Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Інвалід-калясачнік падаў іскавую заяву ў суд аб кампенсацыі маральнай шкоды

22/08/2012

Жыхар Бабруйска інвалід-калясачнік Сяргей Мацкевіч падаў іскавую заяву ў суд на Бабруйскае ўнітарнае камунальнае даччынае дарожна-эксплуатацыйнае прадпрыемства аб кампенсацыі маральнай шкоды.

Сяргей Мацкевіч, які з прычыны траўмы пазваночніка з 1989 года перасоўваецца па горадзе на калясцы, увечары 22 чэрвеня 2012 г. разам з жонкай ехаў у бабруйскі Лядовы палац уздоўж вуліцы Урыцкага па пешаходнай дарожцы з правага боку. З’ехаў з бардзюра на дарогу на скрыжаванні з вуліцай Лібкхнета і стаў перасякаць праезную частку па пешаходным пераходзе.

«Дайшоўшы па праезнай часткі да заканчэння пешаходнага пераходу, я выявіў бардзюрны камень вышынёй больш за пяць сантыметраў (максімум, прыняты ў будаўніцтве), што не дазволіла мне самастойна забрацца на бардзюр», - распавёў Сяргей Мацкевіч карэспандэнту Naviny.by.

Сяргей пачаў шукаць спосаб патрапіць на пешаходную дарожку і вырашыў праехаць па праезнай частцы трохі больш управа, дзе, як яму здавалася, крайка была ніжэйшай. Аднак і ў гэтым месцы вярнуцца на ходнік не атрымалася: паспрабаваўшы заехаць на бардзюр, Сяргей упаў.

«Гэта бачыла мая жонка Вольга Мацкевіч і міначка Галіна Салановіч, - распавядае ён. - Яны не маглі мяне адразу падняць, і я ляжаў на праезнай частцы сярод плыні аўтамабіляў каля трох хвілін. Потым да нас падышлі двое мужчын, якія праязджалі па гэтай дарозе на аўтамабілі, і дапамаглі мне падняцца».

У выніку Сяргей Мацкевіч атрымаў моцны стрэс, адчуваў галавакружэнне і млоснасць: «Я быў моцна напалоханы, бо падзенне адбылося на праезнай частцы дарогі, дзе быў ажыўлены рух машын, яны маглі наехаць на мяне. Яшчэ атрымаў моцны удар правага локцевага сустава і садраў скуру на руцэ».

Сяргей з жонкай паехалі ў Бабруйскую гарадскую бальніцу. З-за траўмы рукі ён не мог кіраваць каляскай, яе каціла жонка - на працягу кіламетра.

У траўмапункце аказалі першую неадкладную дапамогу, канстатавалі ўдар мяккіх тканін галавы, удар правага локцевага сустава, удар грудной клеткі справа. Нейрахірург у даведцы напісаў тое ж самае.

У пазоўнай заяве ў суд Мацкевіч адзначае, што ў адпаведнасці з законам «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы забяспечваюць інвалідам неабходныя ўмовы для свабоднага доступу да аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, жылых, грамадскіх, вытворчых будынкаў і збудаванняў і г.д. Мацкевіч падкрэслівае, што гаворка ідзе не пра яго індывідуальную праблему. У Беларусі дзейнічае Дзяржаўны стандарт СТБ 2030-2010 «Асяродак пражывання для фізічна аслабленых асобаў», які прадугледжвае, што вышыня бартавога каменя ў месцах перасячэння тратуара з праезнай часткай павінна быць не большай за 50 мм, а з’езды з тратуараў на праезную частку вуліц - пад ухілам не большым за 10%.

Пешаходны пераход, на якім адбылося падзенне, не адпавядае названым нормам, падкрэслівае Сяргей Мацкевіч: «Абслугоўванне дарог і тратуараў агульнага карыстання ў г. Бабруйску ажыццяўляе адказчык, які з’яўляецца спецыялізаванай арганізацыяй па абслугоўванні дарожнага фонду. Такім чынам, я лічу, што па віне адказчыка адбылося маё падзенне, у выніку чаго мне прычыненыя фізічныя і маральныя пакуты».

У пазоўнай заяве Мацкевіч просіць спагнаць з Бабруйскага ўнітарнага камунальнага даччынага дарожна-эксплуатацыйнага прадпрыемства ў якасці матэрыяльнага пакрыцця маральнай шкоды 10 млн. рублёў.

Сяргей Драздоўскі, каардынатар «Офіса па правах людзей з інваліднасцю», які кансультаваў Мацкевіча, пракаментаваў сітуацыю так: «Інваліды з-за непрыстасаванасці гарадской інфраструктуры для перамяшчэння ў калясцы падаюць часта. Думаю, кожны чалавек на калясцы хоць раз у жыцці перакуліўся ў момант, калі не мог пераадолець перашкоду. Людзі часцей за ўсё не вераць, што вінаватыя будуць пакараныя. Калі яны звяртаюцца да забудоўшчыкаў, у эксплутацыйныя арганізацыі, тыя дэманструюць пачуццё поўнай беспакаранасці, прапануюць скардзіцца куды заўгодна. Такім чынам, суд - адзінае, што застаецца ў такой сітуацыі».

Аднак досвед судовай цяжбы самога Драздоўскага паказвае, што і ў судзе зусім не абавязкова прымуць бок пацярпелага.

