Паводле статыстыкі Офіса па правах людзей з інваліднасцю, у сряднім каля 30 працэнтаў зваротаў, якія паступілі ў грамадскую прыёмную, звязаныя з пытаннямі працаўладкавання і занятасці людзей, якія маюць якія-небудзь абмежаванні па здароўю. Ці можна звольніць супрацоўніка, які гадуе дзіця, які мае інваліднасць? Ці мае прыярытэтнае права на пакiданне на працы супрацоўнік з інваліднасцю? Па якіх прычынах могуць адмовіць у працаўладкаванні чалавеку з інваліднасцю?
Праца "па індывідуальнай праграме"
Згодна з арт. 283 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 26 лiпеня 1999 года № 296-3, асобам, якія маюць інваліднасць, з улікам індывідуальных праграм рэабілітацыі інвалідаў (ІПРІ) забяспечваецца права працаваць у наймальнікаў са звычайнымі ўмовамі працы, а таксама ў спецыялізаваных арганізацыях, цэхах і на ўчастках.
Акрамя гэтага, органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў павінны займацца рашэннем пытанняў беспрацоўя, у тым ліку сярод асобаў, якія маюць інваліднасць. Уключэнне людзей, якія маюць якія-небудзь абмежаванні па здароўю, у сферу працы не толькі паляпшае матэрыяльнае становішча беспрацоўных, але і забяспечвае ў грамадстве роўны доступ да рэалізацыі свайго права на працу, а таксама прафесійнага патэнцыялу, здольнасцяў і наяўных навыкаў, дазваляе грамадзянам з інваліднасцю атрымаць больш высокі сацыяльны статус. Праца людзей з інваліднасцю будуецца на індывідуальным падыходзе да кожнага з іх. Для таго каб забяспечыць занятасць, павінны ўлічвацца псіхафізічныя асаблівасці, медыцынскія паказанні да працы, узровень адукацыі і кваліфікацыя, наяўнасць пэўных прафесійных навыкаў і асабістыя пажаданні.
Калі дзве "вышкі" – не аргумент?
Нягледзячы на гэта, нярэдка ўзнікаюць спрэчныя сітуацыі. Так, напрыклад, у Офіс па правах людзей з інваліднасцю звярнуўся грамадзянін Ш., які мае трэцюю групу інваліднасці. Выпадак нетрывіяльны: яму адмовілі ў прыёме на працу, хоць адзін са сталічных аддзелаў працаўладкавання падабраў вакансію, якая адпавядае прафесійнай адукацыі суіскальніка і іншым заяўленым умовам наймальніка. Меркавалася, што грамадзянін Ш. зможа працаваць аператарам ЭВМ у адным з магазінаў буйной гандлёвай сеткі Мінска.
Людзі з інваліднасцю не заўсёды здольныя на роўных умовах канкураваць на рынку працы, аднак неабходна садзейнічаць даступнасці ў сферы іх занятасці. Так, у адпаведнасці з рэкамендацыямі МРЭК, грамадзяніну, які звярнуўся ў Офіс, належыцца скарочаны працоўны дзень альбо дадатковы выхадны ў тыдзень.
Кіраўніцтва гандлёвай сеткі патлумачыла, што супермаркет, у які жадае працаўладкавацца Ш., разлічаны на штодзённае абслугоўванне насельніцтва, таму рэжым працы аператараў ЭВМ гэтай крамы вызначаны графікам «два дні работы па 11 гадзін - два дні выходных». Гэты рэжым працы не можа ўлічыць рэкамендацыі МРЭК, таму ў працаўладкаванні было адмоўлена. Для таго каб улічыць рэкамендацыі МРЭК, неабходна мяняць графік працы і адпачынку супрацоўнікаў, якія ўжо працуюць на прадпрыемстве, і ў цэлым усталяваны рэжым працы крамы.
