Мінск, 7 кастрычніка 2013 года. Асветніцкая праваабарончая ўстанова “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” пачынае новы этап інфармацыйнай кампаніі “Даступнасць” па фармаванні дзяржаўнай праграмы аб імплементацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь 2016-2021гг. Мерапрыемствы разлічаны на 24 месяцы.
Мэта гэтага этапу кампаніі – паўплываць на змест і фармат дзяржаўных праграмаў у дачыненні да людзей з інваліднасцю, з мэтай іх арыентацыі на нормы Канвенцыі аб правах інвалідаў.
Сітуацыю каментуе каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі: “Дзяржаўныя праграмы ўяўляюць сабой найбуйнейшыя інструменты дзяржаўнай палітыкі вырашэння праблем інваліднасці. Значную ролю ў паспяховасці вырашэння праблем інваліднасці адыгрывае якаснае планаванне гэтых праграмаў, а таксама ўдзел усяго грамадства. Таму, і гэта замацавана заканадаўча, працэс стварэння новых праграмаў абавязаны ўключаць у сябе абмеркаванне з грамадскімі аб’яднаннямі інвалідаў, як прадстаўнікамі інтарэсаў людзей з інваліднасцю і грамадзянскай супольнасці”.
“Наступны год – год падвядзення папярэдніх вынікаў выканання дзейных праграмаў і падрыхтоўкі наступных, – адзначае Сяргей Драздоўскі. – Пры гэтым, вельмі важнай і вырашальнай акалічнасцю пры планаванні будучых праграмаў мы бачым заяўленыя намеры з боку ўрада Рэспублікі Беларусь аб далучэнні да Канвенцыі аб правах інвалідаў. Відавочная неабходнасць выбудоўвання будучых нацыянальных палітык інваліднасці на аснове нормаў Канвенцыі патрабуе адпаведнага падыходу пры планаванні дзяржаўных праграмаў. Таму Офіс па правах людзей з інваліднасцю прапануе правесці абмеркаванне будучага працэсу падрыхтоўкі дзяржаўных праграмаў па вырашэнні праблемаў інваліднасці з удзелам усіх зацікаўленых і актыўных удзельнікаў”.
Нагадваем, што ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічае дзве профільныя дзяржаўныя праграмы ў дачыненні да людзей з інваліднасцю: Комплексная программа развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады, у прыватнасці падпраграма “Папярэджанне інваліднасці і рэабілітацыя інвалідаў” і Дзяржаўная праграма па стварэнні безбар’ернага асяроддзя жыццядзейнасці фізічна аслабленых асобаў на 2011-2015 гады. У гэты момант варта задумацца аб падрыхтоўцы да фарміравання праграмаў на наступныя пяць гадоў. Асветніцкая праваабарончая ўстанова “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” пачынае працу па ўзмацненні грамадскага характару фармавання прапановаў дзяржаўнай праграмы аб імплементацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь 2016 - 2021гг. Праект прапановаў плануецца прапанаваць для ўзгаднення шырокаму колу суб’ектаў: НДА, эксперты, лідэры меркаванняў. Першай ініцыятывай у гэтым кірунку будуць публічныя абмеркаванні будучыні фармату і зместу праграмаў у рэгіёнах, фармаванне рэгіянальнага парадку дня ў дачыненні да праграмаў. Офіс па правах людзей з інваліднасцю плануе арганізаваць мерапрыемствы ў фармаце адкрытай дыскусіі/адкрытага круглага стала ў кожным з рэгіёнаў Беларусі і горада Мінска.
Мерапрыемствы будуць адкрыты для шырокай грамадскасці з асобным запрашэннем прадстаўнікоў НДА, мясцовых органаў улады, актывістаў інваруху, СМІ. Запрашаем усіх зацікаўленых прыняць удзел у мерапрыемствах. План мерапрыемстваў фармуецца і будзе паведамлены дадаткова на сайце Офіса па правах людзей з інваліднасцю www.disright.org
Даведка аб заснаванні (факт -ліст):
Асветніцкая праваабарончая ўстанова “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” з’яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй, створанай Заснавальнікам для ажыццяўлення асветніцкіх, праваабарончых функцый некамерцыйнага характару і дзейнічае ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і Статутам. Зарэгістраваная 25 сакавіка 2010. Заснавальнікам і ўласнікам з’яўляецца прыватная асоба.
Адрас: г. Мінск, вуліца Варанянскага, дом 50, корпус 4, офіс 101
Тэлефон / факс +375 17 256 0829
e - mail: info@disright.org
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся да спецыяліста па камунікацыях Таісіі Пастуховай праз тэлефон +375 25971 71 79, e-mail: pr@disright.org