна”

“Мы падтрымліваем працу Офіса па правах людзей з інваліднасцю, таму што ў Беларусі назіраецца дыскрымінацыя ў розных сферах, у тым ліку – у сферы інваліднасці. Гэта не навіна, і так павялося з савецкага часу, што беларусы лічаць такую дыскрымінацыю нармальнай”, – мяркуе прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

На думку суразмоўцы, у савецкі час людзей з інваліднасцю намагаліся не заўважаць і нават хаваць. Яскравы прыклад – пасляваенны вываз на Салаўкі ў закрытыя санаторыі інвалідаў Другой сусветнай вайны.

“Савецкая ўлада выхоўвала людзей так, каб усе былі аднолькавымі: маглі працаваць, хадзіць на завод, тады людзі з інваліднасцю і выпадалі “з сістэмы”, – кажа Барыс Гарэцкі. – Таму і сфармавалася такое стаўленне – як да недаасоб”.

Разважаючы над тэмай, ён дадае:

“Магчыма, гэта звязана і з псіхалогіяй: чалавеку прасцей закрыць вочы на праблему, чым спраўляцца з ёй. Але ў адзін момант у жыцці можа многае змяніцца і кожны з нас можа адчуць на сабе гэтае заплюшчванне вачэй. Мы як арганізацыя з еўрапейскімі каштоўнасцямі з гэтым не згодныя. Вада камень точыць, і я спадзяюся, што праз такія крокі, як грамадскі Мемарандум, мы хаця б крыху зменім тое, што вакол нас”.

Беларускі хельсінскі камітэт: “Часам людзі з інваліднасцю і самі не чакаюць даступнасці”

– Падпісваючы Мемарандум, доўга не раздумвалі, бо ведаем аб праблеме. Я асабіста прафесійна цікаўлюся пытаннем. Падпісанне Канвенцыі патрэба даўно, і не разумею, чаму краіна гэтага не робіць, – кажа старшыня праваабарончай арганізацыі “Беларускі хельсінскі камітэт” Алег Гулак. – Канешне, падпісанне Мемарандума не з’яўляецца прамым дзеяннем, цяжка загадваць, наколькі яно падштурхне ўлады. Але грамадскае меркаванне – рэч важная, гэта тое нешматлікае, што можна зрабіць”.

У прафесійную сферу БХК уваходзіць і праца з праблемамі людзей з інваліднасцю, якія з’яўляюцца часта. Пытанні даступнасці і недыскрымінацыі – гэта ўжо не дзівіць, але гэта яшчэ не ўся праблема.

– Сутыкаемся з тым, што людзі з інваліднасцю надта і не чакаюць даступнасці. Яны звычайна таксама носьбіты грамадскага меркавання, паводле якога аб’ектыўна нельга, каб усё было даступнае. У многіх нават няма такіх патрэбаў, – дадае Алег Гулак.

Свае вывады пра стэрэатыпнасць грамадскай думкі зрабілі і юрысты Офіса па правах людзей з інваліднасцю на падставе праблемлемных зваротаў у грамадскую прыёмную арганізацыі. На прэзентацыя гадавога маніторынгу пра гэта казаў супрацоўнік Офіса Сяргей Драздоўскі, пачытаць можна тут.

Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў “У імя жыцця”: “Дабрабыт грамадства вымяраецца сацыяльным дабрабытам людзей”

“Такія мемарандумы, як і агулам Канвенцыя, робяць грамадства і людзей больш паўнавартаснымі, – мяркуе дырэктар сацыяльна-асветніцкай установы “Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў “У імя жыццяІрына Жыхар. – Напэўна, Мемарандум – тое, што дазволіць разбурыць гэтую савецкую традыцыю ізаляваць, не заўважаць людзей, якія маюць пэўныя асаблівыя патрабаванні”.

Яна лічыць, што дапамога людзям з інваліднасцю – гэта не спроба пражыць за іх жыццё, а спроба даць магчымасць ім зрабіць гэта самастойна. Прычына на паверхні: дабрабыт грамадства вымяраецца не столькі матэрыяльным дабрабытам людзей, колькі сацыяльным.

Для гэтай арганізацыі Мемарандум – канстатацыя факту, што яна прымае пэўныя стандарты і нормы, што яна робіцца носьбітам, праз якога яны распаўсюдзяцца далей.

Жадаеце далучацца? Тут (калі вы жадаеце падпісаць Мемарандум асабіста) ці тут (калі прадстаўляеце думку ўсёй арганізацыі).