Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Польскія эксперты: Мы гаворым – “роўнасць”, а вы – “інклюзія”

20/12/2017

Фонд TUS ужо два гады супрацоўнічае з Офісам па правах людзей з інваліднасцю ў кампаніі “Павестка 50” па рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі ў рэгіёнах Беларусі. Цягам апошняга свайго візіту на мінулым тыдні прадстаўнікі фонда Малгажата Перацятковіч і Пётр Тодыс правялі трэнінг па стварэнні дакумента павесткі для прадстаўнікоў мясцовай супольнасці горада Валожына. Па выніках двух дзён пленнай працы быў створаны чарнавы варыянт дакумента. 
 
Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” пагутарыла з польскімі калегамі пра досвед забеспячэння правоў людзей з інваліднасцю ў Польшчы, а таксама пра іх бачанне вырашэння гэтага пытання ў Беларусі.
 
Па словах экспертаў, два гады працы – гэта вельмі кароткі тэрмін, каб можна было нешта прагназаваць. Бо першы год сыйшоў толькі на дыягностыку сітуацыі і спробы зразумець беларускія рэаліі.
– Вельмі важным для нас з’яўляецца падыход, з якім мы тут сутыкаемся: людзі з інваліднасцю не патрабуюць шкадавання да сябе, яны патрабуюць роўных правоў. Але, мне здаецца, мяркуючы з таго, як пабудавана вашая сістэма, шмат часу пройдзе, пакуль гэтае меркаванне дойдзе да вашых цэнтральных уладаў, – зазначае Малгажата Перацятковіч.
 
Яе калега гаворыць, што яму заўжды вельмі цікава прысутнічаць на сумесных сустрэчах з няўрадавымі арганізацыямі, якія займаюцца правамі людзей з інваліднасцю, і слухаць іх прапановы.
– Мы ведаем, што Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю, але мы не ведаем, як яна прымяняецца практычна на месцах. І гэтая сітуацыя падобная на польскую: мы да гэтага часу разважаем, што рабіць з гэтым дакументам, – прызнаецца Пётр Тодыс.
 
І хоць дыскусіі, на якіх давялося прысутнічаць польскім экспертам, адбываліся з удзелам людзей з інваліднасцю, было б лепей, калі б іх было яшчэ больш – хаця б 50%. Бо ў праектах, якія ажыццяўляе ў Беларусі фонд TUS, вельмі часта праяўляецца такі кампанент як self-advocacy – навыкі і магчымасці ў далейшым самім адвакатаваць свае правы. Таму, кажучы пра мясцовыя павесткі, у стварэнні якіх Пётр і Малгажата бяруць удзел, яны падкрэсліваюць: “усё, што мы бачым, адбываецца цудоўна, але хацелася б, каб людзей з інваліднасцю ў гэтым удзельнічала больш”.
 
– Але ключавы момант для нашага хвалявання настане тады, калі мы будзем бачыць, ці змогуць людзі, для якіх ствараюцца гэтыя павесткі, скарыстацца імі ў жыцці, – перакананы Пётр.
 
– З майго пункту гледжання само стварэнне павестак – рэальная рэч, і гэта адбудзецца, – працягвае яго каляжанка. – Але рэалізацыя такіх праграм будзе патрабаваць хуткага, спрытнага падыходу, калі выканаўцы дакладна будуць разумець, дзе яны могуць узяць рэсурсы, знайсці людзей. Працэс рэалізацыі павестак прадугледжвае, што людзі самі будуць прымаць удзел у размеркаванні абавязкаў, пошуку магчымасцяў, пастаноўцы задач – гэта вельмі важны элемент развіцця мясцовых супольнасцяў.
 
А вось пра адрозненні ў падыходах да пытанняў інваліднасці ў Беларусі і Польшчы замежныя эксперты гавораць неахвотна. Як і пра тое, якім чынам Беларусь можа выкарыстаць польскі досвед.
 
– Я не думаю, што гэта добрая ідэя – параўноўваць. Гэта настолькі розныя працэсы развіцця дзяржавы і грамадства, што параўноўваць вельмі складана. Гэта тое самае, што параўноўваць дзве абсалютна розныя атмасферныя з’явы, якія існуюць па-свойму і маюць на гэта права. Мы жывем у абсалютна розных краінах, і нават словы, якія гучаць у нас аднолькава, абазначаюць розныя рэчы. Я толькі магу сказаць, што беларусы – гэта цудоўныя людзі, якіх я вельмі люблю, – кажа Малгажата.
 
– Вядома, можна карыстацца досведам іншых, але я – за тое, каб развіваць уласны, – дадае Пётр. – Канешне, важна карыстацца напрацоўкамі іншых адосна стандартаў даступнасці. Але асабліва важна памятаць, што працэс іх стварэння не мае завяршэння, мы пастаянна павінны развіваць і пераасэнсоўваць існуючыя стандарты.
 
Важна ацэньваць сітуацыю ў суседзяў крытычна, разумець, што ў іх адбывалася і як гэта працавала, а таксама ўмець перакладаць гэта на ўласную рэчаіснасць і прагназаваць, ці зможа яно спрацаваць у нас і ці падыйдзе нам увогуле.
 
– Мы ў 1980-90-я гады часта ездзілі па досвед да немцаў, бо ў іх на той момант сітуацыя з людзьмі з інваліднасцю была на досыць развітым узроўні. І тое, што для іх было нормай, для нас было светам фантастыкі. І да гэтага часу частка той практыкі, якая прымяняецца ў іх, у Польшчы не ўведзена. Але каштоўным было тое, што мы падыйшлі да іх досведу як да натхнення, а не проста скапіравалі сабе тое, што ёсць у іх. І калі мы прапаноўвалі ўдзельнікам навучальных візітаў прыехаць да нас, мы гэта і мелі на ўвазе. Мы не казалі ім “вазьміце наш досвед і перанясіце да сябе”, мы хацелі іх матываваць, каб яны падыходзілі да гэтага асэнсавана.
 
І ўсё ж падчас гутаркі польскія калегі падзяліліся цікавай лінгвістычнай заўвагай.
 
– Калі мы гаворым пра Польшчу, то кажам “роўнасць”, а вы кажаце “інклюзія”, – тлумачыць Пётр. – Мы ў свой час таксама былі на тым этапе, калі казалі, што нам трэба ўключаць людзей з інваліднасцю ў грамадства. Атрымлівалася, што мы, такія добрыя, уключаем іх у частку нашага вялікага “чагосьці”. У той час як роўнасць прадугледжвае наяўнасць права вырашаць і прымаць нейкую пазіцыю, якая падабаецца канкрэтнаму чалавеку. У той групы, якую “ўключаюць”, застаюцца толькі правы. А пры роўнасці з’яўляюцца яшчэ і абавязкі.
 
Мабыць, гэта і ёсць тая рэч, якая характарызуе і адрознівае сітуацыю з правамі людзей з інваліднасцю ў Беларусі ад досведу Польшчы.
 
Матэрыял падрыхтаваны ў межах міжнароднага праекта “Правы людзей з інваліднасцю: парадак дня для Беларусі (Павестка 50)”.
Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
 
Кампанія “Павестка 50” рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага Звязу ў партнёрстве з Fundacja TUS (Польшча) і грамадскай арганізацыяй “Еўрапейскі дом” (Данія). У Рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь” і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.