Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Як перакладалася Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю?

02/07/2014

Пра Канвенцыю аб па правах людзей з інваліднасцю ў Беларусі, пра розніцу між інтэрнатам і годным жыццём ў грамадстве, а таксама пра палітычны аспект яе прыняцця распавядае юрыст Марына Каліноўская, якая пераклала дакумент на беларускую мову ў 2012 годзе.

На беларускую – з ангельскай, расейкай, польскай

У 2006 годзе я пачала паціху размаўляць па-беларуску, але мне заўжды не хапала беларускай мовы ў прафесійнай сферы. Таму я з імпэтам занялася перакладам Канвенцыі ААН на конкурс, атрымалася прыемная нечаканасць – я перамагла.

Пры перакладзе наўмысна спачатку не глядзела на рускі тэкст, а перакладала з ангельскай. Мне здавалася вельмі важным сыходзіць не толькі з расейскага тэксту, бо, вядома, што ў рускамоўным перакладзе згубіліся некаторыя нюансы, абумоўленыя адрозненнем расейскай і ангельскай моваў.

Я таксама глядзела пераклады на польскай, чытала пра канвенцыю, размаўляла з калегамі ў Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.

Асаблівасці перакладу

Для тых, хто працуе ў сферы абароны правоў людзей з інваліднасцю, натуральнае слова “інклюзія” (г.зн. уключанасць у грамадства). Калі мы размаўляем з іншымі людзьмі, напрыклад, з чыноўнікамі, то для іх гэтае слова часта не зразумелае. Ужо падчас перакладу мне калегі распавялі пра прынцып уключанасці ў грамадства. Раней я не ўсведамляла розніцы між інклюзіяй і інтэграцыяй. Інтэграцыя – гэта не ўключанасць, гэта калі купка людзей у грамадстве вымушаная трымацца асобна. Напрыклад, у нас ёсць інтэграваныя класы ў школах, але гэта яшчэ не ёсць уключанасць у грамадства, пры якой ствараюцца ўмовы, каб чалавек годна жыў побач з намі, без шкадавання ці асаблівай дапамогі, у натуральным даступным асяроддзі.

У сацыяльнай сферы вельмі добра працуюць грамадскія аб’яднанні, можна адсачыць развіццё беларускага заканадаўства. Безумоўна, яшчэ шмат праблем і шмат жахлівых рэчаў, але ёсць тэндэнцыя да лепшага. Нават тое, што ў законе “Аб сацыяльным абслугоўванні”, новая рэдакцыя якога набыла моц у 2013 годзе, уведзеная такая паслуга як сацыяльная перадышка: бацькам дзетак з інваліднасцю даецца час, каб адпачыць. Ёсць там і рэвалюцыйная норма пра пражыванне з суправаджэннем, ці так званае незалежнае пражыванне, якая можа стаць пачаткам пераходу ад інтэрнатаў да самастойнага пражывання ў грамадстве. Праўда, гэтая норма пакуль не працуе.

Трэба рыхтаваць заканадаўства

Нашая краіна яшчэ не далучылася да Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю і не зрабіла дастатковыя крокі да таго, каб дакумент стаў абавязковым для выканання. Канвенцыя – гэта, безумоўна, аўтарытэт, які ніхто не асмеліца аспрэчыць. Канешне, нават калі яна зробіцца абавязковым дакументам, нельга чакаць, што ўсё адразу і радыкальна зменіцца…

Гэта таксама інструмент, які не вельмі зручны для дзяржавы, бо пры падпісанні факультатыўнага пратакола да Канвенцыі грамадзяне атрымаюць магчымасць падаваць скаргі ў міжнародны Камітэт па правах людзей з інваліднасцю. На палітычнай арэне гэта можа пагоршыць выгляд дзяржавы і даць падставы казаць, што яна не выконвае свае міжнародныя абавязкі.

Канвенцыю абяцаюць прыняць, але гэта можа расцягнуцца. Мяркую, што зараз вельмі важна працаваць для адвакатавання норм у беларускім заканадаўстве, якія па сутнасці адпавядаюць прынцыпам, закладзеным у Канвенцыі, і будуць непасрэдна дзейнічаць на нацыянальным узроўні.