Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Ад агульнага да правоў чалавека: грамадскасць можа зрабіць новыя дзяржпраграмы больш жыццёвымі

22/10/2013

Асветніцкая праваабарончая ўстанова “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” пачынае новы этап інфармацыйнай кампаніі “Даступнасць”. Мэта гэтага этапу кампаніі – паўплываць на змест і фармат дзяржаўных праграмаў у дачыненні да людзей з інваліднасцю для таго, каб пераарыентаваць гэтыя дакументы на нормы Канвенцыі аб правах інвалідаў.

– Грамадскасці важна разумець, як фармуюцца дзяржпраграмы, як мы можам у гэтым паўдзельнічаць. Так, напрыклад, да 2015 года з’явяцца чатыры новыя праграмы, якія тычацца палітыкі ў сферы інваліднасці, распрацоўка іх пачнецца ўжо ў 2014-м годзе, – адзначае каардынатар праектаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. – Цяпер яшчэ рана прапаноўваць у гэтыя праграмы нешта канкрэтнае, але абавязкова трэба разумець, як уключыцца ў гэты працэс.

Менавіта таму Офіс ініцыюе серыю сустрэч у рэгіёнах з удзелам мясцовай улады і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў, якія працуюць па тэме інваліднасці. Першая такая публічная дыскусія прайшла ў Мінску пры падтрымцы “Беларускага таварыства інвалідаў”.

– Важна, што кожная арганізацыя працуе з нейкім пэўным выглядам інваліднасці, усе мы маем пэўны досвед уплыву на нацыянальную палітыку, якая тычыцца інваліднасці, – адзначае прадстаўнік Офіса. – Гэтым трэба дзяліцца. Любыя меркаванні і прапановы важныя.

Нягледзячы на тое, што Беларусь пакуль не стала ўдзельнікам міжнароднай Канвенцыі па правах інвалідаў, афіцыйныя асобы заяўляюць, што наша краіна знаходзіцца ў стадыі падрыхтоўкі да падпісання дакумента. Першапачаткова трэба аптымізаваць нацыянальную палітыку ў гэтай сферы. Менавіта таму, звяртае ўвагу Сяргей Драздоўскі, ужо цяпер трэба ўплываць на змест новых дзяржаўных праграмаў з арыентацый на прынцыпы глабальнай канвенцыі.

Калі паглядзець на існыя дзяржпраграмы, іх асноўнай мэтай можна вызначыць павышэнне якасці жыцця. Аднак аналіз заканадаўства паказаў, што выразна прапісанага паняцця “якасць жыцця” няма, яно размыта, а таму цяжка вызначыць, наколькі выразна існыя праграмы выконваюцца. На думку спецыяліста, у адрозненне ад еўрапейскага заканадаўства, у беларускім няма персаніфікацыі, арыентацыі на канкрэтнага чалавека. З-за гэтага дзяржпраграмы працуюць “на ўсіх і для ўсіх”, а ў выніку – ні на каго.

– Усе дзяржаўныя праграмы Беларусі фармуюцца пры падтрымцы грамадскасці, у тым ліку ў сферы інваліднасці. Калі зараз і ёсць працэс падачы прапановаў ад нашых арганізацыяў і ўдзел у абмеркаванні гэтых прапановаў, то ён зусім не публічны, – адзначае спецыяліст. – Між тым, наш актыўны ўдзел у фармаванні дзяржпраграмаў можа павысіць іх значнасць і шырокае прымяненне ў нацыянальнай палітыцы. Менавіта наш актыўны ўдзел дасць магчымасць адысці ад адміністрацыйна-арыентаваных праграмаў да арыентаваных на чалавека. Тады ў цэнтры будзе стаяць чалавек з яго праблемамі і цяжкасцямі, а ад яго пачне выбудоўвацца ланцужок праблемаў і ўзаемаадносінаў.

Мерапрыемствы па ўзмацненню грамадскага характару фармавання прапановаў да дзяржаўнай праграмы аб імплементацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь на 2016-2021 гады адчыненыя для шырокай грамадскасці, мясцовых органаў улады, актывістаў інваліднага руху, СМІ.

Наступнае мерапрыемства ў межах кампаніі адбудзецца 29 кастрычніка ў Брэсце.