У перыяд з 21 па 29 жніўня ў Беларусі (база адпачынку «Дружба», што ў раёне возера Вяча) пройдзе Трэці міжнародны злёт маладых інвалідаў. Не выпадкова арганізатарам мерапрыемства выступіла «Беларускае таварыства інвалідаў». Бо развіццё маладых інвалідаў і ўключэнне іх у паўнавартаснае грамадскае жыццё з'яўляецца адной з прыярытэтных задач гэтага грамадскага аб'яднання.
Старшыня цэнтральнага праўлення ГА «Бел ТІ» Уладзімір Патапенка распавёў аб будучым злёце: «Перш за ўсё я б хацеў падкрэсліць важнасць і патрэбнасць такога мерапрыемства. Тут людзі не проста сустракаюцца і абмяркоўваюць свае праблемы. Злёт - гэта 10 дзён заняткаў, семінараў і сустрэчаў. І ўсё гэта ў выглядзе ролевай гульні, тэатральнай пастаноўкі. Пры распрацоўцы методыкі працы злёту спецыялісты ГА «Бел ТІ» выкарыстоўвалі досвед нашых нямецкіх калегаў, у прыватнасці арганізацыі «Еўракантакт». Падчас злёту дасведчаныя трэнеры і педагогі, з ліку валанцёраў, дапамогуць дзецям атрымаць камунікацыйныя навыкі, раскажуць аб магчымасцях самапрэзентацыі пры кантакце ў розных жыццёвых сітуацыях, такіх, як паступленне ў ВНУ, уладкаванне на працу, знаёмства з калектывам. Улічваючы сённяшняе становішча чалавека з інваліднасцю ў нашым грамадстве, можна з упэўненасцю сказаць, што такія веды жыццёва неабходныя нашым маладым людзям, якія маюць інваліднасць. Мы маем надзею на тое, што частка маладых інвалідаў, якія прайшлі семінарскія заняткі, у далейшым могуць быць нашым кадравым рэзервам».
Трэці міжнародны злёт маладых інвалідаў збярэ больш за 50 удзельнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў нямецкага боку. 30 жніўня - Дзень адчыненых дзвярэй злёту.