Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Судовыя справы. Агляд

25/01/2013

На працягу 2012 года Офіс па правах людзей з інваліднасцю назіраў і аказваў садзейнічанне ў некалькіх прэцэдэнтных судовых разглядах у сферы абароны правоў людзей з інваліднасцю. Усе судовыя справы завяршыліся на карысць пазоўнікаў - людзей з інваліднасцю, якія адстойваюць свае правы. Праз некаторы час мы звярнуліся да пазоўнікаў з пытаннямі: "Што адбылося пасля заканчэння судовага разбору? Ці прыведзены ў выкананне судовыя рашэнні?"

Судовая справа Халецкага: працоўныя адносіны

Судовае паседжанне па пазове Халецкага А.П. да ЗАТ "Аўтазаводскі" аб прызнанні загада незаконным, аднаўленні на працы, спагнанні сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу, кампенсацыі маральнай шкоды прайшло 24 верасня 2012 г. і скончылася прызнаннем законнымі ўсіх патрабаванняў істца. 13 снежня 2012 г. ў касацыйнай інстанцыі Мінскага гарадскога суда адбылося апошняе судовае паседжанне па справе Халецкага А.П. да ЗАТ "Аўтазаводскі" па касацыйнай скарзе адказчыка (ЗАТ "Аўтазаводскі") і касацыйнаму пратэсту пракурора. У працэсе судовага паседжання пратэст пракурора быў адкліканы. А касацыйная скарга адказчыка была разгледжана, але рашэнне суда засталося без зменаў. Мяркуючы па тэрмінах, якія прайшлі з апошняга паседжання, адказчык далей справу не развівае і пагадзіўся з рашэннем суда. Аднак, пазоўнік да гэтага часу чакае выплаты кампенсацыі і вяртання дзяржаўнай пошліны. Паводле закону ён вымушаны будзе неўзабаве звярнуцца да судовага выканаўцы.

Справа "Аб безбар'ерным асяроддзі" Рычарда Паўлоўскага

Рычард Паўлоўскі, інвалід-вазочнік, вырашыўшы забяспечыць сябе жыллём, заключыў дамову з будаўнічай кампаніяй Х "на стварэнне аб'екту долевага будаўніцтва жылога дома". Аднак забудоўшчык парушыў нарматывы будаўніцтва. З той прычыны, што ў добраахвотным парадку забудоўшчык адмовіўся ад прывядзення дома ў адпаведнасць з будаўнічымі нарматывамі, Рычард Паўлоўскі падаў іскавую заяву ў суд Першамайскага раёна горада Мінска. 27 верасня 2012 г прайшло апошняе судовае паседжанне па справе Р.Паўлоўскага. Суд задаволіў усе патрабаванні істца і перадаў дакументы судоваму выканаўцу Першамайскага раёна горада Мінска. Але паколькі жылы дом, які фігуруе ў справе, знаходзіцца на тэрыторыі Цэнтральнага раёна, дакументы з Першамайскага раёна неўзабаве былі перададзеныя туды. З таго часу Рычард Паўлоўскі не мае ніякай інфармацыі аб прасоўванні яго справы. "Я думаю, што хтосьці ўсё гэта спецыяльна зацягвае", - лічыць пан Паўлоўскі.

Справа Мацкевіча: інвалід-вазочнік выйграў справу аб парушэнні нормаў безбар'ернага асяроддзя

Упершыню ў Беларусі судова ўстаноўленая вінаватасць адказнай арганізацыі (Бабруйскае унітарнае камунальнае даччынае дарожна-эксплуатацыйнае прадпрыемства) за парушэнне нормаў безбар'ернага асяроддзя. Пацярпелы пры гэтым інвалід-вазочнік атрымаў кампенсацыю за маральную шкоду. Устаноўленая непасрэдная сувязь паміж парушэннем нормаў безбар'ернага асяроддзя і парушэньнямі правоў чалавека з інваліднасцю.
23 ліпеня 2012 года адбылося фінальнае слуханне. Гарадскі суд г. Бабруйска задаволіў іскавую заяву Сяргея Мацкевіча, інваліда 1-й групы, да Бабруйскага унітарнага камунальнага даччынага дарожна-эксплуатацыйнага прадпрыемства аб кампенсацыі маральнага ўрону. Пасля паўгадавога перапынку Сяргей Мацкевіч распавёў, што адбываецца далей: "Мы перамаглі і суд прысудзіў адказчыку пакрыць мне маральную шкоду і ўсе выдаткі. Пакуль мне іх не пакрылі. Але! Той рэзананс, які быў выкліканы гэтым судовым разглядам, зрабіў сваю справу: кампанія-адказчык абвясціла аб сваім намеры правесці работу па паніжэнні ўсіх пешаходных пераходаў у Бабруйску. Ужо зараз праведзена даследаванне інфраструктуры, і я ўпэўнены, што ў будучыні Бабруйск стане больш даступным горадам".

Сітуацыю каментуе каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі: "Справы, якія мы прывялі ў прыклад, з'яўляюцца прэцэдэнтнымі. Іх паспяховае заканчэнне ў судзе паказвае станоўчы патэнцыял развіцця тэмы абароны правоў людзей з інваліднасцю ў нашай краіне. Мы будзем і ў далейшым сачыць за развіццём падзеяў".