Офіс па правах людзей з інваліднасцю правёў 28 лютага 2013 года круглы стол «Даступнасць прававой дапамогі людзям з інваліднасцю». Мерапрыемства прайшло ў рамках інфармацыйнай кампаніі «Даступнасць». Партнёрам падзеі выступіла Юрыдычная клініка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта.
У круглым стале прынялі ўдзел прадстаўнікі юрыдычных клінік, грамадскіх арганізацыяў людзей з інваліднасцю, адвакацкай супольнасці. Асноўныя пытанні, якія былі вынесены на парадак дня - даступнасць прававой дапамогі і павышэнне якасці аказання прававой дапамогі людзям з інваліднасцю. З прывітальным словам да прысутных выступіла дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Эніра Браніцкая: «Гэта першая сустрэча на тэму даступнасці прававой дапамогі для людзей з інваліднасцю і супрацоўніцтва ў галіне аказання такой дапамогі, ініцыяваная намі для спецыяльных арганізацыяў, якія аказваюць падобныя паслугі. Аднак, я ўпэўненая, што супрацоўніцтва ў гэтай галіне дасць нам добрыя вынікі і выведзе нашу працу на якасна новы ўзровень».
Вольга Трыпуцень, юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю, распавяла прысутным аб дзейнасці Офіса: «Супрацоўнікі нашага Офіса працуюць над тым, каб людзі з інваліднасцю сталі раўнапраўнымі членамі грамадства, уключанымі ва ўсе сферы жыцця. Мы выступаем за далучэнне і ратыфікацыю Рэспублікай Беларусь Канвенцыі аб правах інвалідаў. Офіс абараняе правы людзей з інваліднасцю і прасоўвае разуменне інваліднасці як праблемы захавання правоў чалавека. У сваёй дзейнасці мы абапіраемся на каштоўнасці і палажэнні Канвенцыі аб правах інвалідаў. Адным з важных кірункаў нашай дзейнасці з'яўляецца аказанне бясплатнай юрыдычнай дапамогі для людзей з інваліднасцю. Наша юрыдычная прыёмная працуе ўжо амаль 2 гады. У мінулым годзе мы прадстаўлялі шырокай грамадскасці свой гадавы маніторынг за 2011-2012гг. За гэты час да нас звярнулася больш за 1400 чалавек. Гэта паказвае, наколькі паслуга запатрабаваная. Пытанні, з якімі звяртаюцца, самыя розныя. Мы можам смела канстатаваць наяўнасць праблем фактычна ва ўсіх сферах жыцця чалавека з інваліднасцю, ці то гэта забеспячэнне дастатковага ўзроўню і якасці жыцця людзей, ці то права на рэабілітацыю, на працу, на самастойны лад жыцця, адукацыю, інфармацыю».
Далей перад удзельнікамі выступіла Юлія Хвацік, кіраўнік Юрыдычнай клінікі БДЭУ. У сваёй прэзентацыі «Юрыдычныя клінікі і аказанне інфармацыйна-прававой дапамогі людзям з інваліднасцю» спн.Юлія распавяла ўдзельнікам пра спецыфіку працы юрыдычных клінік: «Юрыдычныя клінікі - гэта арганізацыі, створаныя пры ВНУ або некамерцыйных арганізацыях, у якіх студэнты-кансультанты пад наглядам і кіраўніцтвам выкладчыкаў-куратараў бязвыплатна аказваюць прававую дапамогу сацыяльна неабароненым грамадзянам. Тым самым атрымліваючы практычны досвед у працы з грамадзянамі, складанні дакументаў, этыцы зносін з кліентамі. Людзі з інваліднасцю ўваходзяць у пералік нашай мэтавай аўдыторыі. І ў розных клініках склаліся свае практыкі аказання падобных паслуг. Так, напрыклад, студэнтамі юрыдычнай клінікі ГДУ ім. Ф.Скарыны на базе Гомельскай гарадской бальніцы № 3 праведзена некалькі трэнінгавых заняткаў для груп людзей з інваліднасцю. Пасля заканчэння кожнага трэнінгу праходзіла прававая кансультацыя. Лабараторыя прававога інфармавання пры ВДУ ім. П.Машэрава абрала іншую форму дапамогі. З красавіка 2012 па лістапад 2012 г. рэалізоўваўся праект узаемадзеяння з Віцебскім домам-інтэрнатам для састарэлых і інвалідаў - правядзенне прававых кансультацыяў (дзяжурства адзін раз у тыдзень). За гэты перыяд бясплатную прававую дапамогу атрымаў 41 кліент з інваліднасцю. Досвед паказвае, што пакуль людзі з інваліднасцю досыць рэдка звяртаюцца да нас. Можа быць, гэта звязана з умовай асабістага звароту кліента: чалавеку з інваліднасцю часцяком складана дабрацца. Але ў любым выпадку мы гатовыя супрацоўнічаць у гэтым пытанні і з грамадскімі арганізацыямі, і з адвакатамі».
