
Фонд Эсль, Рада «Будучыня свету» і Банк Аўстрыі аб'ядналі намаганні, каб склікаць міжнародную канферэнцыю ў Вене, Аўстрыя. Арганізатары, у супрацоўніцтве з Міжнароднай арганізацыяй працы, маюць намер павысіць інфармаванасць аб інавацыйных рашэннях з усяго свету, з дапамогай якіх рэалізуюцца правы на працу асобаў з інваліднасцю. Канферэнцыя заклікана ўзмацніць прыхільнасць усіх зацікаўленых асобаў садзейнічанню, абароне і прасоўванню правоў людзей з інваліднасцю і паляпшэнню сітуацыі з іх занятасцю.
Годная праца: не больш і не менш.
Вена, Аўстрыя, 18 і 19 лютага 2013
На другой Канферэнцыі праекту «Зэро» на тэму «Правы на працу асобаў з інваліднасцю: інавацыйная палітыка і інавацыйная практыка» парламентарыі, прадстаўнікі НДА і фондаў, выкладчыкі, сацыяльныя прадпрымальнікі, актывісты за правы інвалідаў і дзелавыя колы сабраліся, каб абмеркаваць 11 інавацыйных стратэгій і 40 інавацыйных практык з усяго свету і вывучыць шляхі садзейнічання ім і распаўсюджвання іх на іншыя краіны.
Разам інавацыйныя палітычныя стратэгіі і інавацыйныя практыкі раскрываюць сутнасць многіх найбольш важных пытанняў датычна правоў на працаўладкаванне асобаў з інваліднасцю, якія зацікаўленыя бакі ва ўсім свеце павінны забяспечваць згодна з Канвенцыяй ААН аб правах інвалідаў. Да гэтых пытанняў адносяцца, напрыклад, доступ да вучнёўства, спецыяльная падтрымка асобаў з інтэлектуальнымі або псіхасацыяльнымі парушэннямі, службы занятасці, мікрафінансаванне, умовы працы і вяртанне да працы.

(У цэнтры ўвагі 2-й Канферэнцыі праекту «Зэро» знаходзіцца тэма «Праца для людзей з інваліднасцю». Удзельнікі прыбылі з 36 краін з 5-ці кантынентаў. Кунстраум "Ніжняя Аўстрыя», Вена. Фота Андрэ Новака).
Інавацыйныя стратэгіі: пракладваючы шлях
Грунтуючыся на поспеху першай канферэнцыі ў студзені 2012 г., на гэтай канферэнцыі праекта «Зэро» прадстаўлена 11 інавацыйных палітычных стратэгій. Усе яны ўтрымліваюць перспектыўныя элементы, дасягнулі вызначальных паляпшэнняў на месцах і паказваюць на пазітыўныя дынамічныя змены, якія можна лёгка паўтарыць у многіх краінах свету для садзейнічання выкананню Канвенцыі. Яны пераадольваюць умовы, якія дзейнічаюць як перашкоды да поўнага ажыццяўлення правоў на працу асобамі з інваліднасцю, і ўяўляюць сабой вынік шматузроўневага даследавання і працэсу адбору:
· па ўсталяванні права на трохгадовую адукацыю моладзі пасля пачатковай школы і малодшых класаў сярэдняй школы: дацкі закон аб сярэдняй адукацыі маладых людзей з асаблівымі патрэбамі;
· па ўвядзенні права на інклюзіўнае прафесійнае навучанне на прадпрыемстве: аўстрыйскі закон аб прафесійным навучанні;
· па садзейнічанні ліквідацыі бар'ераў на працоўным месцы, прапаноўваючы асобам з інваліднасцю сродкі і падтрымку для знаходжання або захавання працы: аўстралійская праграма «Доступ да працы»;
· для комплекснага падыходу да пераадолення звязаных з працай перашкод у выніку інваліднасці: брытанская праграма «Доступ да працы»;
· для прызнання таго, што працаўладкаванне, якое падтрымліваецца, з'яўляецца эфектыўным сродкам, з дапамогай якога людзі з высокімі патрэбамі ў падтрымцы могуць атрымаць значную працу: іспанскі каралеўскі ўказ аб правілах праграмы працаўладкавання, якое падтрымліваецца;