Фармальна віны наймальніка ў адмове ад прыёму на працу няма, аднак грамадзянін Ш. атрымаў псіхалагічную траўму і адчуў сябе ахвярай дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці, адзначае юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Вольга Трыпуцень. Спецыялісты таксама падкрэсліваюць: практыка паказвае, што наймальнікі часцей за ўсё не хочуць працаўладкоўваць людзей з інваліднасцю, калі ім прыходзіцца змяняць усталяваны ў арганізацыі графік працы або якія-небудзь іншыя ўмовы пад рэкамендацыі ІПРІ. Гэты факт вельмі важна ўлічваць органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне - пакуль падбор вакансіяў для сушукальнікаў імі вядзецца без уліку індывідуальных асаблівасцяў, без аналізу індывідуальнай праграмы рэабілітацыі.
Юрысты рэкамендуюць аддзелам працаўладкавання і іншым структурам, якія займаюцца занятасцю насельніцтва, для прадухілення спрэчных і праблемных сітуацый больш уважліва падыходзіць да падбору вакансій і пераправяраць інфармацыю з улікам індывідуальных працоўных асаблівасцяў суіскальнікаў. Вельмі важна таксама рабіць падбор спецыялістаў, абапіраючыся на рэальныя патрэбы рынку працы і яго асаблівасцяў.
Цяжар сацыяльнай "абароны"
- Разбіраючы канфліктныя выпадкі ў сферы працаўладкавання людзей з інваліднасцю, варта таксама прымаць пад увагу і наяўнасць спецыяльных прававых і адміністрацыйна-працэсуальных нормаў, - адзначае каардынатар праектаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. - Так, у дачыненні да працаўладкавання людзей з інваліднасцю для наймальнікаў усталяваны дадатковы абавязак запатрабаваць індывідуальную праграму рэабілітацыі інваліда (для інвалідаў). Здавалася б, пазітыўная норма, без дастатковай забяспечанасці і збалансаванасці ставіць у слабае становішча і наймальніка, і патэнцыйнага работніка з інваліднасцю.
Як удакладняе спецыяліст, на практыцы ІПРІ становіцца дадатковым фактарам, што фармуе негатыўнае стаўленне наймальніка да прыёму на працу інваліда у дадатак да ўжо наяўных. Бо нават атрыманне працоўнай рэкамендацыі - досыць доўгі, які займае часам некалькі месяцаў, працэс. Якое прэстыжнае працоўнае месца будзе чакаць так доўга свайго работніка?
- Важна адзначыць, што дастаткова складаная і працяглая па часе працэдура атрымання ІПРІ часам не гарантуе працаўладкавання. Звязана гэта з тым, што рэкамендацыі фармуюцца складам лекараў-экспертаў па інструкцыях і пераліках прафесій, якія становяцца неактуальнымі яшчэ да іх зацвярджэння, - акцэнтуе ўвагу Сяргей Драздоўскі. - Вось такі вялікі цяжар сацыяльнай "абароны", які вымушаны дадаткова несці кожны чалавек з інваліднасцю, што пажадаў працаваць. У цэлым, такая сітуацыя ўзмацняе віктымнасць (заўв. - від дыскрымінацыі) чалавека ў сувязі з яго інваліднасцю. І як мы пераконваемся: дастатковых механізмаў абароны і кампенсацыі з боку прававой сістэмы - няма. Вось і вымушаныя спецыялісты адстойваць інтарэсы сваіх кліентаў, звяртаючыся да складаных і разгалінаваных алгарытмаў.
Ад тэорыі да практыкі: як абараніць працоўныя правы?
З такой праблемай да спецыялістаў Офіса звярнуліся ўпершыню, аднак гэта зусім не значыць, што яна адзінкавая. Велізарнае мноства спрэчных працоўных сітуацый ўзнікае ў розных сферах у розных рэгіёнах краіны. Аднак, як правіла, скардзіцца пачынаюць у той момант, калі "накіпела", калі нічога не могуць зрабіць ад безвыходнасці. Людзі з інваліднасцю нярэдка забываюць, што маюць такія ж правы на працу, як і ўсе астатнія. І калі гэтыя правы парушаюцца, заўсёды ёсць магчымасць іх абараніць. Ці хаця б паспрабаваць.
Як паводзіць сябе чалавеку пры парушэнні яго працоўных правоў? Куды лепш звярнуцца і з чым, распавядае юрыст Алег Граблеўскі.
