Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Дзённік навучальнага візіту ў Данію

17/10/2018
Мясцовыя павесткі амаль дапісаныя, міні-праекты надыходзяць да свайго канца, а ў кампаніі “Павестка 50” наступіў адзін з найцікавейшых момантаў кампаніі — навучальны візіт у Каралеўства Данія, які быў арганізаваны Офісам па правах людзей з інваліднасцю і партнёрскай арганізацыяй Еўрапейскі дом. Уражанні ўдзельнікаў і ўдзельніц, сустрэчы ў міністэрствах, муніцыпалітэтах, сацыяльных установах і пераасэнсаванне досведу — усё гэта чытайце ў дзённіку навучальнага візіту.
Абмен досведам
Важная частка кампаніі “Павестка 50” — гэта абмен досведам паміж беларусамі і прадстаўнікамі Еўрапейскага саюзу. Таму пісаць лакальныя павесткі беларускім актывістам і актвісткам дапамагаюць польскія трэнеры з фундацыі TUS. Іншы немалаважны “інтэрнацыянальны” складнік праграмы — навучальныя візіты. Каманда “Павесткі 50” наведала Варшаву, зараз на чарзе — Капенгаген.
— На працягу апошніх гадоў, працуючы ў маладых гарадах Беларусі, удзельнікам было дастаткова праблематычна ўспрымаць новы для іх падыход фармулявання мясцовай палітыцы ў адносінах да інваліднасці. Ён будуецца на прынцыпе “знізу-ўверх” — калі мясцовая супольнасць засноўваючыся на сваіх ведах патрэбнасцяў людзей з інваліднасцю, якія жывуць разам з імі, ведаюць спецыфіку свайго рэгіёну і фармулююць прыярытэты мясцовай палітыцы, — гаворыць каардынатар кампаніі “Павестка 50” Міхаіл Мацкевіч.
Пасля падпісання і ратыфікацыі Беларуссю Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю, мясцовыя органы ўлады, сацыяльныя супрацоўнікі, грамадскія арганізацыі апынуліся ў новай сітуацыі, дзе ім патрэбна імплементаваць існуючыя стандарты Канвенцыі пад нерэфармаваную сістэму.
Каралеўства Данія праходзіла гэты шлях дзесяцігоддзі таму і мае перадавы вопыт у пытаннях дзяржаўных дачыненнях да неабароненых групаў насельніцтва. Гэты візіт стаў добрай магчымасцю пабачыць на ўласныя вочы, як гэта магчыма ў і для Беларусі.
Галоўнай мэтай візіту стала паказаць беларускім актывістам, сацыяльным работнікам і прадстаўнікам улады, як у Даніі была ўкаранёна Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю і як агулам працуе сацыяльная сістэма.
Што пабачылі ўдзельнікі візіту?
У Данію адправіліся актыўныя ўдзельнікі груп па развіцці мясцовых павестак. Сярод іх: сацыяльныя супрацоўнікі і некамерцыйныя арганізацыі. Ад кожнай пілотнай тэрыторыі — па два прадстаўнікі.
Праграма візіту была надзвычай насычанай: сустрэчы, трэнінгі, знаёмствы з рознымі людзьмі. Падчас візіту ўдзельнікі і ўдзельніцы здолелі наведаць розныя сацыяльныя ўстановы Каралеўства Данія: Дацкую арганізацыю інвалідаў, Дацкае агенцтва рынку працы і найма, Дацкі інстытут правоў чалавека і нават Міністэрства па справах дзяцей і сацыяльнай абароны.
Месцы для візітаў выбіраліся проста: гэта тыя ўстановы, праз якія можна пабачыць, як Данія ўкараняла Канвенцыю па правах людзей з інваліднасцю. Таксама ўдзельнікі наведалі выспу Баргхольм. На ёй жыве 40 тысяч чалавек, таму тэрыторыя падобная да беларускіх раёнаў.
— Я спадзяюся, што, дзякуючы візіту ўдзельнікі здолелі паглядзець на інваліднасць не толькі ў медычным, але і ў сацыяльным сэнсе, — кажа Лені Петэрсэн, прадстаўніца арганізацыі Еўрапейскі дом. — Мы стараліся паказаць, якія паслугі дасяжныя да людзей з інваліднасцю ў Даніі.
Перагледзець стаўленне да працы
— Мне вельмі спадабаўся адукацыйны візіт, — кажа Святлана Блашко, дырэктарка Стаўпецкага ТЦСАН і каардынатарка напісання лакальнай павесткі ў Стоўпцах. — Уражанняў процьма. Я першы раз палятала на самалёце, гэта захапляльна! Капенгаген уразiў сваей непаўторнасцю — гэта горад-музей.
Святлана кажа, што карысным для яе працы былі ўсе часткі навучальнага візіту. Важна было зразумець сістэму працы, знайсці адрозненні.
— Больш за ўсё было цікава наведаць муніцыпалітэт на выспе Баргхольм. Праца муніцыпалітэтаў з людзьмі з інваліднасцю нагадвае працу беларускіх ТЦСАН: там людзі з інваліднасцю могуць пабавіць свой адпачынак, пражываць там і працаваць. Вельмі ўразіла безбар’ернае асяроддзе: фактычна любы будынак дасяжны для людзей з інваліднасцю.
— Я лічу, што гэты візіт падштурхнуў людзей да разваг адносна існуючай сістэмы сацыяльнай дапамогі, прынцыпаў і мэтаў, згодна з якімі аказваецца сацыяльная дапамога, — кажа Міхаіл Мацкевіч. — Безумоўна, некаторыя з гэтых лепшых практык немагчыма рэалізаваць на мясцовым узроўні пакуль не адбудуцца кардынальныя змены на нацыянальным узроўні, — кажа Міхаіл Мацкевіч
Уражанні Святланы падзяляе і Анжаліна Шпакоўская, каардынатарка “Павесткі 50” са Шчучына.
— Гэтая вандроўка была патрэбная, каб пабачыць дацкую сацыяльную сістэму. Мне, як чалавеку, які працуе ў беларускай сістэме, вандроўка была вельмі карысная. Магу сказаць, што ў нас шмат працы — Данія прасунулася на годы наперад. Там Канвенцыя — гэта не молат, а інструмент дыялогу, — распавядае яна. — Людзі з інваліднасцю ў Даніі не сядзяць у чатырох сценках, а імкнуцца заняць сваю нішу ў грамадстве і прыносіць карысць. Дзякуючы новым ведам мы адкарэктуем лакальную павестку.
Падрабязней пазнаёміцца з матэрыяламі адукацыйнага візіту можна ў прэзентацыі, якую падрыхтавала адна з ягоных удзельніц Анастасія Мельнікава. Прэзентацыя дасяжная па спасылцы.

Матэрыял падрыхтаваны ў межах міжнароднага праекта “Правы людзей з інваліднасцю: парадак дня для Беларусі (Павестка 50)”.

 

Кампанія “Павестка 50” рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага звязу ў партнёрстве з Fundacja TUS (Польшча) і грамадскай арганізацыяй “Еўрапейскі дом” (Данія). У рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь” і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.