Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Пытанне: 

Інваліднасць 3 групы, коксаартроз 3 ступені тазасцёгнавага сустава.

Я атрымала інваліднасць 3 групы 8 мая 2013 г і пайшла ў адпачынак. Заўтра выходжу на працу, працую прадаўцом з бягучым графікам працы з 2 выходнымі. Калі атрымлівала інваліднасць, мне сказалі што ў мяне 6-гадзінны працоўны дзень або дадатковы выхадны. Падкажыце, як мне цяпер працаваць? Загадзя дзякую.

Адказ: 

Згодна з арт. 287 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. N 296-З працуючым інвалідам наймальнік абавязаны ствараць умовы працы ў адпаведнасці з індывідуальнымі праграмамі рэабілітацыі інвалідаў (далей ІПРІ). ІПРІ – дакумент, які вызначае комплекс рэабілітацыйных мерапрыемстваў, канкрэтныя віды і тэрміны правядзення рэабілітацыі інваліда, а таксама адказных за яе правядзенне выканаўцаў (выдаецца МРЭК па выніках медыка-сацыяльнай экспертызы).

Інфармуем Вас, што прыцягненне інвалідаў да звышурочнай працы, працы ў начны час, у дзяржаўныя святы і святочныя дні, працы ў выходныя дні дапускаецца толькі з іх згоды і пры ўмове, калі такая праца не забаронена iм ІПРІ.

Законам Рэспублiкi Беларусь ад 11 лістапада 1991 г. N 1224-XII “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь” вызначана, што ІПРІ з’яўляецца абавязковай для выканання адпаведнымі дзяржаўнымі органамі, а таксама арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія займаюцца рэабілітацыяй інвалідаў. Такім чынам, калі ў ІПРІ рэкамендаваны няпоўны працоўны час (няпоўны працоўны дзень або няпоўны працоўны тыдзень з дадатковым выходным днём), то наймальнік абавязаны выканаць гэтую ўмову.

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 2007 г. N 1695 вызначаны пералік асобаў, якім не ўсталёўваецца ненармаваны працоўны дзень. Да названых катэгорыяў інваліды III групы не адносяцца. Таму лічым магчымым зрабіць выснову, што інваліду III групы можна ўсталяваць ненармаваны працоўны дзень, калі гэта наўпрост не забаронена ІПРІ.

Парадак запаўнення ІПРІ рэгулюе Пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 1 лiпеня 2011 г. № 65, у адпаведнасці з якой “інвалід або яго законны прадстаўнік можа адмовіцца ад ІПРІ ў цэлым або ад рэалізацыі асобных яе частак, аб чым робiцца адпаведны запiс у ІПРІ”.

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у сваім рашэнні ад 10 ліпеня 2009 г. N Р-358/2009 па гэтым пытанні выказаў наступнае меркаванне: “у мэтах правапрымянення вызваленне ад адказнасці адпаведных дзяржаўных органаў, арганізацыяў і асобаў, якія займаюцца рэабілітацыяй інвалідаў, за выкананне ІПРІ, можа мець месца толькі пры добраахвотнай і ўсвядомленай адмове інваліда або яго законнага прадстаўніка ад ІПРІ ў цэлым або ад рэалізацыі асобных яе частак, прычым пры ўмове, што такая адмова пацверджана адпаведнымі доказамі”.

Паколькі выкананне ІПРІ залежыць не толькі ад дзяржаўных органаў, арганізацыяў і асобаў, якія займаюцца рэабілітацыяй інвалідаў, але і ад самога інваліда (яго законнага прадстаўніка), іх жадання і гатоўнасці ажыццяўляць прадугледжаныя праграмай меры па рэабілітацыі, то бясспрэчная адмова інваліда (яго законнага прадстаўніка) ад рэалізацыі праграмы ў цэлым або асобных яе частак не можа быць пастаўлена ў віну названым органам, арганізацыям і асобам і з’яўляецца падставай для вызвалення іх ад адказнасці за невыкананне праграмы.

Зыходзячы з вышэйсказанага, наймальнік павінен усталяваць Вам такі рэжым працы, які прадугледжаны ІПРІ (наймальнік абавязаны ўлічваць змест ІПРІ ў частцы працягласці працоўнага часу). Таксама, калі Вы маеце ІПРІ, але хочаце працаваць паводле ранейшага графіку, у Вас ёсць магчымасць адмовіцца ад яе рэалізацыі цалкам або асобных частак (у адпаведнасці з прыведзеным вышэй рашэннем Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь).

Выніковае рашэнне – за Вамі!