Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Маладыя дызайнеры стварылі крэатыўную сацыяльную рэкламу аб правах людзей з інваліднасцю

18/04/2014

Зрабіць аўтарскі прынт усяго за суткі ці за двое стварыць ролік, які можа стаць новай крэатыўнай сацыяльнай рэкламай, звязанай з правамі людзей, якія маюць інваліднасць, прапаноўвалася маладым дызайнерам.

Такое творчае спаборніцтва ўжо не першы год праводзіцца ў Беларусі. Яно даволі папулярнае, бо пераможца атрымлівае пуцёўку ў Каны на знакаміты паказ рэкламных ролікаў.

Згодна з умовамі нацыянальнага конкурсу, адлік часу пачынаецца з моманту аб’яўлення тэмы, якую ў гэтым годзе прапанаваў Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Як распавёў каардынатар праектаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, Беларусь сёння застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая не падпісала Канвенцыю аб правах інвалідаў. І гэта пры тым, што ў нас пражывае 519000 людзей з інваліднасцю. Гэтыя людзі ў паўсядзённым жыцці сутыкаюцца з вялікай колькасцю бар’ераў – не толькі архітэктурных , але і ментальных . Гэтыя бар’еры выключаюць іх з актыўнага жыцця, а таксама перашкаджаюць атрыманню годнай адукацыі, атрыманню добрай працы і г.д. Усе гэтыя праблемы можа прадухіліць прыняцце Канвенцыі аб правах інвалідаў.

– Пакуль дзяржава зацягвае падпісанне дакумента, мы прапаноўваем кожнаму паасобку ў паўсядзённым жыцці прытрымлівацца асноўных прынцыпаў канвенцыі, – адзначыў Сяргей Драздоўскі. – Для таго, каб прасунуць гэтую ідэю, маладыя рэкламісты стварылі даволі цікавыя працы. Многія з іх, верагодна, будуць у бліжэйшай будучыні выкарыстаны як сацыяльная рэклама.

Працы стануць часткай вялікай інфармацыйнай кампаніі, якую пачаў Офіс па правах людзей з інваліднасцю. Дарэчы, у мінулым годзе тэма конкурсу была звязана з даступнасцю.

Як адзначаюць арганізатары конкурсу, у гэтым годзе для ўдзелу была зарэгістраваная рэкордная колькасць удзельнікаў – больш за сотню.