Сёння на постсавецкай прасторы вельмі востра стаіць праблема працаўладкавання інвалідаў, і Беларусь не з'яўляецца выключэннем. Каб праблема не заставалася такой, а вырашалася ў максімальна сціснутыя тэрміны, патрэбныя зацікаўленыя ў гэтым людзі. Напрыклад, як кіраўнік кар’ерных сэрвісаў кампаніі Head Hunter Марына Хадзіна, якая прыехала ў Мінск, каб прачытаць лекцыю аб наяўнай праблеме.
“Лекцыя атрымалася насычанай па змесце і па ўцягнутасці публікі. Госці актыўна ўдзельнічалі ў гутарцы і, не саромеючыся, задавалі хвалюючыя іх пытанні. Падабраўся цікавы склад спікераў: партал працы, цэнтр занятасці насельніцтва і прадстаўнік, які з’яўляецца якасным экспертам у метадалогіі і крытэрах ІПР, што дазволіла абмеркаваць праблему з розных гледзішчаў.
У ходзе лекцыі мы абмеркавалі праблемы, якія існуюць у краінах СНД і Беларусі ў працаўладкаванні людзей з інваліднасцю.
Я падзялілася паспяховым досведам інклюзіўнага працаўладкавання ў Расіі, а таксама досведам нашай кампаніі як сайта, які палягчае дзейнасць працадаўцаў, гатовых прыняць да сябе людзей з асаблівасцямі развіцця. Таксама я распавяла аб Радзе Бізнесу па пытаннях інваліднасці, сябрамі якой мы з’яўляемся ў Расіі. Гэтая арганізацыя аб’ядноўвае працадаўцаў, што актыўна працаўладкоўваюць людзей з інваліднасцю, абменьваюцца міжнародным і расійскім досведам у гэтым кірунку, лабіруюць дадзеную практыку сярод іншых арганізацыяў.
Для чаго я прыехала ў Мінск? У ідэале мы б хацелі зрабіць філіял Рады Бізнесу па пытаннях інваліднасці на тэрыторыі Беларусі”.
АБ ТРЭНДАХ НА СУЧАСНЫМ РЫНКУ ПРАЦЫ
Прафесійная сфера інфармацыйных тэхналогіяў заваёўвае свае пазіцыі і з’яўляецца адной з тых, якія найбольш дынамічна развіваюцца. Таму, калі ў суіскальніка ёсць схільнасці да гэтых прафесіяў, то відавочныя і высокія шанцы быць запатрабаваным.
З гледзішча карпаратыўнага сегмента - барацьба за кадры толькі павялічваецца, таму калі кандыдаты з інваліднасцю праявяць цікавасць да працы і прафесійнага развіцця цяпер, то гэта дазволіць ім лягчэй уключыцца ў эканоміку нароўні з усімі астатнімі.
З развіццём інфармацыйных тэхналогіяў і недахопам персаналу ў гэтай сферы кампаніі ўсё часцей практыкуюць выдаленую працу, наймаюць супрацоўнікаў з іншых гарадоў і краінаў. Таму калі няма магчымасці быць мабільным унутры горада, то ёсць магчымасці знайсці прэстыжную і выдаленую працу ў іншым.
Аб КАМПАНІІ
“Я рэпрэзентую Head Hunter Group. Мы ўяўляем сабой інтэрнэт-пляцоўку, дзе суіскальнікі размяшчаюць рэзюмэ і шукаюць працу, а працадаўцы размяшчаюць вакансіі і знаходзяць супрацоўнікаў. Наша задача зрабіць так, каб яны адзін аднаго знайшлі як мага хутчэй і найбольш эфектыўна.
На нашых сайтах для працадаўцаў створана магчымасць маркіраваць вакансіі, прыдатныя для людзей з інваліднасцю. Усяго было зарэгістравана 340 такіх вакансіяў. 18% - у сферы “інфармацыйныя тэхналогіі”, 10% - у сферы “продажы”, 9% - у сферы “маркетынг”.
