Працягваецца рэгіянальны этап інфармацыйнай кампаніі "Даступнасць", якую праводзіць Офіс па правах людзей з інваліднасцю. 8 лютага сустрэча прайшла ў Віцебску.
На сустрэчы выступілі каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі і юрыст юрыдычнай прыёмнай Юлія Конак. Спікеры расказалі прысутным аб правах людзей з інваліднасцю, заканадаўчай базе, Канвенцыі аб правах інвалідаў (ААН).
Ключавая ўвага была ўдзелена пытанням безбар‘ернага асяроддзя - ліквідацыі бар‘ераў у жыцці людзей з інваліднасцю, якія перашкаджаюць ім весці паўнавартаснае жыццё. Такія бар‘еры ўключаюць ментальныя, эканамічныя, архітэктурныя, сацыяльныя аспекты жыцця беларускіх інвалідаў.
Таксама перад прысутнымі выступілі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый і навучальных устаноў, у тым ліку прадстаўнік камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, старшыня абласнога БелТІЗ, прадстаўнік юрыдычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя. Машэрава.
Нагадваем, што ў перыяд з 31 студзеня па 21 лютага 2012 Офіс па правах людзей з інваліднасцю праводзіць рэгіянальны этап інфармацыйнай кампаніі «Даступнасць».
Інфармацыйная кампанія "Даступнасць" накіравана на ліквідаванне бар‘ераў ва ўсіх сферах жыцця: архітэктурную даступнасць, даступнасць паслуг, сэрвісаў, інфармацыі, даступнасць адукацыі і працаўладкавання. Гэта і многае іншае забяспечвае людзям з інваліднасцю іх права весці паўнавартаснае жыццё і быць уцягнутымі ў жыццё грамадства.
Слоган інфармацыйнай кампаніі "Даступнасць": Кожнае грамадства моцнае настолькі, наколькі моцныя ўсе яго члены. Офіс па правах людзей з інваліднасцю выступае за інклюзіўнае грамадства, у жыцці якога могуць прымаць поўны ўдзел усе людзі. Поўнае ўключэнне ў грамадства азначае, што інваліды прызнаюцца і цэняцца як роўныя ўдзельнікі. Іх патрэбы разумеюцца як неад‘емная частка сацыяльна-эканамічнага парадку, а не разглядаюцца як "адмысловыя". Для забеспячэння поўнага ўключэння неабходная даступнае, свабоднае ад бар‘ераў фізічнае і сацыяльнае асяроддзе. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму права на жыццё, на працу, адпачынак, ахову здароўя, адукацыю, сацыяльнае забеспячэнне, удзел у культурным жыцці, свабоду перамяшчэння, абарону правоў. Людзі з інваліднасцю маюць такія ж канстытуцыйныя гарантыі. Забеспячэнне практычна ўсіх правоў і свабодаў у дачыненні да людзей з інваліднасцю наўпрост або ўскосна звязана з захаваннем прынцыпу даступнасці.
Наступныя інфармацыйныя дні пройдуць у Магілёве (15.02) і Гомелі (16.02). Заключная сустрэча рэгіянальнага этапу інфармацыйнай кампаніі "Даступнасць" адбудзецца 21 лютага ў Мінску.
Для атрымання больш поўнай інфармацыі, а таксама для акрэдытацыі (рэгістрацыі) на наступныя інфармацыйныя дні неабходна адправіць заяўку на e-mail: : info@disright.org Тэлефон +375 25 9090602.
Для прадстаўнікоў СМІ e-mail: pr@disright.org Тэлефон +375 25 9090602.
Падрабязнасці на сайце www.disright.org