У перыяд з 19 па 22 ліпеня Нацыянальны аэрапорт «Мінск-2» праводзіў навучанне свайго персаналу па суправаджэнні інвалідаў-калясачнікаў ў аэрапорце да і пасля палёту. Трэнерамі сталі прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў і аб`яднанняў у сферы інваліднасці: Сяргей Драздоўскі (Офіс па правах людзей з інваліднасцю), Іна Дзігілевіч (ГА "Рэспубліканская Асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў»), Алег Гладкі (рэабілітацыйны цэнтр «Эліёс» пры Доме міласэрнасці).
Тэма навучання - актуальная і важная для кожнага, хто паводле роду сваёй дзейнасці сутыкаецца з суправаджэннем ці транспарціроўкай інваліда-калясачніка: метады бяспечнага перамяшчэння, суправаджэння і страхоўкі, як для спецыяліста па суправаджэнні, так і для інваліда-калясачніка падчас пасадкі ў самалёт.
Сітуацыю пракаментаваў Сяргей Драздоўскі, каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю: «Выдатна, што тэма даступнасці і безбар`ернага асяроддзя так выразна стала гучаць у нашым грамадстве. Такія трэнінгі дапамогуць людзям зразумець, наколькі важна не толькі забяспечыць доступ інваліду-калясачніку ў самалёт, але і зрабіць гэта пісьменна і максімальна камфортна як для самога чалавека з інваліднасцю, так і для спецыяліста, што яго суправаджае. Вельмі важна, каб ініцыятыву гэтага трэнінгу падхапілі і іншыя арганізацыі, адказныя за перамяшчэнне людзей. Бо трэба разумець, што ў інваліда- калясачніка ёсць такое ж права карыстацца любым грамадскім транспартам, як і ў астатніх».
Іна Дзігілевіч, каардынатар праектаў: «На падставе існага міжнароднага досведу Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў распрацавала методыку дзеля навучання спецыялістаў для суправаджэння людзей з інваліднасцю. Мы маем дастатковую колькасць прафесійных трэнераў для арганізацыі падобнага навучання на ўсіх відах транспарту: на чыгуначным, аўтамабільным і г.д. Мы гатовыя супрацоўнічаць у гэтым пытанні з усімі зацікаўленымі структурамі».
У пытаннях арганізацыі трэнінгаў можна звяртацца да Іны Дзігілевіч праз тэлефон 375 29109 17 69.