Сяргей Драздоўскі і старшыня Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Патапенка (абодва перасоўваюцца на калясках) не змаглі патрапіць 12 сакавіка 2009 г. у Вялікі акадэмічны тэатр оперы і балета з прычыны відавочных парушэнняў нормаў будаўніцтва. Спроба ж растлумачыць сітуацыю ў адміністрацыі скончылася канфліктам. Работнік аховы, перакрыўшы шлях, не дазволіў праехаць нават у фае службовага пад’езда. Драздоўскі падаў пазоў у суд на дзеянне ахоўніка тэатра, палічыўшы іх дыскрымінацыяй. Суд прайграў.

Пра справу Мацкевіча Драздоўскі кажа, што яна зусім іншая: «Суд не зразумеў, чаму мы гаворым аб дыскрымінацыі, калі мы тады толькі памерзлі на вуліцы. У выпадку ж Сяргея Мацкевіча ёсць наўпроставая сувязь паміж парушэннем заканадаўства, якое будзе даказваць Сяргей, і шкодай, нанесенай яму. Як можна адмахнуцца ад зафіксаваных пашкоджанняў, не ўяўляю. Офіс спадзяецца, што на гэты раз не атрымаецца заплюшчыць вочы на ​​відавочнае. Урэшце, людзі, якія будуюць з парушэннем заканадаўства, павінны зразумець, што немагчыма так рабіць бясконца беспакарана. Тым больш што выпадкі, калі выстройваюцца бардзюры, якія адпавядаюць нормам, ёсць».

Сяргей Мацкевіч спадзяецца прыцягнуць увагу да праблемы безбар’ернага асяроддзя ў Бабруйску і краіне ў цэлым: «Я разумею, што Бабруйскае ўнітарнае камунальнае даччынае дарожна-эксплуатацыйнае прадпрыемства з’яўляецца толькі выканаўцам. Аднак калі ўдасца выйграць, іншыя калясачнікі змогуць быць смялейшымі ў тым, каб дамагацца вырашэння праблемы безбар’ернага асяроддзя».

Афіцыйнага каментара ў адказчыка атрымаць не ўдалося. Неафіцыйна ж карэспандэнту Naviny.by далі зразумець, што калі прадпрыемства атрымлівае ад якіх-небудзь арганізацый лісты, узгодненыя з Бабруйскім гарвыканкамам, аб паніжэнні таго ці іншага бардзюра, то заўсёды ідзе насустрач. Але паколькі арганізацыя на 80% фінансуецца з бюджэту, то сама яна не прымае рашэнне аб паніжэнні бардзюраў, якія ўжо доўгія гады знаходзяцца на балансе прадпрыемства, бо на гэта патрэбныя сродкі.

Так ці інакш, сітуацыя ў Бабруйску адлюстроўвае агрэхі ў стварэнні безбар’ернага асяроддзя ў краіне ў цэлым.

Нагадаем, у траўні інваліды-калясачнікі правялі ў Мінску мітынг і заклікалі Аляксандра Лукашэнку забяспечыць іх канстытуцыйныя правы. Як гаварылася ў прынятым на акцыі звароце да кіраўніка дзяржавы, у адносінах да інвалідаў, якія перасоўваюцца на калясках або прыкаваных да ложка, у Беларусі парушаюцца альбо не выконваюцца шэраг артыкулаў Канстытуцыі, у прыватнасці, якія гарантуюць годнае жыццё, свабоду перамяшчэння, права на годнае сацыяльнае забеспячэнне.

У звароце таксама падкрэслівалася, што актуальнай праблемай для інвалідаў-калясачнікаў з’яўляецца недаступнасць гарадской інфраструктуры і адсутнасць у шматкватэрных жылых дамах безбар’ернага асяроддзя - наяўнасць высокіх бардзюраў, парогаў і адсутнасць пандусаў. Пры гэтым, паводле розных падлікаў, у Беларусі ад 20 да 22 тысячаў чалавек перасоўваюцца на інвалідных калясках.

Інваліды-калясачнікі патрабавалі «даручыць адпаведным органам прывесці нормы тэхнічнага прававога акта «Жылыя будынкі» ў адпаведнасць з нормамі закона «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў» і Канстытуцыі».

Адзінае здаволенае патрабаванне: інвалідаў 1-2-й групаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата на машынах са знакамі «Інвалід» ўключылі ў пералік фізічных асобаў, якія прапускаюцца па-за чаргой пры праходжанні пагранічнага кантролю.

Вяртаючыся да пазову Мацкевіча, адзначым, што судовае паседжанне прызначанае на 14 жніўня. Мацкевіч кажа, што калі атрымаецца выйграць, то атрыманыя ў якасці кампенсацыі грошы ён плануе перадаць для арганізацыі пандусаў у дамах, дзе жывуць калясачнікі.

«Людзі не могуць выйсці з дому з-за адсутнасці пандусаў, бо распаўсюджанай практыкай з’яўляецца, калі ўлады горада на просьбы зрабіць у пад’ездзе пандус, заяўляюць, што ў гарадскім бюджэце няма для гэтага сродкаў», - сказаў Сяргей Мацкевіч.
http://naviny.by/rubrics/society/2012/08/09/ic_articles_116_178782/