Размер шрифта

  • Decrease
  • Normal
  • Increase
Горячая линия офиса
+375 (25) 999-87-95

 

Правілы правядзення конкурсу эсэ "Я і Канвенцыя аб правах інвалідаў"

10/12/2013

Асветніцкая праваабарончая ўстанова “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” абвяшчае конкурс эсэ і навуковых артыкулаў. Дзейнасць Офіса скіраваная на тое, каб змяніць наша грамадства, зрабіць яго свабодным ад бар’ераў і забабонаў. Перабудаваць яго такім чынам, каб людзі з інваліднасцю сталі раўнапраўнымі яго членамі, уключанымі ва ўсе сферы жыцця. Офіс абараняе правы людзей з інваліднасцю і прасоўвае разуменне інваліднасці як праблемы захавання правоў чалавека. У сваёй дзейнасці мы абапіраемся на каштоўнасці і палажэнні Канвенцыі аб правах інвалідаў.

Мэтай Конкурсу з’яўляецца пашырэнне ведаў аб праблематыцы правоў людзей з інваліднасцю ў Беларусі, прасоўванне каштоўнасцяў Канвенцыі аб правах інвалідаў, развіццё экспертнага патэнцыялу ў сферы правоў людзей з інваліднасцю. Гэты Конкурс стаў традыцыйным – праводзіцца ён ужо ў трэці раз.

Тэма Конкурсу “Я і Канвенцыя аб правах інвалідаў”

Канвенцыя аб правах інвалідаў, будучы дагаворным дакументам па правах чалавека, грунтуецца на чалавекацэнтраваным падыходзе. Гэты падыход грунтуецца на прынцыпе персанальнай уключанасці чалавека на ўсіх узроўнях праваадносінаў, пачынаючы з узроўню ўзаемадзеяння непасрэдна чалавека і асяроддзя ў розных сферах: занятасць, адукацыя, сацыяльная абарона і ахова здароўя, спорт і культура. Таму прыярытэтам эсэ будзе погляд на перспектыву пазітыўных змяненняў дзякуючы Канвенцыі з пазіцый чалавека, яго канкрэтных патрэбаў, ладу жыцця.

Змястоўныя патрабаванні да конкурсных працаў

Конкурсная праца павінна быць прадстаўлена ў выглядзе лагічна скончанай працы. Праца павінна ўтрымліваць творчы падыход і асабістае меркаванне аўтара, грунтавацца на аб’ектыўным інфарматыўным адлюстраванні прадмета, з выкарыстаннем аналізу. Прыярытэтамі пры ацэнцы будуць карыстацца працы, пабудаваныя на крыніцах права, сацыяльных і прававых навук, якія маюць апісальныя складнікі, параўнальна- аналітычныя і наступныя высновы і прапановы. Вітаецца шырокае выкарыстанне пры падрыхтоўцы працаў публічных крыніцаў інфармацыі аб прадмеце як беларускага, так і замежнага паходжання. Журы будзе аддаваць перавагу працам, якія выкарыстоўваюць навуковыя падыходы аналізу, свабоду ад стэрэатыпных поглядаў на праблему, а таксама неангажаванасць у залежнасці ад палітычных і ідэалагічных плыняў, самастойнасць разважанняў.

Тэхнічныя патрабаванні да конкурсных працаў:

Аб’ём – не больш за 5 старонак (Times New Roman 12 кегль). Крыніцы, якія выкарыстоўваюцца ў працы, належным чынам аформлены ў выглядзе спасылак і спісу выкарыстаных крыніцаў. Праца змяшчае назву, тэкст, анкету аўтара. Дапускаюцца да разгляду журы працы, дасланыя ў тэрмін да 1 лютага 2014 года.

Дасланыя працы не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца аўтарам.

Журы конкурсу эсэ

Журы працуе ў два этапы: спачатку складае short-list , затым – калегіяльна выбірае пераможцу.

Пераможцу Конкурсу чакае ўзнагарода.

Аўтарскае права

Дасылаючы працы на конкурс, вы пагаджаецеся з тым, што гэтыя матэрыялы могуць быць выкарыстаны арганізатарамі з мэтай прасоўвання ідэяў роўнасці і заахвочвання правоў людзей з інваліднасцю ў СМІ (як электронных, так і друкаваных), паліграфічнай прадукцыі. Арганізатары гарантуюць, што выкарыстанне матэрыялаў не цягне за сабой камерцыйнай выгады. Выкарыстанне матэрыялаў ажыццяўляецца з указаннем поўнага імя аўтара і на бязвыплатнай аснове.

Рэгістрацыя ўдзельнікаў

У конкурсе могуць удзельнічаць работы з Беларусі.

Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца прэтэндэнты, якія даслалі конкурсныя працы і карэктна запоўненую анкету ўдзельніка да 1 лютага 2014 па адрасе электроннай пошты info@disright.org з назвай “Конкурс”. Рашэнне журы будзе прынята да 28 лютага 2014 года.

Анкету ўдзельніка конкурсу Вы можаце спампаваць тут.