Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Нашы дзеці: разам мы можам усё (ВІДЭА)

12/06/2012

Прайшла прэзентацыя дакументальнага фільма «Разам», знятага па ініцыятыве Офіса па правах людзей з інваліднасцю. У кадры - звычайная з першага погляду мінская школа, яе вучні, педагогі, бацькі. Аднак звычайнай яе назваць нельга. На базе школы створаны інтэграваныя класы, у якіх разам навучаюцца дзеці з інваліднасцю і без. Менавіта тэма інтэграванага навучання, што так востра стаіць у нашым грамадстве, легла ў аснову фільма і з’явілася прадметам дыскусіі падчас прэзентацыі.

Перад прысутнымі выступіла намеснік дырэктара па пытаннях інтэграцыі сярэдняй школы № 25 Таццяна Бандарэнка: «Інтэграванае навучанне ўкаранёна пакуль толькі на базе малодшых класаў. Мы пастараліся стварыць усе ўмовы для вучобы і карэкцыйных заняткаў для дзяцей з інваліднасцю. І мы бачым, што наша праца дае вынікі. Нават тыя дзеці, якія элементарна не могуць, з-за захворвання, трымаць асадку ў руках, пачынаюць пісаць... Яны лепяць з гліны, займаюцца ў лега-кабінеце. Але самае галоўнае - яны маюць стасункі з аднагодкамі». «Маё дзіця будзе жыць у свеце, дзе кожны дзень будзе сутыкацца са звычайнымі людзьмі, - падхоплівае размову мама вучня з інваліднасцю Алена Звярко. - Ён павінен умець размаўляць з імі, быць сацыяльна адаптаваным і адэкватна сябе паводзіць. Калі прызначыць яго ў спецыяльную ўстанову, дзе вакол толькі інваліды, хіба навучыцца ён ўсяго гэтага? Менавіта таму я абрала для свайго сына звычайную школу. І маё дзіця ідзе туды з задавальненнем. Ён хоча вучыцца і быць сярод сяброў і педагогаў».

У дыскусію ўступіла вядучы інспектар упраўлення спецыяльнай адукацыі міністэрства адукацыі Вікторыя Троніч: «У сістэме спецыяльнай адукацыі нашай краіны яшчэ не ўсё гладка. Аднак ёсць найважнейшая дасягненне - у бацькоў і дзяцей з’явіўся выбар, якую форму навучання абраць: надомную, спецыяльны інтэрнат, звычайную школу. Бацькі самі вырашаюць што больш патрэбна для іх дзіцяці».

Бацькі дзяцей з інваліднасцю вітаюць  з’яўленне такога выбару - такое было агульнае меркаванне тых, хто сабраўся. Аднак ёсць праблема ў грамадстве - яно маральна не гатова да прыняцця такой сітуацыі, дзе за адной партай сядзяць вучні з асаблівасцямі і без. Бацькі здаровых дзяцей часта выступаюць супраць такога навучання, не разумеючы, што яны наносяць такім чынам шкоду і маральнаму абліччу ўласнага дзіцяці, выхоўваючы яго на дзікіх і састарэлых поглядах, што месца чалавека з інваліднасцю за зачыненымі дзвярыма спецыяльных інтэрнатаў.

Кранальная гісторыя сяброўства хлопчыка з інваліднасцю Елісея і яго сяброўкі Арыны надае фільму вобраз сапраўднага мастацкага твора, у якім эмоцыі гэтак жа важныя, як і факты дакументалістыкі. Кожнае дзiця мае права і хоча быць шчаслівым. Незалежна ад сваіх фізічных або разумовых асаблівасцяў. Наша грамадства павінна нарэшце зразумець гэта і прыняць. І прыбраць бар’еры перш за ўсё ў сваёй свядомасці.