Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Вынікі Тыдня Даступнасці

31/05/2013

У перыяд з 17 па 22 мая ў рамках інфармацыйнай кампаніі “Даступнасць” у Мінску прайшла ўнікальная для нашай краіны падзея “Тыдзень Даступнасці”, прысвечаная пытанням усіх відаў Даступнасці для людзей з інваліднасцю. Арганізатарам мерапрыемства выступіла асветніцкая праваабарончая ўстанова “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”. Тыдзень Даступнасці складаўся з 16 мерапрыемстваў: публічныя лекцыі і дыскусія, майстар-класы, форум даступнасці, паказы фільмаў і сацыяльных ролікаў, цырымоніі адкрыцця і ўзнагароджання пераможцаў конкурсу на сімвал даступнасці.

"Не дарма падзея прайшла пад дэвізам “Ад даступнасці да роўнасці”. Бо паняцце Даступнасць дае, перш за ўсё, чалавеку з інваліднасцю магчымасць весці паўнавартаснае незалежнае жыццё, быць роўным сярод роўных. Мы ўсе розныя, але мы ўсе ў роўнай ступені маем права на стасункі, працу, адукацыю, культурны адпачынак і вольны час,сказаў на прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця Тыдня Даступнасці каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.Тут, падчас Тыдня мы хочам даведацца нешта новае, абмеркаваць, абмяняцца досведам і меркаваннямі. Мы запрасілі экспертаў у галіне Даступнасці і правоў людзей з інваліднасцю з розных краінаў. Спадзяемся, іх досвед будзе цікавы і важны для многіх”.

Менавіта з публічнай лекцыі расійскага эксперта Эльміры Набярушкінай “Даступнасць як крытэр якасці жыцця людзей з інваліднасцю” пачаўся Тыдзень Даступнасці: права на горад як пытанне сацыяльнага грамадзянства, Даступнасць скрозь прызму гарадскога грамадзянства людзей з інваліднасцю, філасофія і метадалогія даступнасці, дзяржаўная палітыка фармавання даступнасці і павышэння якасці жыцця людзей з інваліднасцю, аналіз практык канструявання даступнага асяроддзя. Вось так тэзісна можна ахарактарызаваць загалоўны выступ Тыдня.

За час Тыдня наведвальнікам былі прапанаваныя 3 публічныя лекцыі. Акрамя вышэйназванай лекцыі Эльміры Набярушкінай, гэта былі публічная лекцыя “Даступнасць навакольнага свету і шляхі адвакатавання заканадаўства аб даступнасці” балгарскай праваабаронцы Капкі Панаётавай і публічная лекцыя “Універсальны дызайн як сродак забеспячэння роўнасці” Наталлі Лазоўскай, эксперта з Беларусі.

Вельмі важнай падзеяй Тыдня Даступнасці стала публічная дыскусія “Даступнасць працаўладкавання для людзей з інваліднасцю”. Перад дыскусіяй прысутныя паглядзелі дакументальны фільм “Праца з балота робіць залота”, ветліва прадстаўлены Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь. У дыскусіі прынялі ўдзел расійскі эксперт Марына Хадзіна, кіраўнік кар'ерных сэрвісаў кампаніі HeadHunter, намеснік начальніка аддзела арганізацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Марына Шахловіч і загадчыца лабараторыі медыцынскай экспертызы прафесійнай прыдатнасці Людміла Гарустовіч. Мадэраваў дыскусію Леанід Каліценя, дырэктар “Цэнтра сацыяльных інавацый”.

Падчас Тыдня Даступнасці прайшоў Форум Даступнасці – пляцоўка, на якой арганізацыі, якія рэалізуюць праекты па тэме Даступнасці, змаглі прадставіць свае стэнды і прэзентацыі праектаў. У Форуме прыняло ўдзел 5 арганізацыяў. Гасцям былі прадстаўлены праекты: БелТІ, РАІК, БелАДДІіМІ, Біржа арганізацыйнага развіцця, Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Важнымі мерапрыемствамі Тыдня Даступнасці сталі майстар-класы “Як зрабіць даступны сайт” Аляксандра Севярына (Беларусь) і “Маніторынг безбар’ернага асяроддзя” Галіны Крот і Яўгенія Шаўко (Беларусь).

Усе лекцыі і майстар-класы трансляваліся online. Пазней запісы мерапрыемстваў таксама будуць даступныя карыстальнікам Інтэрнэт.

Фільмы Тыдня Даступнасці. Менавіта яны паслужылі штуршком і эмацыйным складнікам да вячэрніх дыскусіяў: ці можа дзіця з інваліднасцю вучыцца разам са “звычайнымі” дзецьмі і выбраць прафесію па душы, стаць граматным спецыялістам; ці патрэбны ўвогуле чалавек з інваліднасцю сучаснаму грамадству і ці гатова грамадства прыняць такіх людзей; ці ёсць асабісты подзвіг у штодзённым пераадоленні цяжкасцяў, звязаных з інваліднасцю; ці мае дзяржава і грамадства права абмяжоўваць чалавека з інваліднасцю ў выбары свайго жыццёвага прызначэння... Гэтае і многае іншае абмяркоўвалася падчас кінадыскусіяў. Адзін вечар быў прысвечаны сацыяльнай рэкламе. Пасля прагляду 30 ролікаў беларускай і замежнай сацыяльнай рэкламы, удзельнікі Тыдня Даступнасці абмеркавалі Што і Як неабходна паказваць у такіх роліках, каб яны маглі дастукацца да людскіх сэрцаў і дасягнуць сваёй важнай мэты.

У рамках Тыдня прайшла цырымонія ўзнагароджання намінантаў і пераможцаў творчага конкурсу “Стварэнне сімвала Даступнасць”. Вядучы цырымоніі Аляксандр Шавялевіч (Kryn - Starcom Mediavest Groupe Belarus) назваў пераможцаў. Імі стаў малады дызайнерскі дуэт Марыны Усцінавай і Марыі Мухінай.

Асобна неабходна адзначыць акцыю “Бясплатная юрыдычная кансультацыя для людзей з інваліднасцю”, якая праходзіла ў рамках Тыдня Даступнасці. Бясплатныя юрыдычныя кансультацыі для інвалідаў 1, 2 і 3 групаў, а таксама бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, у тым ліку дзіця-інваліда, прайшлі па ўсёй краіне. Да акцыі далучыліся ўсе адвакацкія канторы і некаторыя юрыдычныя клінікі Беларусі. Бясплатныя юрыдычныя кансультацыі дзяжурнымі адвакатамі аказваліся і ў юрыдычнай прыёмнай Офіса па правах людзей з інваліднасцю. Толькі ў Офіс па правах людзей з інваліднасцю за 4 дні звярнулася 70 чалавек. Асноўныя пытанні, якія цікавілі наведвальнікаў, былі жыллёвае і працоўнае права, пераагляд МРЭК, санаторна-курортнае аздараўленне, асноўныя льготы, аднаўленне дзеяздольнасці, апякунства. Пакуль няма дакладных лічбаў, колькі ўсяго кансультацыяў прайшло ў краіне, але можна смела заяўляць, што ў сэнсе Даступнасці юрыдычнай дапамогі Тыдзень Даступнасці стаў падзеяй № 1.

Гасцямі мерапрыемства былі выдатныя людзі, якім не абыякавая тэма Даступнасці і абароны правоў людзей з інваліднасцю.