17 мая стартуе ўнікальная для Беларусі падзея – Тыдзень даступнасці. Форум, мэтай якога з’яўляецца павышэнне ўвагі і ўсведамлення праблемы даступнасці для людзей з інваліднасцю, пашырэнне разумення самога паняцця Даступнасць.
“Даступнасць – гэта не толькі безбар’ернае асяроддзе і пандусы, – каментуе Сяргей Драздоўскі, каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю. – Паняцце Даступнасць значна шырэшае. Гэта эканамічная і архітэктурная даступнасць, даступнасць адукацыі і працаўладкавання, даступнасць сувязі і інфармацыі, ды многае іншае. Даступнасць ахоплівае ўсе сферы жыцця чалавека, незалежна ад таго, ці ёсць у яго інваліднасць ці не. Чалавек хоча карыстацца інтэрнэтам, падарожнічаць, мець стасункі, працаваць і ствараць матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці, забяспечваючы тым самым сабе годны лад жыцця. Ён хоча весці нармальнае паўнавартаснае жыццё. Для раскрыцця і абмеркавання розных відаў Даступнасці мы запрасілі прыняць удзел у падзеі беларускіх і міжнародных экспертаў. Важна, што гэтыя людзі не проста тэарэтыкі, якія вывучаюць праблему Даступнасці па кнігах. Гэтыя людзі – практыкі. Яны не толькі могуць распавесці, што гэта з сябе ўяўляе. Яны правядуць для нашых гасцей майстар-класы і прадэманструюць, як можна вымераць або забяспечыць некаторыя віды Даступнасці”.
Першая публічная лекцыя Тыдня Даступнасці – “Даступнасць як крытэр якасці жыцця людзей з інваліднасцю”, спікер Елена Ярская-Смірнова (Расія). На працягу 2-х гадоў Офіс па правах людзей з інваліднасцю правёў некалькі сацыялагічных даследаванняў. Асноўныя тэндэнцыі застаюцца нязменныя: не мяняецца лічба дасведчанасці грамадзян аб Канвенцыі аб правах інвалідаў; гэтак жа не мяняецца стаўленне грамадства да навучання і працаўладкавання людзей з інваліднасцю; таксама практычна не змяняецца дзяржаўная палітыка ў сферы інваліднасці. Гэта значыць, што негатыўныя трэнды захоўваюцца. Менавіта таму цяпер так важна ўздымаць і абмяркоўваць праблемы даступнасці ў грамадстве.
Другі дзень Тыдня Даступнасці будзе прысвечаны даступнасці працаўладкавання. Праблема годнага працаўладкавання – адна з найважнейшых для чалавека з інваліднасцю. Права на працу дае чалавеку магчымасць весці годны лад жыцця і адчуваць сябе паўнавартасным членам грамадства. Даследаванні паказваюць, што ўдзельная вага працуючых інвалідаў складае каля 14%. У Беларусі больш за 40% людзей з інваліднасцю, якія шукалі працу, сутыкаюцца з тым, што наймальнікі не жадаюць браць іх на працу з-за інваліднасці. Другой перашкодай на шляху да працаўладкавання з’яўляецца адсутнасць архітэктурнай даступнасці і даступнасці транспарту. І, на жаль, вялізная праблема – гэта бар’еры ў свядомасці. Па выніках даследавання, якое праводзілася Офісам па правах людзей з інваліднасцю ў 2012 годзе, 17% насельніцтва не хочуць мець ніякіх узаемаадносін з людзьмі з інваліднасцю, у тым ліку і працаваць у адным калектыве. Гэтым праблемам будзе прысвечана публічная дыскусія “Даступнасць працаўладкавання для людзей з інваліднасцю”. У дыскусіі прымуць удзел як міжнародныя эксперты (Марына Хадзіна (Расія), так і беларускія (Святлана Новікава і інш).
Пытанні архітэктурнай Даступнасці вельмі востра стаяць у нашай краіне. Маніторынгі безбар’ернага асяроддзя, якія праводзяцца грамадскімі арганізацыямі, паказваюць, што агульная даступнасць інфраструктуры не перавышае 35%, а 9 з 10 чалавек з інваліднасцю не могуць паўнавартасна карыстацца ўласным жыллём, бесперашкодна выходзіць і вяртацца дадому, што з’яўляецца наўпоставым парушэннем правоў чалавека. Забеспячэнне вулічнай інфраструктуры гукавымі сігналізатарамі адбываецца, як правіла, у месцах працаўладкавання і/або масавага пражывання людзей з парушэннямі зроку, не маючы тэндэнцыяў татальнай ўстаноўкі. У краіне не робіцца дастатковых захадаў дзеля абсталявання публічных месцаў, сэрвісаў, даступнымі для розных назалогіяў інваліднасці інфармацыйнымі матэрыяламі. Наталля Лазоўская (Беларусь) прадставіць увазе публікі лекцыю “Універсальны дызайн як сродак забеспячэння роўнасці”. Гэтым жа праблемам будзе прысвечаны практычны майстар-клас “Маніторынг безбар’ернага асяроддзя”, які правядуць Галіна Крот і Яўген Шаўко (Беларусь).
Даступнасць інфармацыі, Інтэрнэт, сувязі. Наколькі гэта актуальна ў нашы дні, разумеюць усе. Чалавек па-за інфармацыйнай прасторай губляе шматлікія складнікі сучаснай асобы і аказваецца за межамі жыцця грамадства. Аляксандр Севярын (Беларусь) правядзе практычны майстар-клас “Як зрабіць даступны сайт”.
Публічную лекцыю “Даступнасць навакольнага свету і шляхі адвакатавання заканадаўства аб даступнасці” правядзе вядомая балгарская праваабаронца і актывістка руху за незалежнае жыццё людзей з інваліднасцю, Капка Панаётава. Лекцыя будзе прысвечана таму, як ад тэорыі даступнасці перайсці да практычнага замацавання ў заканадаўстве прынцыпаў даступнасці, як абараніць свае правы ў пытаннях даступнасці.