5 ліпеня ў Мінску прайшла канферэнцыя Нацыянальнай платформы Беларусі.
У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 100 прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі, прафсаюзных арганізацыяў, беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, а таксама прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі, амбасадаў і замежных арганізацыяў.
Офіс па правах людзей з інваліднасцю рэпрэзентаваў каардынатар праекту Сяргей Драздоўскі.
Галоўнай задачай канферэнцыі было выпрацаваць спіс, рэкамендаваны для ўдзелу ў трэцім Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Познані. У гэтым годзе для ўдзелу ў Форуме заяўкі падалі 78 арганізацыяў: грамадскія аб`яднанні, грамадзянскія ініцыятывы, а таксама Саюз пісьменнікаў Беларусі, Беларускі саюз журналістаў, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, шэраг галіновых прафсаюзаў. У ходзе галасавання для ўдзелу ў Форуме быў складзены спіс з 31 арганізацыі. У яго ўвайшлі як незалежныя грамадскія арганізацыі, так і афіцыйныя прафсаюзы. Офіс па правах людзей з інваліднасцю таксама ўвайшоў у гэты спіс.
Нагадваем, што Форум у Познані адбудзецца 28-30 лістапада 2011 года і стане трэцім штогадовым мерапрыемствам у рамках грамадзянскага складніку праграмы Еўрасаюза "Усходняе партнёрства". Падрабязнасці на сайце http://eurobelarus.info/