Тамара Сідарэнка, прадстаўнік «Цэнтра прававой трансфармацыі» распавяла ўдзельнікам аб Законе аб адвакатуры ў дачыненні да людзей з інваліднасцю: «Закон аб адвакатуры не зусім лаяльны ў дачыненні да людзей з інваліднасцю. Вельмі абмежаваныя льготы для бясплатнага кансультавання. Да таго ж ёсць такая бяда - адсутнасць безбар'ернага асяроддзя ў шмат якіх будынках юрыдычных кансультацыяў. Гэта значыць, атрымліваецца, што ў дачыненні да людзей з інваліднасцю не выконваецца не толькі прававая даступнасць, але і нават элементарная архітэктурная даступнасць».
Сяргей Драздоўскі, каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю, выступіў з прэзентацыяй «Развіццё прававой дапамогі людзям з інваліднасцю - бліжэйшыя перспектывы»: «Стратэгія развіцця супольнасці арганізацыяў, якія аказваюць прававую дапамогу людзям з інваліднасцю, мае некалькі асноўных фактараў. Па-першае, неабходна забяспечыць даступнасць паслуг прававой дапамогі для тых, хто мае патрэбу ў ёй. Гэта значыць, што дапамога павінна быць даступная тэрытарыяльна, на ўзроўні мясцовых супольнасцяў. Неабходна ўлічваць асаблівасці магчымасцяў кліентаў, развіваць каналы ўзаемадзеяння з імі, навучаць юрыстаў. Па-другое, неабходна развіваць інфраструктуру і сістэму пастаўшчыкоў паслуг прававой дапамогі для людзей з інваліднасцю. Па-трэцяе, мусіць існаваць пісьменная прававая асвета: мы павінны распаўсюджваць інфармацыю аб прававой дапамозе, пашыраць віды і якасць асветніцкіх прадуктаў. Па-чацвёртае, трэба выкарыстоўваць адвокасі прававой дапамогі: ініцыяваць неабходныя даследаванні, маніторынгі для выяўлення інтарэсаў супольнасці і ўбудоўваць гэты від дапамогі ў агульныя працэсы прававой дапамогі, дзяржаўных удзельнікаў, недзяржаўных і, у першую чаргу, праваабарончых арганізацыяў. І, вядома ж, нельга забываць аб лабіяванні. Для гэтага мы павінны, перш за ўсё, узгадняць нашы агульныя пазіцыі, стратэгіі. А потым планаваць канкрэтныя дзеянні». «Мы павінны выступаць разам, знаходзячы агульныя інтарэсы і дзейнічаючы ў адным кірунку. Рана пакуль казаць аб кааліцыі, але Офіс па правах людзей з інваліднасцю выступае менавіта за кааліцыйны падыход у такой справе», - падсумаваў Сяргей Драздоўскі.
З боку Офіса па правах людзей з інваліднасцю была вынесена на абмеркаванне прапанова падрыхтаваць і заключыць шматбаковыя дамовы аб супрацоўніцтве з удзельнікамі супольнасці арганізацыяў, якія аказваюць прававую дапамогу з мэтай развіцця прававой дапамогі для людзей з інваліднасцю. Відавочна, гэты крок можа стаць новым этапам развіцця прававой дапамогі, але таксама і выклікам для арганізацыяў. Удзельнікі круглага стала выказалі пазітыўнае стаўленне да магчымасці працягу перамоваў па ўступленні ў дагаворныя адносіны.