З такім пытаннем у грамадскую прыёмную Офіса па правах людзей з інваліднасцю звярнуўся бізнесмен, які падбірае персанал для сваёй фірмы. Спецыялісты Офіса па правах людзей з інваліднасцю патлумачылі, што наймальнікі, якія працаўладкоўваюць людзей з інваліднасцю, маюць права на льготнае падаткаабкладанне і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, усталяванае заканадаўствам.
Ажыццяўляецца кампенсацыя затрат наймальнікаў на стварэнне працоўных месцаў, у тым ліку спецыялізаваных, на набыццё абсталявання, аснасткі, кантрольна-вымяральных прыбораў, інструментаў, прыладаў, а таксама на выкананне мантажных і пусканаладачных работ у дачыненні да набытага абсталявання для працаўладкавання людзей з інваліднасцю ў адпаведнасці з заданнямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама адмысловымі дзяржаўнымі праграмамі. Памер кампенсацыі выдаткаў, які наймальнік можа атрымаць за стварэнне працоўных месцаў для асобаў з інваліднасцю звыш трох працэнтаў ад сярэдняспісавай колькасці работнікаў вызначаецца з разліку сярэдняга памеру выдаткаў за адно працоўнае месца.
У адпаведнасці з Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь вызваляюцца ад выплаты ПДВ на тавары (работы, паслугі), за выключэннем падакцызных тавараў, брокерскіх і іншых пасрэдніцкіх паслуг, перадачы маёмасці ў арэнду (фінансавую арэнду (лізінг), вырабленыя (выкананыя, аказаныя) плацельшчыкамi, арганізацыі, у якiх колькасць асобаў з інваліднасцю складае не менш за 50 працэнтаў ад спiсавай колькасцi прамыслова-вытворчага персаналу.
Ад падаткаў вызваляюцца арганізацыі, якія выкарыстоўваюць працу асобаў з інваліднасцю, калі колькасць у іх гэтай катэгорыі работнікаў складае больш за 50 працэнтаў ад спiсавай колькасцi ў сярэднім за справаздачны перыяд, акрамя прыбытку, атрыманага ад гандлёвай, гандлёва-закупачнай і пасярэдніцкай дзейнасці.
У адпаведнасці з рашэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь пры правядзенні дзяржаўных закупак у выглядзе тэндэраў, аўкцыёнаў прадастаўляецца прэферэнцыя ў 25 працэнтаў у выпадку прапановы ўдзельнікам тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці арганізацыяў, у якiх колькасць iнвалiдаў складае не менш за 50 працэнтаў ад спiсавай колькасцi работнiкаў.
Наймальніку варта памятаць, што працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю, створаныя з выкарыстаннем сродкаў Фонду сацыяльнай абароны, наймальнікі і арганізацыі павінны захоўваць не менш за тры гады пасля ўводу ў эксплуатацыю і працаўладкавання на іх гэтай катэгорыі грамадзянаў. Працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю, захаваныя за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны, павінны функцыянаваць у арганізацыі не менш за тры гады з моманту пералічэння на іх бягучы (разліковы) рахунак кампенсацыі выдаткаў. Створанае працоўнае месца можа выкарыстоўвацца і для працы іншых работнікаў з інваліднасцю, якія маюць адпаведныя рэкамендацыі.