Мэта праекта - звярнуць увагу працадаўцаў на ўключанасць людзей з інваліднасцю ў соцыум і ў працоўную дзейнасць; паказаць, што яны па прафесійных якасцях не саступаюць іншым суіскальнікам. Спадзяемся, што праз некалькі гадоў усе працадаўцы па змаўчанні будуць разглядаць суіскальнікаў з інваліднасцю на любую вакансію, а тыя, у сваю чаргу, змогуць на роўных з іншымі ўдзельнічаць у рынку працы”.
ПРА АКТУАЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ
“Свет разнастайны, побач з намі жывуць людзі з інваліднасцю. На жаль, толькі малая частка з іх уключана ў працоўную дзейнасць у прыватнасці і ў грамадства ў прынцыпе. Мы практычна не бачым іх на вуліцах і на мерапрыемствах, як быццам іх і няма. Пры гэтым дзяржава ўкладвае вялікія сродкі, каб іх утрымліваць. Важна інтэграваць іх у грамадства, зрабіць іх эканамічна актыўным насельніцтвам.
У Расіі й Беларусі ёсць законы, якія рэгулююць, у прыватнасці, пытанні працаўладкавання людзей з інваліднасцю: права на працу сярод людзей з інваліднасцю; абавязкі і адказнасць наймальнікаў. Акрамя таго, існуе схема, якая прадугледжвае кампенсацыі стварэння працоўнага месца для суіскальніка з інваліднасцю, а таксама сур’ёзныя льготы для арганізацыяў, дзе больш за палову штата складаюць супрацоўнікі з інваліднасцю. У Расіі сярэдняя і буйная арганізацыі абавязаны запаўняць квоту супрацоўнікамі з інваліднасцю. На жаль, заканадаўча далёка не ўсё можна вырашыць эфектыўна.
Яшчэ шмат чаго трэба зрабіць: трэба працаваць з працоўнай матывацыяй саміх людзей з інваліднасцю, а таксама з грамадствам, якое баіцца іх бачыць і не ведае, як з імі мець зносіны.
Неабходна і забяспечыць інфраструктурную даступнасць, каб пры гатоўнасці чалавека з інваліднасцю ўключацца ў сацыяльную актыўнасць ён змог гэта зрабіць бесперашкодна, а грамадства яго пазітыўна падтрымлівала”.
АБ ІСНЫХ БАР'ЕРАХ
“Асноўная перашкода на шляху да пераадолення гэтай праблемы існуе ў галовах у соцыюму, які лічыць, што людзі з інваліднасцю асаблівыя. А яны такія ж, як усе.
Гэта праблема інфраструктурнай даступнасці.
Яшчэ адзначу праблему неўключэння людзей з інваліднасцю ў соцыум (адукацыя і эканамічная дзейнасць). Ад гэтага грамадства не ведае, што такія людзі ёсць, і як з імі ўзаемадзейнічаць. Не ведае, і, адпаведна, адасобліваецца і баіцца.
У Расіі вырашэннем гэтай праблемы займаюцца вельмі актыўна - мы назіраем істотную пазітыўную дынаміку.
Калі ў 2008 годзе на пытанне аб працаўладкаванні людзей з інваліднасцю бізнес адмоўчваўся і сыходзіў у бок, то цяпер ужо каля сотні кампаніяў наймае людзей з інваліднасцю на роўных з іншымі умовах (гаворка менавіта пра інклюзіўнае працаўладкаванне, а не пра стварэнне спецыялізаваных працоўных месцаў).
Для таго, каб змяніць стаўленне ў соцыуме да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, каб іх не ўспрымалі ненатуральна, неабходна
стварыць інфраструктуру даступнасці: маламабільным групам і групам са слабым зрокам забяспечыць неабходныя ўмовы працы, уключыць людзей, здольных навучацца, у сістэму інклюзіўнай адукацыі, а да грамадства данесці інфармацыю як мець зносіны з людзьмі з інваліднасцю ў залежнасці ад іх асаблівасцяў.
