Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Недаступнасць вэб паслуг сэрвісаў для людзей з інваліднасцю

29/03/2013

Многія еўрапейцы з інваліднасцю адчуваюць сябе адрэзанымі ад інфармацыйных паслуг, таму што дзве траціны сайтаў для іх недаступныя. На Еўрапейскім форуме людзей з інваліднасцю лічаць, што неабходна вырашаць гэтую праблему на заканадаўчым узроўні.

«Я зайшоў на ўрадавы сайт, на якім знаходзілася кароткае відэа аб правядзенні выбараў, але не змог нічога зразумець, бо там не было версіі з мовай жэстаў».

«Інтэрнэт дае нам вялізныя магчымасці, але я не магу зайсці на мой рахунак у банку, таму што працэс аўтарызацыі вельмі складаны для мяне».

«Па радыё я пачуў рэкламу, якая інфармуе слухачоў пра тое, як аплачваць электрычнасць онлайн. Мяне гэта зацікавіла, і я зайшоў на згаданы сайт. Але там аказалася вельмі шмат флэш анімацыі, а я сляпы і мая праграма чытання з экрана не змагла нічога прачытаць, таму ў мяне не атрымалася аплаціць рахунак за электрычнасць онлайн, як гэта робяць іншыя людзі».

Гэта рэальныя прыклады, якія паказваюць недастатковую даступнасць Інтэрнэту для людзей з інваліднасцю. Гэта прыклад таго, з чым штодня сутыкаюцца Ларс з Даніі, Алена з Польшчы, Стэфан з Германіі і ўсе еўрапейцы з інваліднасцю, якія адчуваюць сябе адрэзанымі ад інфармацыйных сэрвісаў, якімі карыстаюцца ўсе астатнія грамадзяне Еўрапейскага Саюза.

Доступ да інфармацыйнага грамадства, інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогіяў з'яўляецца фундаментальным правам усіх грамадзянаў і ўмовай для іх поўнага і актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства. У Еўропе пражывае каля 80 мільёнаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, што складае 15 працэнтаў усяго насельніцтва Еўропы, і пра іх нельга так проста забыцца.

ЕС ратыфікаваў Канвенцыю аб правах інвалідаў ААН, якая разглядае даступнасць як адзін з фундаментальных прынцыпаў, які забяспечвае права людзей з інваліднасцю на доступ да інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогіяў, уключаючы Інтэрнэт, на роўных умовах з іншымі людзьмі.

«Сеткавая даступнасць» азначае, што вэбсайт або вэб-паслугі, уключаючы мабільны інтэрнэт, лёгка выкарыстаць, разумець, узаемадзейнічаць, рабіць гэта бяспечна і незалежна любому чалавеку з інваліднасцю пры любых абставінах, уключаючы надзвычайныя выпадкі.

Тым не менш, на сённяшні дзень дзве траціны грамадскіх вэбсайтаў у Еўропе недаступныя людзям з інваліднасцю. Еўрапейскі рух людзей з інваліднасцю неаднаразова праводзіў кампаніі, скіраваныя на тое, каб зрабіць сеткавую даступнасць для людзей з інваліднасцю рэальнасцю.

У мінулым снежні Еўракамісія выступіла з заканадаўчай ініцыятывай аб даступнасці грамадскіх вэбсайтаў. Гэтая ініцыятыва была адрасавана дванаццаці галінам грамадскага сектара, якія маюць свае вэбсайты, такім як: дэклараванне даходаў, паслугі ў пошуку працы, адукацыйныя сайты, сайты па ахове здароўя і г.д. Гэта з'яўляецца адным са складнікаў праграмы Еўракамісіі «Лічбавы парадак дня», што закліканая забяспечыць поўную даступнасць вэбсайтаў, якія прадстаўляюць асноўныя паслугі грамадзянам, да 2015 года.

Еўрапейскі рух людзей з інваліднасцю вітае гэтую ініцыятыву як першы станоўчы крок да знішчэння бар'ераў на шляху доступу ў Інтэрнэт і выкарыстання інтэрнэт-прадуктаў і сэрвісаў. Гэта з'яўляецца добрай магчымасцю для ЕС, каб прымяніць Канвенцыю па правах людзей з інваліднасцю ААН, а таксама праверыць свае рэальныя магчымасці на шляху дасягнення мэты поўнай даступнасці.

Прааналізаваўшы прапанову Еўракамісіі, мы лічым, што калі яна сапраўды хоча забяспечыць доступ грамадзян з інваліднасцю да грамадскіх вэбсайтаў, то неабходна ажыццявіць шэраг змяненняў. Гэтага можна дасягнуць толькі праз пашырэнне межаў прапанаванага і стварэнне механізму абароны людзей з інваліднасцю.

Мы прапануем пашырыць рамкі прапанаванага Еўракамісіяй. Дадзеная ж прапанова здаецца нам абмежаванай: у яе варта ўключыць усе сайты грамадскіх органаў, якія забяспечваюць абслугоўванне насельніцтва, такія як школы, універсітэты, бібліятэкі, службы занятасці, ахова здароўя і грамадскі транспарт.

Павінен быць створаны адмысловы механізм абароны. Мы лічым, што без эфектыўнага механізму абароны і сістэмы маніторынгу, у якой бы прымалі ўдзел людзі з інваліднасцю і арганізацыі, што іх прадстаўляюць, гэтая ініцыятыва не зможа забяспечыць даступнасць вышэйзгаданых вэбсайтаў.

Павінен таксама прысутнічаць рынкавы падыход. Сеткавая даступнасць прыносіць карысць не толькі людзям з інваліднасцю, а таксама эканоміцы і грамадству ў цэлым. Рынак адыгрывае такую ​​ж ролю, як і іншыя элементы сацыяльнай інклюзіі: роўнасць, недыскрымінацыя і сацыяльная справядлівасць.

Арыгінальную навіну чытайце тут - (http://www.publicserviceeurope.com/article/3238/people-with-disabilities-excluded-from-web-services)