Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Спецыяльная адукацыя ў новым навучальным годзе: факты і лічбы

05/09/2011

Інтэграваная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь

Паводле папярэдніх звестак упраўлення спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (звесткі на пачатак 2012 г.), у новым навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі функцыянуе:

- 179 спецыяльных класаў і 714 спецыяльных групаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця;

- 5787 інтэграваных класаў і 597 групаў;

- Больш за 62% усіх дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія маюць патрэбу ў спецыяльнай адукацыі, навучаюцца ў інтэграваных класах у агульнаадукацыйных сярэдніх школах.

Паводле інфармацыі начальніка ўпраўлення спецыяльнай адукацыі Антаніны Міхайлаўны Змушко, каля 1300 вучняў навучаюцца дома па спецыяльных вучэбных планах, больш за 5000 вучняў навучаецца ў спецыяльных агульнаадукацыйных і дапаможных школах-інтэрнатах, больш за 1600 вучняў навучаецца ў спецыяльных школах, якія не з’яўляюцца інтэрнатамі.

Антаніна Міхайлаўна Змушко пракаментавала сітуацыю: «Навучальны год для інтэграванага навучання і выхавання пачаўся з годнымі паказнікамі. Адкрыліся новыя класы і групы інтэграванага навучання і выхавання, у якіх рэалізуюцца адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі і адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі. Мы актыўна рухаемся ў бок інтэграванай адукацыі. Колькасць вучняў, якія навучаюцца дома, у спецыяльных школах або ў школах-інтэрнатах памяншаецца кожны год. У той жа час штогод назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння колькасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія навучаюцца ў інтэграваных класах».

Безбар’ернае асяроддзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь.

- Больш за 10 школ з безбар’ерным асяроддзем (Мінск, Віцебск, Гомель, Гродна).

Распавядаючы аб стварэнні безбар’ернага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, Антаніна Міхайлаўна адзначыла: «У Гродне адкрылася новая сярэдняя школа № 38, у якой створана безбар’ернае асяроддзе. Прычым прынцыпы безбар’ернага асяроддзя тут не сканчаюцца проста наяўнасцю пандуса ля ўваходу. Для вучняў абсталяваныя спецыяльныя ліфты, кабінкі ў туалетах і г.д. Пакуль у школе навучаецца толькі 2 дзіцяці з інваліднасцю. Упэўненая, што гэта абумоўлена двума фактарамі. Бацькі вучняў з інваліднасцю маральна і псіхалагічна не гатовыя пакуль аддаваць сваіх дзяцей у падобныя школы, ім прасцей навучаць іх дома або ў спецыяльных навучальных установах. Ды і сама школа яшчэ не да канца гатовая прыняць вялікую колькасць падобных вучняў. Неабходны час на фармаванне педагагічнага калектыву, набор і навучанне настаўнікаў, трэба адчыняць стаўкі памочнікаў выхавальнікаў. Аднак першы крок з боку школы зроблены і ў будучыні гэта прынясе добрыя вынікі. Усяго ў краіне працуе больш за 10 падобных школ. Навучэнцы з парушэннямі функцыяў апорна-рухальнага апарата навучаюцца ў агульнаадукацыйных школах Мінска, Пiнска, Баранавічаў.

Аднак гэта толькі пачатак. Працу па стварэнні безбар’ернага асяроддзя ва ўстановах адукацыі неабходна працягваць. Гэта тычыцца і ўстановаў прафесійнай адукацыі».

Нагадваем, што ў адпаведнасці з Законам РБ № 1224-X11 ад 11.11.1991 года «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь», у адпаведнасці з артыкулам 24 дадзенага закона інвалідам павінен быць забяспечаны бесперашкодны доступ да аб’ектаў сацыяльнай і вытворчай інфраструктуры.

Каментар Сяргей Драздоўскага, каардынатара Офіса па правах людзей з інваліднасцю: «Офіс па правах людзей з інваліднасцю вітае і звяртае ўвагу на мэтаскіраваную работу ўпраўлення спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі дзеля трансфармацыі падыходаў у адукацыйнай сістэме ў адносінах да дзяцей з інваліднасцю. Вынікі работы ўпраўлення кажуць самі за сябе. Асабліва калі параўноўваць іх з працай, што праводзіцца ў іншых сферах, звязаных з вырашэннем пытанняў людзей з інваліднасцю. У сувязі з гэтым мы бачым самай бліжэйшай перспектывай працу па трансфармацыі установаў адукацыі інтэрнатнага тыпу і пастаяннага знаходжання ў формы, больш адпаведныя нормам Канвенцыі аб правах інвалідаў. Інклюзія, недыскрымінацыя і разумнае прыстасаванне - вось да чаго мы павінны ўсяляк імкнуцца. Офіс, са свайго боку, гатовы выступаць партнёрам з боку грамадзянскай супольнасці ў гэтай працы. Таксама я хачу заўважыць, што было б выдатна, каб тэмпы пазітыўных змяненняў у сістэме сярэдняй і дашкольнай адукацыі пераняла б і вышэйшая школа краіны».