- У некаторых сітуацыях заканадаўствам вызначаны канкрэтныя патрабаванні па выкарыстанні нейкіх прававых алгарытмаў, а менавіта: у які інстанцыю, у які тэрмін і ў якой форме трэба звяртацца, - адзначае спецыяліст. - Напрыклад, у выпадку скасавання кантракта па патрабаванні работніка, з прычыны парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, работнік абавязаны атрымаць пацверджанне факту парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы. І ў гэтым канкрэтным выпадку заканадаўства прадугледжвае, што факт парушэння ўсталёўваецца спецыяльна ўпаўнаважаным дзяржаўным органам нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы, прафсаюзамі або судом.
Прапаноўваем некалькі інструментаў абароны парушаных працоўных правоў, якія могуць прымяняцца па-за залежнасцю ад характару парушэння, і пасуюць і як асноўнае дзеянне, і як дадатковае да іншых прававых працэдураў.
Калі працоўныя правы парушаныя, ён мае права звярнуцца ў наступныя інстанцыі.
У калегію адвакатаў па прававую дапамогу. Гэты інструмент пасуе і для тых, хто мае намер працаўладкавацца, і для тых, хто ўжо працуе. Калегія адвакатаў аказвае бясплатна юрыдычную дапамогу: пазоўнікам - у судах першай інстанцыі пры вядзенні справаў, звязаных з працоўнымі праваадносінамі; інвалідам першай і другой групы - вусныя кансультацыі, якія не патрабуюць азнаямлення з дакументамі.
У прафсаюз па прававую дапамогу. Нягледзячы на тое, што ў грамадстве ў цэлым досыць скептычнае стаўленне да прафсаюзаў, не варта грэбаваць магчымасцю звярнуцца па юрыдычную кансультацыю сюды. Асабліва гэта тычыцца незалежных прафсаюзаў, такіх як, напрыклад, Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), Свабодны прафсаюз Беларускі.
У некамерцыйныя арганізацыі і сродкі масавай інфармацыі. напрыклад, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, які аказвае прававую дапамогу людзям з інваліднасцю, дапамагае рэалізоўваць гэтыя правы. Зварот у СМІ часам дапамагае стварыць моцную матывацыю ў правяраючых органаў.
На юрыдычныя інтэрнэт-рэсурсы. Сёння вялікая колькасць прававых сайтаў прапануюць онлайн-кансультацыі.
У пракуратуру са скаргай на дзеянні ці, наадварот, бяздзейнасць службовай асобы, арганізацыі, прадпрыемства, установы. У выпадку выяўлення парушэння пракурор мае права вынесці прадстаўленне аб ліквідацыі парушэння заканадаўства аб працы.
У Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь са скаргай альбо заявай. Гэта - спецыяльна ўпаўнаважаны орган нагляду за выкананнем заканадаўства аб працы.
Вышэйстаячыя асобы. Ёсць магчымасць накіраваць скаргі вышэйшым службовым асобам і ў вышэйстаячыя службовыя арганізацыі. Напрыклад, калі прадпрыемства ўваходзіць у структуру якога-небудзь міністэрства, можа быць эфектыўным зварот са скаргай да міністра.
Cа скаргамі ў іншыя дзяржорганы, якім наўпрост хоць і не падпарадкоўваецца суб'ект, які парушыў працоўныя правы, але якія маюць уплыў. Напрыклад, практыкуюцца звароту ў Адміністрацыю Прэзідэнта, часам гэта дапамагае. Калі парушэнне правоў чалавека носіць антыканстытуцыйны характар, можна звярнуцца са скаргай у Канстытуцыйны суд. І хоць ён не ўпаўнаважаны рэагаваць на звароты фізічных асобаў, зафіксаваныя выпадкі, калі разглядаюць скаргі і рэагуюць на парушэнні.
У суд з іскавай заявай аб аднаўленні парушаных правоў. Як правіла, да складання іскавай заявы патрабуецца выкананне абавязковых дасудовых прававых працэдураў (у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі), таму важна знайсці магчымасць атрымання кваліфікаванай прававой дапамогі.
У камітэт ААН па правах чалавека можна падаць індывідуальную скаргу. У такім выпадку неабходна прайсці ўсе нацыянальныя інстанцыі, тут таксама без кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі не абысціся.