Другі год запар Беларусь будзе ўдзельнічаць у Сусветным тыдні прадпрымальніцтва, які пройдзе з 12 па 18 лістапада. Арганізатарам і натхняльнікам правядзення гэтага мерапрыемства з'яўляецца Беларускі дзелавы партал BEL.BIZ.
«У галоўным мерапрыемстве тыдня, Міжнародным форуме прадпрымальніцтва, прымуць удзел больш за 200 беларускіх і замежных кампаніяў і інвестараў, а таксама каля 20 замежных спікераў. Маладыя прадпрымальнікі, якія маюць бізнэс-ідэі і гатовыя праекты, змогуць сустрэцца з міжнароднымі ментарамі і экспертамі з Сіліконавай даліны», - паведамляе кіраўнік Цэнтра дзелавых камунікацый БЕЛБІЗ Таццяна Марыніч.
Праграма Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва (GlobalEntrepreneurshipWeek) у Беларусі разлічана на пяць дзён і будзе ўключаць у сябе:
· II Міжнародны форум прадпрымальніцтва,
· ICT-Канферэнцыю сумесна з Міжнароднай фінансавай карпарацыяй,
· Start-upДзень сумесна з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь,
· А таксама конкурсы, трэнінгі, майстар-класы, прэзентацыі і дыскусіі.
Мэта ўсіх мерапрыемстваў Тыдня - пошук і прасоўванне новых бізнэс-ідэй у Беларусі, усталяванне дзелавых кантактаў, пошук інвестараў для рэалізацыі бізнес-планаў маладых прадпрымальнікаў, уцягванне Беларусі ў міжнародныя прадпрымальніцкія праекты, а таксама развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
Спікерамі і мадэратарамі мерапрыемстваў у рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Мінску стануць паспяховыя бізнесмены з сусветнымі імёнамі, эксперты ў сферы пачатку і развіцця бізнесу з Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі, Венгрыі, ЗША, Турцыі, Індыі, Малайзіі і іншых краін.
Офіс па правах людзей з інваліднасцю з'яўляецца Партнёрам Міжнароднага тыдня прадпрымальніцтва. «Мы хочам паказаць удзельнікам мерапрыемства, а ў іх асобе ўсёй бізнес-супольнасці Беларусі, што людзі з інваліднасцю - гэта паўнавартасныя работнікі: юрысты, бухгалтары, спецыялісты па продажах... Запрашаючы іх на працу, наймальнік набывае супрацоўніка, а не праблемы, звязаныя з яго працаўладкаваннем, як лічаць многія. - Пракаментаваў сітуацыю каардынатар Офіса Сяргей Драздоўскі. - З іншага боку, людзі з інваліднасцю самі могуць быць уласнікамі бізнесу. Прыклады таго, цалкам паспяховыя, ёсць". Офіс па правах людзей з інваліднасцю запрашае людзей з інваліднасцю, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, прыняць удзел у мерапрыемстве. Гэта дасць ім магчымасць ацаніць прапановы і магчымасці, якія будуць дэманстравацца падчас Тыдня, пазнаёміцца з новымі партнёрамі і паказаць свае вынікі. «Падчас Міжнароднага тыдня прадпрымальніцтва пройдзе шмат цікавых і карысных прэзентацый, трэнінгаў, дыскусій, конкурсаў, - адзначыў С.Драздоўскі. - Мы вельмі рэкамендуем людзям з інваліднасцю не проста наведаць Тыдзень, але і прымаць актыўны ўдзел ва ўсіх прапанаваных мерапрыемствах».
Даведка аб Сусветным тыдні прадпрымальніцтва:
Мерапрыемства праводзіцца ў свеце з 2006 года. Стартавала яно ў Вялікабрытаніі дзякуючы дапамозе былога прэм'ер-міністра гэтай краіны Гордана Браўна. У Сусветным тыдні прадпрымальніцтва прымаюць удзел прэзідэнты і прэм'ер-міністры з усіх кантынентаў, уключаючы прэзідэнта ЗША Барака Абаму, прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Дэвіда Кэмерана, прэм'ер-міністра Ізраіля Бенджаміна Нетаньягу, прэзідэнта Партугаліі Анібала Каваку Сільва, прэм'ер-міністра Канады Стывена Харпера, прэзідэнта Ганы Джона Атала Мілза, і іншыя афіцыйныя асобы. З 2007 Тыдзень праводзіцца ў ЗША, дзе арганізатарам выступае Kauffman Foundation. З 2008 года акцыя набыла міжнародны характар. Глабальны партнёр Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва: Junior Achievement Worldwide - міжнародная садружнасць некамерцыйных адукацыйных арганізацый, якая штогод навучае асновам эканомікі, прадпрымальніцтва і фінансавай пісьменнасці звыш 9.8 млн маладых людзей у 120 краінах. З 2008 акцыя праводзіцца таксама і ў Расіі. Колькасць удзельнікаў расійскіх праграмаў у 2010-2011 гадах перавысіла 1 мільён чалавек. Мерапрыемствы Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Расіі арганізуюцца пры садзейнічанні Міністэрства адукацыі і навукі, Міністэрства эканамічнага развіцця, Міністэрства спорту, турызму і моладзевай палітыкі, Федэральнага агенцтва па справах моладзі, пры падтрымцы Гандлёва-прамысловай палаты Расіі, Грамадскай палаты Расіі, Агульнарасійскай грамадскай арганізацыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва «Апора Расіі», у супрацоўніцтве з партнёрскімі арганізацыямі, якія прадстаўляюць бізнэс і адукацыю.
Беларусь далучылася да правядзення Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў 2011 годзе, і тады ў гэтай ініцыятыве прыняла ўдзел рэкордная колькасць краін - 123. Справаздачу аб правядзенні Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі ў 2011 г. можна паглядзець тут.
У 2012 годзе Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва другі раз праходзіць у Беларусі. Каардынатарам Тыдня ў нашай краіне выступае Цэнтр дзелавых камунікацый BEL.BIZ. Падрабязнасці па спасылцы http://week.bel.biz/page/o_nedele.