· па садзейнічанні сур'ёзнай занятасці для людзей з інтэлектуальнымі парушэннямі праз бесперапынную падтрымку, якая прыносіць па меншай меры мінімальны даход: праграма падтрымкі прафесійнага навучання 1986 правінцый Ньюфаўндленд і Лабрадор, Канада;
· па паспяховым аказанні дапамогі кліентам службаў псіхічнага здароўя ў пошуку аплачванай працы: брытанскае «Індывідуальнае працаўладкаванне і падтрымка»;
· па адмене дыскрымінацыйных палажэнняў, згодна з якімі ўладальнікам майстэрняў, якія падтрымліваюцца, давалася агульнае вызваленне ад нормаў заканадаўства аб мінімальнай заработнай плаце і адпачынках у сувязі са святамі і з прычыны хваробы: новазеландскі закон аб адмене садзейнічання занятасці інвалідаў;
· па ўсталяванні таго, што ў выпадку меншай працаздольнасці з прычыны хваробы або набытай інваліднасці працадаўцы павінны прыняць усе разумныя меры па захаванні работніка на прадпрыемстве: шведскі закон аб абароне занятасці;
· для забеспячэння магчымасці тым, хто працуюць па найму, аднаўляць занятасць і вяртацца да працы: малазийская праграма вяртання да працы;
· па ўсталяванні - у якасці першай федэральнай дзяржавы ў свеце, якая гэта зрабіла - навучання па прынцыпе «роўны навучае роўнага» як сацыяльнай прафесіі: закон аб сацыяльных прафесіях зямлі Верхняя Аўстрыя.
Інавацыйныя практыкі: важныя крокі
На Канферэнцыі праекту «Зэро» 2013 прадстаўлена 40 інавацыйных практык з усяго свету. Працэсам адбору гэтых інавацыйных практык быў шматкрокавы падыход, які ўключаў на кожным этапе сетку экспертаў.
Рэалізацыя многіх з гэтых метадаў не абмяжоўвалася якім-небудзь асобным глабальным рэгіёнам. Прыклады такіх практык ёсць і ў Лацінскай Амерыцы, і ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. Ахоп адной інавацыйнай практыкі ўключае ў сябе Бангладэш, Кітай, Індыю, Ліберыю, Пакістан і Уганду. А чатыры іншыя асобныя практыкі ажыццяўляліся ў адной толькі Індыі. Блізкі Усход прадстаўлены прыкладам з Лівана. Акрамя Канады, Еўропы, Скандынавіі і ЗША практыкі прадстаўлены таксама ва Усходняй Еўропе: у Балгарыі, Чэшскай Рэспубліцы, Малдове і Польшчы. І яшчэ ёсць практыкі, якія, паколькі яны ажыццяўляюцца праз Інтэрнэт, выходзяць за межы ўсіх геаграфічных бар'ераў, становячыся сапраўды бязмежнымі.
Асобныя парушэнні, ахопленыя адмысловымі практыкамі, уключаюць у сябе: расстройствы аутыстычнага спектру, інтэлектуальныя парушэнні і парушэнні развіцця, псіхасацыяльныя парушэнні, парушэнне зроку і слепата, парушэнне слыху і глухата. Ёсць і іншыя практыкі, якія звернутыя да ўсіх асобаў з інваліднасцю без адрознення.
Некаторыя з гэтых інавацыйных практык ужо сталі міжнароднымі, так што разам узятыя яны ажыццяўляюцца яшчэ ў 25 краінах на ўсіх кантынентах. Акрамя таго, значная доля гэтых сарака інавацыйных практык фактычна забяспечвае наўпроставую занятасць людзям з інваліднасцю на працоўных месцах, якія асабліва падтрымліваюць іх адмысловыя навыкі.
Арыгінальную навіну чытайце на афіцыйным сайце http://www.zeroproject.org/




