Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Офіс па правах людзей з інваліднасцю правёў даследаванне па выяўленні некаторых аспектаў адносінаў да людзей з інваліднасцю ў Рэспубліцы Беларусь

05/05/2012

У перыяд з верасня 2011 па сакавік 2012 года па ініцыятыве Офіса па правах людзей з інваліднасцю ў Рэспубліцы Беларусь было праведзена даследаванне па выяўленні некаторых аспектаў адносінаў да людзей з інваліднасцю ў нашай краіне. 

Выканаўцамі даследавання выступілі Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі (ЦЕТ). Метады даследавання — нацыянальнае апытанне (выканаўца НІСЭПД) і фокус-групы (ЦЕТ).
 
Сітуацыю каментуе каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі: «Праведзеныя даследаванні выявілі і пацвердзілі шэраг праблемных пытанняў, якія раней фіксаваліся ў аналітычных экспертных матэрыялах, публічных выступах арганізацыяў людзей з інваліднасцю аб становішчы людзей з інваліднасцю ў сферах працы і адукацыі, якасці забеспячэння іх правоў. Вынікі даследаванняў дазваляюць сцвярджаць аб тым, што ў грамадскай свядомасці беларусаў пераважае архаічны дабрачынны погляд на інваліднасць; дамінуе маса ўстойлівых негатыўных стэрэатыпаў як у адносінах да людзей з інваліднасцю, так і ўнутры розных сацыяльных групаў (толькі крыху больш за 30% рэспандэнтаў пры іншых роўных умовах аддалі б перавагу таму, каб аддаць сваё дзіця ў клас з сумесным навучаннем). Такая сітуацыя, разам з наяўнасцю бар’ераў фізічнага асяроддзя, — непераадольнага характару для цэлых супольнасцяў людзей з інваліднасцю, — стварае глебу для фармавання дадатковых бар’ераў у выглядзе дыскрымінацыі адносна ўключэння людзей з інваліднасцю ў жыццё грамадства, магчымасці незалежнага пражывання (толькі 23% насельніцтва краіны лічаць правільным стварэнне роўных умоваў для людзей з інваліднасцю, якія дазволілі б ім працаваць і самастойна весці паўнавартаснае незалежнае жыццё). Даследаванні выявілі значныя пытанні адносна эфектыўнасці і адэкватнасці дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да людзей з інваліднасцю, невыразных дзяржаўных прыярытэтаў у дачыненні да правоў людзей з інваліднасцю, з улікам бягучага працэсу далучэння Рэспублікі Беларусь да Канвенцыі аб правах інвалідаў (ААН, 2006). Офіс па правах людзей з інваліднасцю лічыць, што вынікі даследаванняў могуць дазволіць аптымізаваць фармаванне прыярытэтаў у вырашэнні праблемаў інваліднасці як дзяржаўным органам кіравання, так і арганізацыям грамадзянскай супольнасці і бізнесу».
 
У прымацаваных дакументах Вы можаце азнаёміцца ​​з якаснымі і колькаснымі паказнікамі даследаванняў. Запрашаем прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, дзяржаўных і грамадскіх арганізацыяў да дыскусіі па пытаннях даследавання.