Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Адбылася прэзентацыя вынікаў праекта "Маніторынг безбар'ернага асяроддзя"

14/02/2013

Скончыўся праект "Маніторынг безбар'ернага асяроддзя", які праводзіў Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Прэзентацыя вынікаў праекта адбылася 6 лютага 2013 года. Офіс па правах людзей з інваліднасцю прадставіў увазе тых, хто сабраўся, выдадзеныя паводле вынікаў праекта "Дапаможнік у маніторынгу даступнасці архітэктурных аб'ектаў, будынкаў і збудаванняў для людзей з інваліднасцю" і Інструмент для абследавання даступнасці аб'ектаў для людзей з інваліднасцю і іншых катэгорыяў фізічна аслабленых асобаў.

На мерапрыемстве выступілі каардынатар і ўдзельнікі праекта: супрацоўнікі Офіса па правах людзей з інваліднасцю, удзельнікі кааліцыі "Даступнасць", запрошаныя эксперты. Інструмент маніторынгу безбар'ернага асяроддзя прадставіла каардынатар праекту Галіна Крот: "Сам інструмент складзены на падставе СТБ 2030-2010 "Асяроддзе пасялення для фізічна аслабленых асобаў. Асноўныя палажэнні". Простаму чалавеку самастойна складана разабрацца ў будаўнічых нарматывах. Характар ​​дапаможніка такі, што не патрабуе спецыяльнай адукацыі ў архітэктуры і будаўніцтве. Для правядзення маніторынгу не трэба складаных інструментаў, а досыць алоўка для запісаў, анкеты, рулеткі, калькулятара і лічбавага фотаапарата".

Перад прысутнымі выступіў запрошаны эксперт Наталля Лазоўская, выкладчык БНТУ, кандыдат архітэктуры, дацэнт: "Студэнты БНТУ, якія прымалі ўдзел у тэставанні, спачатку не зусім ясна разумелі праблему - яна ж так далёкая ад іх. Але вось тыя, хто ўжо стаў бацькамі, і шпацыруюць з дзіцячай каляскай, яны якраз па-сапраўднаму ацанілі нашае "безбар'ернае" асяроддзе. Здароваму чалавеку, без праблемаў у перамяшчэнні, складана з ходу зразумець, чаму пандус у 5 см - гэта бяда. Я лічу, што для падобных тэставанняў проста неабходна запрашаць мэтавыя групы - людзей з інваліднасцю, раварыстаў, мамаў з каляскамі. Чалавек, які кожны дзень сутыкаецца з гэтай праблемай, лепш бачыць, ШТО менавіта трэба ацэньваць і мяняць. Менавіта таму ў ходзе праекта мы імкнуліся максімальна спрасціць анкету, паменшыць яе, каб ёю маглі скарыстацца ўсе ахвотныя, незалежна ад таго, ёсць у іх архітэктурная адукацыя ці не".

Галіна Крот расказала таксама аб далейшым прымяненні створанага інструменту маніторынгу: "Мы ўпэўненыя, што наш інструмент будзе цікавы і карысны і грамадству, і дзяржаве. Нашы кнігі і дапаможнік мы будзем распаўсюджваць у грамадскіх арганізацыях, у цэнтрах сацыяльнай падтрымкі, нейкую частку перададзім у розныя міністэрствы і ведамствы. Важна тое, што наш інструмент нацэлены на выкарыстанне самімі людзьмі з інваліднасцю. Зараз любы чалавек можа пратэставаць той аб'ект, які яго цікавіць, не звяртаючыся па дапамогу спецыялістаў. Што рабіць з вынікам тэсту, кожны вырашае сам: складаць каталог або карту, звяртацца ў органы ўлады або ў суд. Мы кажам: "Ад даступнасці - да роўнасці!". Трэба разумець, што стварэнне ўмоваў для роўнага пражывання - гэта неабходны і важны складнік існавання любога грамадства".

Нагадваем, што рэалізацыя праекта Офіса па правах людзей з інваліднасцю "Маніторынг безбар'ернага асяроддзя" пачалася ў ліпені 2012 года. Праект быў скіраваны на стварэнне інструменту маніторынгу безбар'ернага асяроддзя і яго пілотнае прымяненне. У рамках праекта кааліцыя "Даступнасць" і запрошаныя эксперты правялі аналіз дзейсных інструментаў маніторынгу безбар'ернага асяроддзя, а таксама падрыхтавалі і выдалі "Дапаможнік у маніторынгу даступнасці архітэктурных аб'ектаў, будынкаў і збудаванняў для людзей з інваліднасцю" і Інструмент для абследавання даступнасці аб'ектаў для людзей з інваліднасцю і іншых катэгорыяў фізічна аслабленых асобаў.

Абодва выданні можна запампаваць праз гэтую спасылку.