27 лістапада ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная Міжнароднаму дню інвалідаў. Спікерамі мерапрыемства выступілі прадстаўнікі міністэрстваў, ведамстваў і грамадскіх арганізацый, якія курыруюць сферу інваліднасці ў Рэспубліцы Беларусь: Ражанец А.А. (Міністэрства працы і сацыяльнай абароны), Змушко А.М. (Міністэрства адукацыі), Жудзіна Т.І. (ААТ «Інкатэх»), Ляшчынская Т.М. (РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі), Чуткова І.А (намеснік прадстаўніка Дзіцячага фонду ГА (ЮНІСЕФ), Драздоўскі С.Я. (Офіс па правах людзей з інваліднасцю).
Традыцыйна, беларускія міністэрствы і ведамствы далі прысутным справаздачу аб праведзенай за год працы ў сферы вырашэння праблем інваліднасці. У прыватнасці, начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ражанец А.А. сказаў: «Людзі з інваліднасцю заслугоўваюць не спагады, а, перш за ўсё, забеспячэння іх правоў на годнае жыццё, працу і адпачынак. Інваліды ўяўляюць асаблівую групу ў структуры насельніцтва краіны. На сёння ў Беларусі жыве 519.000 інвалідаў, у тым ліку 25 тысяч дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў». На мерапрыемстве было таксама ўзнята пытанне безбар'ернага асяроддзя: «На выкананне Дзяржаўнай праграмы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб у 2011 годзе і ў першым паўгоддзі 2012 накіраванае ўсяго 19,6 млрд. рублёў. Але стварэнне безбар'ернага асяроддзя - гэта не толькі будаўніцтва ў адпаведнасці з будаўнічымі нормамі. Не аднымі пандусамі неабходна забяспечваць даступнасць. Бар'ераў вельмі шмат, яны быццам бы рассыпаны па шляху інваліда амаль ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Ну і, вядома, гатоўнасць самога грамадства прыняць у сваё асяроддзе людзей з абмежаваннямі жыццядзейнасці, роўна, як і жаданне гэтай катэгорыі грамадзян інтэгравацца ў грамадства», - падсумаваў пан Ражанец.
Статыстычныя звесткі, прыведзеныя падчас прэс-канферэнцыі ў ходзе выступаў спікераў, знаходзяцца, па словах прадстаўнікоў міністэрстваў, на сайтах гэтых арганізацый.
Перад прысутнымі выступіў каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі: «Сёння прагучала шмат вялікіх лічбаў і справаздачаў аб мерах, якія прымаюцца ў нашай краіне для паляпшэння жыцця людзей з інваліднасцю. Аднак важна яшчэ разумець, наколькі якасная тая праца, якая праводзіцца ў гэтай сферы. Па выніках сацыялагічнага даследавання, якое мы правялі восенню гэтага года, толькі 5% насельніцтва краіны лічаць, што людзям з інваліднасцю аказваецца дапамога на належным узроўні. Што тычыцца даступнасці: будынак, у якім мы сёння знаходзімся, зусім не адпавядае нормам безбар'ернага асяроддзя. Калі мы пойдзем далей - пешаходны пераход, стаянка, бальніца, крама і кафэ - яны абсалютна не прыстасаваны для людзей з інваліднасцю. Адносна медыцыны: менш за 10% людзей з інваліднасцю ведае, што такое праграма рэабілітацыі. Што тычыцца працаўладкавання: выдадзена 44.000 накіраванняў на працаўладкаванне, з іх звярнулася толькі 6 тысяч чалавек. Адкуль мы вага гэта ведаем? Ды мы сутыкаемся з падобнымі рэчамі штодня, працуем над гэтым. І для гэтага нам не трэба 3 снежня. І самае важнае, што можна адзначыць у сённяшніх дакладах, - ва ўсёй рабоце, якуая праводзіцца, няма самога чалавека з інваліднасцю, яго ўдзелу, яго прысутнасці хаця б. На жаль, у такой сітуацыі ўсе міністэрствы могуць працягваць сваю працу, асвойваць бюджэты, але нічога не будзе мяняцца. Толькі падпісанне нашай краінай Канвенцыі аб правах інвалідаў можа зрушыць сітуацыю з мёртвай кропкі. Прыняцце Канвенцыі - гэта, перш за ўсё, павага да людзей з інваліднасцю, а значыць паказчык развітасці краіны і грамадства".
Нагадваем, што 3 снежня Генеральнай Асамблеяй ААН у 1992 годзе абвешчаны Міжнародным днём інвалідаў. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ў нашай краіне гэты дзень абвешчаны Днём інвалідаў Рэспублікі Беларусь.