Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Безбар'ернае асяроддзе: улады прымаюць прапановы, але не могуць дамагчыся іх рэалізацыі

30/10/2013

Як людзі з інваліднасцю могуць паўплываць на змест і фармат дзяржаўных праграмаў? Гэтае пытанне праваабаронцы Офіса па правах людзей з інваліднасцю абмеркавалі з усімі зацікаўленымі падчас публічнай дыскусіі, што адбылася 29 кастрычніка ў Брэсце.

Да дыскусіі ў рамках інфармацыйнай кампаніі “Даступнасць” былі запрошаныя кіраўнікі рэгіянальных грамадскіх аб'яднанняў, якія займаюцца праблемамі людзей з інваліднасцю, і прадстаўнікі мясцовай улады. Разам з каардынатарам праектаў Офіса Сяргеем Драздоўскім берасцейцы абмеркавалі, якім чынам інваліды могуць лабіяваць свае інтарэсы як на ўзроўні вобласці, так і ўсёй краіны.

– Нам трэба загадзя думаць аб будучых дзяржпраграмах. Мы павінны паспрабаваць размаўляць усе разам, і, улічваючы агульныя інтарэсы, стварыць агульны парадак дня. Нам трэба пазбягаць канкурэнцыі паміж формамі і відамі інваліднасці. Можа быць, варта паглядзець і параўнаць планы адзін аднаго, абмеркаваць іх, – запрасіў да супрацоўніцтва спецыяліст праваабарончай сферы.

Ён распавёў прысутным пра Канвенцыю па правах інвалідаў, прынятую ААН і патлумачыў, чаму мае сэнс будаваць нацыянальныя нарматыўныя дакументы на яе аснове. Аднак больш за ўсё прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў хвалявала іншае пытанне: як дамагчыся таго, каб улады прымалі да ўвагі пажаданні вузкай групы людзей – тых, хто мае якую-небудзь інваліднасць.

Кіраўнік камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Святлана Бароўская адзначыла, што мясцовыя ўлады прымаюць і падтрымліваюць ініцыятывы грамадскіх арганізацыяў, аднак прызнала, што не заўсёды атрымліваецца дасягнуць заяўленых мэтаў.

– Усе зацікаўленыя ўносяць прапановы. Мы чуем тое, што хочуць да нас данесці. На жаль, пытанне ў тым, што не заўсёды ўсё атрымліваецца зрабіць на практыцы. Гэта залежыць ад выканаўцаў. Калі казаць пра безбар’ернае асяроддзе, то не дапрацоўваюць будаўнікі, – падзялілася меркаваннем прадстаўніца мясцовай улады.

Актывісты брэсцкіх грамадскіх аб’яднанняў, якія працуюць у пытаннях інваліднасці, маюць намер у бліжэйшы час абмеркаваць унутры сваіх арганізацыяў, якім чынам можна ўдасканаліць беларускае права, каб скараціць прорву паміж ініцыятывай і практычнай рэалізацыяй нормаў Канвенцыі ў нашай краіне.

Падобная публічная дыскусія прайшла раней у Мінску.