5 мая ва ўсіх еўрапейскіх краінах прынята адзначаць Міжнародны дзень салідарнасці людзей з інваліднасцю ў адстойванні раўнапраўя і супраць дыскрымінацыі. У гэты дзень у 1992 годзе людзі з інваліднасцю з 17 краінаў правялі першы агульнаеўрапейскі дзень барацьбы за роўныя правы і супраць дыскрымінацыі. З тых часоў у Еўропе падобныя акцыі праводзяцца штогод 5 мая, у Дзень Еўропы. У гэты дзень праходзяць круглыя сталы і шырокія грамадскія абмеркаванні праблемаў інваліднасці, шэсці, акцыі дзеля прыцягнення ўвагі да самых вострых тэмаў з жыцця людзей з інваліднасцю.
5 мая 2014 года з ініцыятывы Еўрапейскай сеткі незалежнага жыцця (ENIL) адзначаецца пад дэвізам “Stop Disability Cuts”. Асноўным заклікам ад сеткі арганізацыяў, якія працуюць у многіх краінах Еўропы на карысць людзей з інваліднасцю, з’яўляецца заклік да павагі асаблівых патрэбаў людзей, якія маюць розныя формы інваліднасці, а таксама забеспячэнне для іх такіх умоваў навакольнай прасторы, у якіх яны на роўных могуць удзельнічаць ва ўсіх сферах жыцця.
Офіс па правах людзей з інваліднасцю заклікае ў гэты дзень успомніць аб тым, што да гэтага часу з’яўляецца праблемай, гэта – адсутнасць роўнасці правоў для людзей з інваліднасцю і без. Бо ў нашым грамадстве ўсё яшчэ захаваны і выкарыстоўваюцца практыкі выключэння з галоўных жыццёвых працэсаў людзей, якія маюць інваліднасць; далёка не ўсе асаблівасці інваліднасці прызнаюцца і паважаюцца як частка чалавечай разнастайнасці. Офіс па правах людзей з інваліднасцю заклікае ўсіх неабыякавых у гэты дзень успомніць, што нашай краінай пакуль не падпісана Канвенцыя аб правах інвалідаў (ААН, 2006), што застаецца галоўным негатыўным сімвалам гэтага дня. Мы заклікаем 5 мая кожнага падумаць аб тым, што ён канкрэтна мог бы зрабіць для таго, каб прыбраць бар’еры адрозненняў і дыскрымінацыі ў сферы ажыццяўлення ўсіх правоў чалавека людзьмі з інваліднасцю.