Лічу, чалавек з інваліднасцю можа не проста ўладкавацца на працу, але і адкрыць сваю справу, стаць паспяховым бізнэсмэнам. Вельмі многае залежыць ад матывацыі самога чалавека. У сярэднім чалавек марнуе тры месяцы, каб знайсці працу. А суіскальнікі з інваліднасцю больш адчувальныя да адмоваў, хоць гэта нармальны працэс у час пошуку працы. Мне вядома шмат выпадкаў, калі чалавек з інваліднасцю адкрыў сваю справу, гэта цалкам рэальна як у Расіі, так і ў Беларусі.
Акрамя належнай матывацыі, чалавек павінен думаць аб працадаўцы і яго думках, папярэджваючы страхі і засцярогі.
Калі суіскальнік, да прыкладу, са слабым слыхам, працадаўца можа баяцца, але не сказаць, чаго менавіта ён баіцца (напрыклад, не будзе разумець, як гэты супрацоўнік будзе мець зносіны з іншымі па працоўных пытаннях). Тады суіскальніку трэба, не чакаючы рашэння або пытання пра гэта, самому прагаварыць, што яго асаблівасць не створыць перашкодаў для бізнесу і растлумачыць, як ён справіцца з гэтым”.
ПРА СТАНОЎЧУЮ ДЫНАМІКУ
“Дынаміку ў пытаннях даступнасці прэстыжнай працы за апошнія некалькі гадоў у краінах СНД можна ацаніць як станоўчую. Скажу на прыкладзе Расіі: дзякуючы дзейнасці Рады Бізнесу па пытаннях інваліднасці сумесна з “РООИ “Перспектива” з 2007 года колькасць буйных кампаніяў (расійскіх і міжнародных), якія наймаюць суіскальнікаў з інваліднасцю, значна павялічылася. Калі цяпер яны наймаюць суіскальнікаў з інваліднасцю на самыя розныя, але, як правіла, пачатковыя вакансіі, то гадоў праз пяць гэтыя суіскальнікі змогуць “вырасці”. У іх цяпер шмат чаго ёсць для гэтага.
І хочацца адзначыць, напрыклад, што ў гэтым годзе сярод удзельнікаў расійскага конкурсу “Шлях да кар’еры” для выпускнікоў з інваліднасцю больш за палову валодаюць англійскай мовай на ўпэўненым узроўні. Гэта, у сваю чаргу, азначае, што хлопцы разумеюць тэндэнцыі рынку працы і становяцца больш канкурэнтаздольнымі для выбудоўвання прэстыжнай кар’еры.
Алгарытм дзеянняў інваліда, які імкнецца ўладкавацца на працу, нічым не адрозніваецца ад алгарытму звычайнага суіскальніка, і выглядае наступным чынам:
1. Чалавек павінен зразумець, чым ён можа і хоча займацца;
2. скласці кароткае рэзюмэ;
3. атрымліваць, у тым ліку самастойна (гэта адлюстроўвае мэтаскіраванасць і матывацыю), патрэбныя для гэтага веды і кваліфікацыю;
4. адгукацца на вакансіі да таго часу, пакуль не запросяць на працу;
5. пастаянна ўдасканальваць веды і навыкі;
6. важна: быць пазітыўна настроеным. Тых, хто высвятляе адносіны, канфліктуе, не любяць нідзе. Лёгкасць і пазітыўны настрой - адзін з ключоў да поспеху.
Уладкоўваючыся на працу, акцэнт варта рабіць не на інваліднасці, а на магчымасцях і жаданні выконваць цікавую працу. Праінфармаваць працадаўцу пра асаблівасці варта, бо гэта дасць магчымасць ствараць тыя ўмовы працы, пры якіх супрацоўнік з інваліднасцю будзе максімальна эфектыўны і зможа развіваць моцныя бакі”.
Першакрыніца: BEL.BIZ