Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

“Трэба рухацца да пэўнага ўніверсалізма асяроддзя – будзе ўсім зручна”

12/03/2015

Мы пачынаем рыхтавацца да Тыдня Даступнасці – 2015, асноўныя мерапрыемствы якога запланаваныя на красавік. Прапануем разам з леташнімі ўдзельнікамі ўзгадаць, што намі ўжо было зроблена, чым новым і карысным мы падзяліліся падчас мерапрыемстваў і якія тэматычныя “дзіркі” самы час падлатаць. Калі ў вас ёсць, што сказаць, вы жадаеце далучыцца да падрыхтоўкі ці маеце прапановы, якія дапамогуць зрабіць Тыдзень яшчэ больш якасным, пішыце на электронную скрыню info@disright.org.

У якасці спецыяліста па камунікацыях БГА “Пазітыўны рух” не першы год працуе Таццяна Жарнасек. Яна не па чутках ведае, што такое дыскрымінацыя (адной з мэтавых аўдыторый з’яўляецца ўразлівая група – ВІЧ-станоўчыя і тыя, хто падпадае пад тэрмін “групы рызыкі”), шукае эфектыўныя спосабы згладжвання несправядлівай грамадскай няроўнасці і цікавіцца пашырэннем даступнасці ў сваёй НДА.

Таццяна Жарнасек падзялілася сваім бачаннем наконт мінулага Тыдня Даступнасці:

“Для мяне Тыдзень Даступнасці – гэта, калі можна так сказаць, фестываль ідэй, рэкамендацый, вопыту, практык аб тым, як зрабіць нашае асяроддзе і цалкам краіну даступнымі для ўсіх, незалежна ад тых асаблівасцей, якія могуць мець людзі. Лічу, што мерапрыемства, якое стала традыцыйным, карыснае для розных людзей: журналістаў, чыноўнікаў, грамадскіх актывістаў і тых, чые праблемы звычайна абмяркоўваюцца.

Мне падалося, што ўсе мерапрыемствы Тыдня праходзілі па негалосным правілы “Нічога для нас без нас”. Для мяне як чалавека, што таксама працуе ў НДА, гэта вельмі важна, бо разумею, наколькі важна ўлічваць рэальныя патрэбы мэтавых аўдыторый. Людзі з інваліднасцю, негледзячы на нашу зусім не ідэальную “безбар’ерку” (хаця я разумею, што арганізатары падбіралі найзручнейшыя месцы для правядзення актыўнасцей Тыдня Даступнасці), даволі-такі актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаваннях, мелі магчымасць падзяліцца ўласным досведам, выказаць думку, далучыцца да іншай актыўнасці, нават неяк паўплываць на тое, што адбывалася. Вось і атрымалася: разам мы абмяркоўвалі не “нешта для кагосьці”, а тое, што патрэбна менавіта нам, сёння і ў нашай краіне.

Асабіста для мяне найбольш карысным быў адукацыйны трэнінг “Як арганізаваць даступнае мерапрыемства?”. Быццам бы вочы расплюшчыліся: нават ад маіх дзеяннеў ужо шмат што залежыць. І пашырыць даступнасць можна нават і ўласнымі сіламі, бо даступнасць – гэта не толькі бардзюры і пандусы! Даступнасць пачынаецца з апытанак, якія мы складаем пры наборы новай групы на семінар, з абвестак пра вакансіі, якія мы дасылаем патэнцыйным кандыдатам, з маркіроўкі гарадскога транспарту, вышыні банкаўскага акенца… Спіс можна працягваць і далей. Гэта – нашае паўсядзёнае асяроддзе, тое, з чым мы сутыкаемся кожны дзень. Часам мы і самі не разумеем, што “мірымся” з тым, што нам нязручна. І тут ужо не важна, якія “непрымірэнчыя” асаблівасці ты маеш: ці ты дрэнна бачыш, ці ты не ясі мяса, ці ты перасоўваешся на калясцы, ці ты маленькага росту, ці ты маеш алергію, носіш акуляры… У той ці іншай ступені кожны з нас мае свае асаблівасці і патрабаванні, таму і трэба рухацца да пэўнага ўніверсалізма асяроддзя – будзе ўсім зручна.

Мне падаецца, што арганізатары Тыдня Даступнасці вынайшлі даволі ўдалы фармат для распаўсюджвання не вельмі простай тэмы. Акрамя таго, у людзей з’яўляецца магчымасць знаёміцца адзін з адным, пачынаць нешта рабіць, а не толькі скардзіцца. Мы збіраемся разам, пачынаем думаць глыбей, шукаем падыходы… Разумеючы, што, можа, і не ўсё адразу зменіцца, людзі дзейнічаюць – у гэтым таксама вялікая заслуга мерапрыемства”.