26 лютага ў рамках інфармацыйнай кампаніі «Даступнасць» Офіс па правах людзей з інваліднасцю правёў круглы стол з экспертам «Еўрапейскай сеткі незалежнага жыцця» Джэмі Болінг. Мадэратарам круглага стала быў каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.
Джэмі распавяла пра ўласны досвед сацыялізацыі ў грамадстве пасля аварыі. Ад этапу рэабілітацыі да таго, як стала экспертам ENIL. Яна пазначыла асаблівасці дзяржаўнай палітыкі трох краін: Швецыі, Швейцарыі і ЗША, грамадзянкай якіх яна з'яўляецца, паводле адносінаў да людзей, якія маюць інваліднасць. Як эксперт «Еўрапейскай сеткі незалежнага жыцця» прапанавала варыянты паляпшэння сітуацыі з «даступнасцю» ў Беларусі. Адным з галоўных ключоў вырашэння праблемы, на яе думку, можа стаць ўвядзенне новага інстытуту - «асабісты памочнік».
Досвед такой прафесіі масава выкарыстоўваецца ў Швецыі, дзе пражывае Джэмі Болінг. Дзякуючы асабістым памочнікам чалавек з інваліднасцю можа прысутнічаць у соцыуме на роўных з астатнімі. Па меры неабходнасці асабісты памочнік знаходзіцца на працоўным месцы да 24 гадзінаў у суткі. Аплачваюцца такія працаўнікі з дзяржаўнага бюджэту, аднак іх наяўнасць гарантуе выплату падаткаў у поўнай меры і скарачэнне беспрацоўя. Асабістым памочнікам можа стаць адзін са сваякоў, калі ён не з'яўляецца апекуном. Дзякуючы такой сістэме ў Швецыі людзі з абмежаванымі магчымасцямі не проста сталі «бачныя», але і актыўна прысутнічаюць у жыцці краіны, працуюць на яе і свой дабрабыт.
У Рэспубліцы Беларусь праблема з «даступнасцю» стаіць дастаткова востра. Пытанні ад бацькоў дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў асноўным тычыліся ізаляванасці, непрыняцця ў навучальных установах іх дзяцей. Джэмі распавядала пра досвед медыйнай палітыкі яе краіны, у якой на экранах тэлевізараў паказваюць мультфільмы і экранізоўваюць коміксы, дзе адным з герояў з'яўляецца дзіця ў інваліднай калясцы. А для больш дарослай мэтавай аўдыторыі ёсць перадачы пра падарожжы і экстрэмальны адпачынак, у якіх здымаюцца людзі з разнастайнымі відамі інваліднасці. Гэтыя і многія іншыя праекты закліканы падымаць самаацэнку людзей, якія апынуліся ў такіх умовах, а таксама пазначыць іх месца ў грамадстве на роўных з астатнімі. Акрамя таго ініцыятарамі адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі з'яўляюцца і буйныя камерцыйныя кампаніі. Напрыклад, сетка McDonalds у Швецыі пераважна бярэ на працу людзей з інваліднасцю.
Нагадваем, што Офіс па правах людзей з інваліднасцю праводзіць інфармацыйную кампанію «Даступнасць». Паняцце даступнасць ахоплівае ўсе сферы жыцця. Яно ўключае ў сябе архітэктурную даступнасць, даступнасць паслуг, сэрвісаў, інфармацыі, даступнасць адукацыі і працаўладкавання. Гэта і многае іншае забяспечвае людзям з інваліднасцю іх права весці паўнавартаснае незалежнае жыццё і быць уключанымі ў жыццё грамадства. Для забеспячэння поўнага ўключэння неабходна даступнае, свабоднае ад бар'ераў фізічнае і сацыяльнае асяроддзе. Слоган інфармацыйнай кампаніі «Даступнасць»: Кожнае грамадства моцнае настолькі, наколькі моцныя ўсе яго члены.